http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=11749

Агульнапольскі камэнтар

19.06.2004
Польскія партыі ўспрынялі выбары ў Эўрапейскі Парлямэнт як унутранае галасаваньне, але ў выніку невялікай яўкі цяжка гаварыць пра сапраўдную падтрымку партыяў сярод грамадзян краіны. Мы ведаем тое, што ведалі і раней - лідарам на польскай палітычнай сэцне зьяўляецца цэнтрысцкая партыя Грамадзянская Плятформа (PO), папулістычная партыя Самаабарона траціць папулярнасьць, а скрайняя Ліга Польскіх Семя’ў (LPR) можа свой выбарчы вынік лічыць сапраўдным посьпехам. Найбольшай неспадзяванкай зьяўляецца сытуацыя Польскай Сялянскай Партыі (PSL), якая сваё кіраўніцтва накіравала ў Эўрапейскі Парлямэнт. Спалоханае ненайлепшай пазыцыяй у апытаньнях грамадзкай думкі, PSL унесла ў выбарчыя сьпісы прозьвішчы найбольш вядомых сваіх дзеячоў. Тыя былі выбраныя ў Эўрапейскі Парлямэнт і цяпер партыя апынулася без кіраўніцтва. Магчыма, што ў згаданай групоўцы неўзабаве адбудуцца чарговыя зьмены, таму што да актыўнай палітыкі вярнуўся былы прэм’ер Вальдэмар Паўляк, які стаў новым кіраўніком парлямэнцкай фракцыі PSL.

У сваю чаргу зьмены, якія адбыліся пасьля выбараў у Эўрапейскі Парлямэнт, маюць ня толькі ўнутранае значэньне для адной партыі. Яны выразна ўскладнілі сытуацыю на ўсёй палітычнай сцэне ў Польшчы. Нясумненна, што палепшылася сытуацыя ўраду Марэка Бэлькі. Шляхам выбараў Польская Сацыял-дэмакратыя (SdPl) праверыла сваю папулярнасьць і цяпер ўжо яна ведае, што павінна спадзявацца ня хуткага посьпеху, а працяглага шляху. Гэта, у сваю чаргу, пераконвае да перамоваў у справе падтрымкі новага ўраду. Дарэчы, насустрач гэтым спадзяваньням выйшаў сам прэм’ер, прапануючы даволі скаладаны кампраміс. Гаворка ідзе пра падвойнае галасаваньне ў справе вотуму даверу: адно цяпер і наступнае пасьля перадачы ў Сэйм буджэтнага закону на 2005 год. Магчыма, што гэта нейкае выйсьце зь цяперашняга тупіку, які пагражае датэрміновымі выбарамі ў жніўні, чаго ўсе хочуць пазьбегчы.

Тым часам прэм’ер рухаецца ў вельмі складанай палітычнай матэрыі. Кожнае ўступства на карысьць SdPl вельмі адмоўна ўспрымае Саюз Левых Дэмакратычных Сілаў (SLD), які ледзь перакрочыў 5-працэнтны выбарчы парог. SLD мяняецца вельмі паводльна, надалей застаючыся партыяй адсталага мысьленьня, якую вельмі палохае пэрспэктыва страты ўлады. Пры гэтым выразна відаць, што нехапае людзей і сьвежых прапановаў, а гэта спрычынаецца да росту незадаволенасьці й крытыкі ўраду Марэка Бэлькі. Падсумоўваючы- зачараваны круг.

Тым часам, нешта ў выглядзе зачараванага круга ўзьнікае таксама па правым боку палітычнай сцэны. Нечаканая перамога крайняй LPR, параза правай арыентацыі Права й Справядлівасьць (PiS) , а таксама нязначная перамога цэнтрысцкай PO спрычыняюцца да ўзьнікненьня экзатычных кааліцыяў. Прыход да ўлады іншых сілаў немагчыма без удзелу ў кааліцыі LPR. Гэта зусім іншы палітычны краявід, у якім прыхільнікі Эўрапейскага Зьвязу будуць прымушаныя супрацоўнічаць зь ягонымі праціўнікамі. Таксама да несупадаючых эканамічных паграмаў PO i PiS трэба будзе дадаць пастуляты LPR, якая, як вядома, малапрыхільна ставяцца да замежных інвэстыцыяў, капіталу й працэсу прыватызацыі.

З гэткімі праблемамі цягам бліжэйшых тыдняў будуць пымушаныя змагацца польскія палітычныя арганізацыі. У сваю чаргу, нягледзячы на нянадта ўдалыя выбары, Польшчу ў Эўрапейскім Парлямэнце прадстаўляе група, у склад якой уваходзяць выдатныя людзі. Невялікая група выбаршчыкаў, якая вырашыла ўдзельнічаць у выбарах, усё ж такі, выбрала тых, хто мае досьвед у эўрапейскай галіне й можа выканаць нават важную ролю ў эўрапейскай палаце.







Яніна Парадоўска