http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=100406

Невель, Пскоўская вобласьць

19.01.2009

Невель знаходзіцца ў Пскоўскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі прыкладна 35 км ад беларускай мяжы й быў канчаткова далучаны да Расейскай Імпэрыі ў 1772 годзе.

Што ўяўляла раней і што ўяўляе сабою цяпер гэтае памежнае мястэчка?

Кантравэрсійную інфармацыю можна прачытаць на расейскіх старонках, прысьвечаных гэтаму старажытнаму ліцьвінскаму месту. Вось хаця б www.nevel.su: „І хоць амаль не захавалася тутака помнікаў мінуўшчыны, варта памятаць пра подзьвіг нашых мужных продкаў, заснаваўшых тут крэпасьць Рускай Дзяржавы у XІІ стагодзьдзі”. Пра якую дакладна “рускую дзяржаву” ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Пасьля чаго ідзе рэзкі пераскок да “збавеннага” XVІІІ стагодзьдзя. Што адбывалася VІ стагодзьдзяў паміж – не напісана.

Вось яшчэ адзін гістарычны опус са старонкі www.nevel.info: „Знаходзячыся на мяжы зь Літвой, Невель часьцяком пакутаваў ад спусташальных наездаў палякаў ці расейцаў, пераходзячы ва ўладаньні альбо адных, альбо другіх. У XVІІІ стагодзьдзі жыхары моцна пацярпелі ад увядзеньня Уніі.” Якой Уніі – не ўдакладняецца. Нешта ня верыцца ў цярпеньне жыхароў далучаных пасьля першага падзелу ў 1772 годзе, бо ў выдадзеным з гэтай нагоды маніфэсьце Екацярыны ІІ ёсьць словы, што „жыхарам, далучаных да Расеі гарадоў і земляў, будуць захаваныя ўсе свабоды, якімі яны дагэтуль карысталіся.”

Заснаваньне паселішча
Калі было заснаванае паселішча, усталяваць вельмі цяжка, бо назва мясьціны ня раз зьмянялася за сваю гісторыю. Так, у 1185 годзе гэта быў Емянец, паселішча ў складзе Полацкага княства, назва якога, па словах беларускага дасьледчыка Міхася Ткачова, паходзіла ад назвы рачулкі Еменкі, якая ўпадала ў возера Невель.

Пазьнейшая назва шматлікімі дасьледчыкамі падаецца як Паповічы альбо Пуповічы, і першы раз узгадваецца ў 1502 годзе ў сувязі з вайною Княства Літоўскага з Княствам Маскоўскім. Дарэчы, войнаў за ўладаньне Невеля было цэлае мноства, а калі быць больш дакладным, быў гэта фактычна памежны канфлікт ліцьвінаў з маскавітамі на працягу ўсяго XVІ і XVІІ стагодзьдзяў.

Расейскі падарожнік Міхаіл Фёдараў з Санкт-Пецярбургу, які наведаў горад у 2008 годзе, падае сваю вэрсію назвы горада. Невель, як аказваецца, на іўрыце азначае скрыпку. Паводле статыстыкаў на 1 студзеня 1896 году, Невель меў наступны рэлігійны склад: 3467 праваслаўных, 185 раскольнікаў, 596 каталікоў, 142 пратэстантаў, 4587 юдэяў, 15 мусульман. Габрэі, як бачна, былі большасьцю.

Сьветлыя моманты
Былі й сьветлыя моманты. У 1623 годзе горад атрымаў ад Жыгімонта ІІІ Вазы Магдэбурскае права, што аўтаматычна азначала наданьне пячаткі й гербу. На першым гербе мястэчка была выява Давіда зь мячом над забітым Галіяфам. Пазьнейшы герб атрыманы горадам у 1762 годзе быў падзелены на дзьве часткі: у верхняй палове дзьвюхгаловы расейскы арол, а ў ніжняй – вялікакняская Пагоня. Пагоня ўжо без дадатку арла й цяпер зьяўляецца невельскім гербам.

Чым жа можа пахваліцца сёньняшні Невель? Краязнаўчым музэем, у якім мы можам даведацца, што невельскую гаворку ў розныя часы залічалі альбо да паўночна-ўсходніх дыялектаў беларускай мовы, альбо да заходніх гаворак расейскай. Там жа мы можам даведацца й пра тое, што ў 1913 годзе на тэрыторыі Невеля было 17 сынагогаў і толькі два праваслаўныя храмы, а што горад быў трэцім па ліку – пасьля Масквы й Піцера – горадам Расейскай Імпэрыі, дзе зьявіўся тэлефон! І гэта пры колькасьці насельніцтва ў 14 тыс.

Зараз жа ў Невелі можна паглядзець на царкву Сьвятой і Жыватворнай  Тройцы, храм Сьвятога Духа, а ад касьцёла засталася толькі прыбудова. Ёсьць і эвангельская царква „Добрая Вестка” ды чацьвёра габрэйскіх могілак, з разбуранымі надмагільнымі плітамі – мацэвамі. Аднак самае галоўнае, што захаваў гарадок – гэта навакольная прырода зь безьліччу азёраў і пратокаў.

Падарожнікі раяць затрымацца ў гатэлі „Уют” па вуліцы Энгельса 7. Для тых, хто падарожнічае з заплечнікам на ўласных нагах, найбольш зручным сродкам камунікацыі зяўляецца дызель-цягнік Віцебск-Невель, які курсуе штодня.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч