http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=104804

Немянчын – горад на “нічыёй зямлі”

23.03.2009

Немянчын – горад на “нічыёй зямлі”

Назва мястэчка Немянчын узялася ад рачулкі Немянчы, назву якой у сваю чаргу выводзяць зь летувіскай мовы. Такім чынам Немянча – гэта словазлучэньне выразу “не мана” – якое азначае ‘не маё’ й слова “чынай” – якое азначае ‘тут’. Спалучэньне перакладаецца як ‘не маё’, альбо ‘чужое’. У сваю чаргу дасьледчыкі, абапіраючыся на такую інтэрпрэтацыю, мяркуюць, што рачулка была мяжою паміж старажытнымі княствамі. Іх меркаваньне падмацоўвае старое гарадзішча з 1-4 ст., якое знаходзіцца ў 1,5 км. на поўнач ад Немянчына.

Мястэчка ляжыць на правым беразе ракі Вілія ў месцы яе сутоку з рачулкай Немянчай. На дазены момант гэта цэнтар Немянчынскага стараства й Немянчынскага гарадзкога стараства. У Немянчыне, нягледзячы на яго малыя памеры, жыве каля 6 тыс. чалавек, ёсьць там нават музычная школа ды фабрыка мэблі.

Гарадок можа пахваліцца захаваным у дасканалым стане касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла, які быў нанова пабудаваны ў 1848-1855 гадах, бо папярэдні будынак згарэў падчас страшнага пажару, які спаліў амаль увесь гарадок. Адбудова была магчымая дзякуючы Аляксандру Парчэўскаму, сыну ўладальніка навакольнага маёнтку Чырвоны двор, а аўтарам праекту касьцёла быў Язэп Мацкевіч. Наведвальнікі могуць убачыць там копію Перамяненьня Панскага Рафаэля аўтарства Ружы Парчэўскай, дачкі ўладальніка. Акрамя таго можна там убачыць Маці Божую аўтарства Сымона Чаховіча (левы бакавы алтар) ды арганы, якія былі прывезеныя зь Віленскай катэдры.

Род Парчэўскіх, дзякуючы якім быў адноўлены касьцёл, заслугоўвае дадатковай увагі. Захаваліся рэшткі маёнтку Чырвоны двор у ваколіцах мястэчка, апошнімі ўладальнікамі якога быў род Парчэўскіх. Адна з галінак гэтага роду яшчэ ў 16 ст. пераехала з Польскага Каралеўства на землі ВКЛ. Гэта быў стары польскі род гербу Налэнч. У 1801 годзе уладальнікам палацу стаў падпалкоўнік Ігнацы Парчэўскі. У 19 ст. двор цешыўся тым, што меў уласны млын ды бровар Парчэўскіх, які вырабляў вялікую колькасьць напояў. Напоі, сярод якіх было піва тыпу "ангельскае" ды портэр, пастаўляліся ня толькі ў чатыры навакольныя карчмы, але і ў Вільню ды іншыя губэрні – Гарадзенскую, Троцкую й нават Кіеўскую.

Дзякуючы "ырвонаму двару, уся ваколіца Немянчына проста кіпела гандлем.
Вось як апісваліся корчмы тагачасным падарожнікам: Першая карчма званая Чырвонай месьцілася на Браслаўскім гасьцінцы, была крытая гонтай, інакш кажучы, дранкай, мела печку, адзін пакой для гасьцей ды шынок. Другая карчма, званая Каркліне, таксама была крытая дранкаю й стаяла на тым жа Браслаўскім гасьцінцы, мела печку й шынок, і ўжо два гасьцявыя пакоі. Трэцяя, якая называлася Люцяны й належала мясцоваму  габрэю Янкелю Шлямовічу, была настолькі зьнішчаная, што гасьцей ужо не прымала, а гандлявала толькі гарэлкай. Чацьвёртая званая Пакранле месьцілася на Падкрыскім гасьцінцы, меля і шынок, і гасьцінны пакой, а да таго ж была пакрытая новай гонтаю.

Вось так выглядала справа ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя. Вядома, што Першая Сусьветная вайна паўсюль пакінуля свой сьлед ды некарысна адбілася на стане архітэктуры, аднак яна не прынесла на Віленшчыну столькі зьнішчэньяў, колькі прынесла Чырвоная Армія ў 1939 годзе. Дарэчы, восем гадоў перад яе "вызваленьчым паходам" у 1931 годзе Чырвоны двор быў адноўлены ды рэканструяваны. Адноўленая былі ня толькі будынкі, але й Краявідны парк, які акружаў маёнтак, што зрабіла Чырвоны Двор адным з найцудоўнейшых гістарычных помнікаў навакольля.

Чырвонаармейцы пры актыўнай падтрымцы камандзіраў помсьціліся на "польскіх" палацах. Чырвонаму двару яшчэ пашчасьціла – яго толькі абрабавалі. Зараз будынак ня можа пахваліцца ідэальным станам. Знакамітага бровару ўжо няма, палац жа захаваў толькі вонкавую красу (добра, што хоць дах сякі-такі застаўся), а то будынак цалкам бы зьнішчыўся.

Ваколіцы Немянчына маюць яшчэ адзін аб'ект, якім могуць пахваліцца. Гэта Луцыянская пячора, з-пад якой выцякае крыніца. Гэта вельмі цікавы геаграфічны ды гістарычны аб’ект. Пячора месьціцца ў скале ля вёскі Луцыяны. Раней там было паганскае капішча, і людзі прыносілі туды сымбалічныя ахвяры – кавалкі керамікі ды манэты. Пазьней пячора стала сьвятым месцам для хрысьціянаў і ў ахвяру пачалі туды прыносіць маленькія драўляныя крыжыкі. Акрамя таго, паданьні гавораць, што вада з крыніцы мае аздараўленчую моц, і здараліся прыклады цудоўнага аздараўленьня. Вось такія яны прыцягальныя ваколіцы “нічыёй зямлі”.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч