http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=105649

Кім быў Кастусь Каліноўскі?

03.04.2009

У Вышэйшай школе імя Лазарскага ў Варшаве 2-3 красавіка прайшла канфэрэнцыя “Кастусь Каліноўскі як стваральнік беларускага народу – “за” й “супраць”. Навукоўцы зь Беларусі ды Польшчы стараліся адказаць на два пытаньні: “да якой нацыянальнасьці залічваў сябе Кастусь Каліноўскі?” і “ці можна лічыць яго пачынальнікам беларускага нацыянальнага руху?”

Сацыёляг Рышард Радзік, прафэсар Люблінскага ўнівэрсытэту імя Марыі Кюры-Складоўскай лічыць, што Каліноўскі ня мог усьведамляць сябе беларусам. Нават слова “беларусы” як назвы народу ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя не існавала. Кастусь Каліноўскі быў перш за ўсё сацыялістам, змагаром за правы сялянаў. І “Мужыцую праўду” ён выдаваў па-беларуску толькі таму, што яна была мовай мужыкоў, лічыць Рышард Радзік.

Р. Радзік: Каліноўскі змагаўся амаль выключна за тое, каб даць свабоду сялянам. Ён хацеў, каб сяляне не былі рабамі, прыгнечанымі панамі. Другой мэтай Каліноўскага было адраджэньне Рэчы Паспалітай, у якой просты народ быў бы вольны. У яго прамовах няма ані сьледу ўласна беларускай нацыянальнай ідэі.

Валер Булгакаў, рэдактар часопіса ARCHE і аўтар кнігі “Гісторыя беларускага нацыяналізму” таксама лічыць, што надзяленьне Кастуся Каліноўскага сучаснай беларускай самасьвядомасьцю зьяўляецца непаразуменьнем. Каліноўскі лічыў сябе патрыётам шматкультурнай Рэчы Паспалітай, нашчадкам яе свабодалюбівых традыцыяў, этнічная прыналежнасьць для яго ня мела значэньня – лічыць публіцыст.

Валер Булгакаў: У беларускіх выданьнях прадстаўлены спэцыфічна-беларускі погляд на Кастуся Каліноўскага. Нават само імя "Кастусь Каліноўскі" – гэта прадукт культурнай інжынерыі першай паловы XX стагодзьдзя. Сам гэты чалавек сябе не называў падобным чынам. Гэта можна лёгка давесьці на падставе дакумэнтаў. З пункту гледжаньня нацыянальнай ідэнтыфікацыі, часы Каліноўскага вельмі адрозьніваюццца ад нашых. У тыя часы беларускія сяляне ня мелі нацыянальнай самасьвядомасьці. Людзі называлі сябе “тутэйшымі”, “пінчукамі”, “дзецюкамі”,  ужывалі іншыя акрэсьленьні, якія зь сёньняшняга пункту гледжаньня падаюццца дзіўнымі. Кастусь жа Каліноўскі належаў да кола асобаў, якія бачылі сябе грамадзянамі Рэчы Паспалітай – краіны, якая зьнікла з мапы Эўропы, але працягвала жыць у іх душах і сэрцах. 

Гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч прыгадаў, што нацыянальная памяць кожнага народу заснаваная на мітах. Таму пытаньне пра нацыянальную прыналежнасьць Каліноўскага ня мае ніякага сэнсу. У беларусаў ёсьць поўнае права лічыць Кастуся Каліноўскага сваім нацыянальным героем.

Андрэй Вашкевіч: Міт Каліноўскага ня быў штучным творам, прадуктам творчасьці аднаго чалавека. Патрэба ў асобе Каліноўскага зьяўлялася ў тыя часы, калі ўзьнікала рэальная пагроза для існаваньня беларускай нацыі: у дваццатыя гады XX веку, калі Беларусь была падзеленая на дзьве часткі, у гады Другой Сусьветнай вайны, калі народ знаходзіўся пад пагрозай фізычнага вынішчэньня, і, натуральна, у 2006 годзе.  

Нельга казаць таксама, што Каліноўскі не лічыў беларускай “простай” мовы сваёй роднай. Невыпадкова пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду Каліноўскі, які ведаў, што неўзабаве расстанецца з жыцьцём, напісаў лірычны верш менавіта па-беларуску, – падкрэсьліў Андрэй Вашкевіч.

Кожнаму народу патрэбны сымбаль, які аб’яднае вакол сябе людзей. На думку Андрэя Вашкевіча, Кастусь Каліноўскі стаў натуральным сымбалем для беларусаў, актуальным ва ўсе часы, бо ён быў ня толькі абаронцам простых людзей і барацьбітом за справядлівасьць, але й змагаром за свабоду ды праўду.

Аляксандар Папко