Цыкл артыкулаў розных аўтараў быў прысьвечаны рэфармаваньню беларускага правапісу.
Станіслаў Станкевіч, пішучы пра рэформу 1933 году адзначыў, што "... уся гэтая «рэформа» мела на мэце штучнае збліжэньне нашае мовы да мовы расейскай шляхам узаконенага гвалту й ламаньня моўных асаблівасьцяў, іншымі словамі – русыфікацыю беларускае мовы.” (Др Ст. Ст., У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, № 25-26 (104-105), с. 6)
Станіслаў Крушыніч (С. Станкевіч) заўважыў, што русыфікацыя ў галіне мовы праводзілася плянава й сыстэматычна ў двух асноўных кірунках: па-першае, у напрамку безупыннай русыфікацыі самой беларускай літаратурнай мовы і, па-другое, у напрамку сыстэматычнага выцісканьня з ужываньня гэтай зрусыфікаванай мовы й замены яе расейскай мовай. Асноўная мэта гэтага працэсу – зьліцьцё беларускай і расейскай моваў у адным рэчышчы. Гэтае набліжэньне да расейшчыны афіцыйна ўспрымалася як прагрэс у разьвіцьці беларускае мовы.
„Працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай.” (Ст. Ст., Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 11 лютага 1956, № 6-17 (288-289), с. 7)
Эміграцыйныя выданьні шмат увагі прысьвячалі гісторыі русыфікацыі беларускае мовы. Ян Станкевіч у публікацыі пад назовам Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 студзеня – 14 лютага 1960, № 3-7 (487-491) сьцьвердзіў, што формула Пушкіна „Славянскія ручаі выльюцца ў расейскім моры” сталася баявым лёзунгам рэакцыйных колаў расейскага грамадзтва ў славянскім пытаньні. Згодна з шматлікімі праектамі рэфарматараў Беларусі, трэба было зьмяніць у ёй народны дух. Дзеля гэтага мелі служыць рэформы асьветы, увядзеньне расейскае мовы, цывільнае й крымінальнае расейскае судовае працэдуры, скасаваньне царкоўнае вуніі, прыцягненьне шляхам ільготаў і прывілеяў у Беларусь чыноўнікаў з расейскіх губэрняў ды, наканец, калянізацыя беларускіх губэрняў расейцамі. (Тамсама, № 3 (487), с .2-3. )
Рэдактары эміграцыйных беларускіх выданьняў клапаціліся пра аднолькавы правапіс і з гэтай мэтай, а таксама дзеля азнаямленьня сваіх чытачоў, зьмяшчалі на старонках часопісаў прапановы беларускага правапісу. І так, "Беларускае Слова” (двухтыднёвая газэта, якая выдавалася ў Міхельсдорфе й Саўт-Рывэры – за гады 1948-1958 выйшла 39 нумароў) выдрукавала заўвагі да напісаньня і ды ў, апрацаваныя ў свой час Антонам Лёсікам ("Беларускае Слова”, Міхельсдорф, жнівень – верасень 1954, № 19, с. 3). У сваю чаргу "Голас Беларуса” (двухтыднёвік, які выдаваўся ў Менхегофе – пачаў выдавацца ў 1948 г., да лютага 1949 г. выйшла 7 нумароў), закранаў пытаньні паралельнага выкарыстаньня ў беларускай мове лацініцы ды кірыліцы. (Гальяш, За чысьціню беларыскага друку, у: "Голас Беларуса”, Менхегоф, люты 1949, № 2, с. 8-9; Гальяш, У кірыліцу - латыніцу, у: "Голас Беларуса”, Менхегоф, люты 1949, № 2, с. 9)
Вялікі клопат пра чысьціню беларускае мовы праяўляла мюнхэнская "Бацькаўшчына”, прысьвячаючы гэтаму пытаньню сталую рубрыку Куток мовы. Асноўнай мэтай Кутка мовы было падтрыманьне й захаваньне моўнае чысьціні беларусамі, якія апынуліся ў эміграцыі. Рэдактары газэты, імкнучыся да моўнае пасьлядоўнасьці, зьмяшчалі публікацыі, у якіх засяроджвалі ўвагу на тым, якія словы ці словазлучэньні найбольш характэрныя для беларускае мовы, а якіх трэба пазьбягаць. Шмат месца "Бацькаўшчына” адводзіла характарыстыцы русыцызмаў і палянізмаў у беларускай мове, пісала пра выкарыстаньне дыялектызмаў ды іхную ролю ў мове, а таксама засяроджвала ўвагу на сэмантычных адрозьненьнях блізказначных словаў.
Пачынаючы з 113 нумару, "Бацькаўшчына” пачала зьмяшчаць мовазнаўчыя артыкулы Яна Станкевіча, напісаныя пры ўдзеле Антона Адамовіча, пад назовам Некаторыя групы словаў беларускае мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 24 жніўня 1952, № 34 (113), с. 3-4; 31 жніўня 1952, № 35 (114), с. 3-4; 7-14 верасьня 1952, № 36-37 (115-116), с. 7-8; 21 верасьня 1952, № 38 (117), с. 3-4; 28 верасьня 1952, № 39 (118), с. 3-4).
Аўтары публікацыяў, прыводзячы прыклады тыповых для беларускае мовы словаў, адначасова падаюць кантэксты іх выкарыстаньня, спасылаючыся на прысутнасьць іх у народнай мове ды ў гістарычных дакумэнтах, м. ін. у Аль Кітабе, а таксама параўноўваюць з эквівалентамі ў польскай і расейскай мовах.
Некалькі гадоў пазьней паявілася на старонках "Бацькаўшчыны” чарговая цыклічная публікацыя Яна Станкевіча Аб некаторых словах і хормах нашае мовы (у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 15 траўня –18 верасьня 1955, № 20-38 (250-26).
Я. Станкевіч напісаў, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску і, па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку, таму што трэба папаўняць лексыку літаратурнай мовы, шукаючы патрэбных словаў у народнай мове, а чаго няма ў народнай мове, таго трэба глядзець у багатым жарале старое літаратурнае й народнае мовы. Калі й там няма, то трэба ствараць згодна з нормамі й духам народнае мовы. (Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 26 чэрвеня 1955, № 26 (256), с. 3)
„У выніку русыфікатарскай палітыкі ў БССР насаджваецца, як ведама, у беларускую літаратурную мову цэлае мноства чужых нашай мове тыпова расейскіх асаблівасьцяў ува ўсіх галінах моўнага працэсу: у сінтаксе, марфалёгіі, словатворстве, фанэтыцы й слоўніцтве. Бальшыня з гэтых русыцызмаў, хоць і ня прадугледжаных славутай «рэформай» беларскага правапісу й нарматыўнае граматыкі з 1933 году, а ўведзеная пазьней і нядэкратаваная ніякімі ўрадавымі пастановамі, зьяўляецца сяньня ўсанкцыянаваная, як адзіна дапушчаныя формы й словы, як «чыста беларускія», а іхнія ўзапраўды беларускія адпаведнікі старанна выціскаюцца, як шкодныя «правінцыяналізмы», «архаізмы» або «штучныя нэалягізмы».” (Ст. Станкевіч, Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў, у: „Бацькаўшчына”, 11 лютага 1956, № 6-7 (288-289), с. 7)
Ніна Баршчэўская