http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=126287

Польска-беларускія моўныя сувязі ў асьвятленьні беларускіх эміграцыйных газэт-2

25.02.2010

На старонках эміграцыйных выданьняў разглядаліся адрозьненьні паміж беларускай і польскай мовамі.

У артыкуле Л. Іскры (псэўданім Хведара Ільяшэвіча) пад назовам Беларуская мова ў дачыненьні да суседніх моваў (у: „Моладзь”, 1950, № 19, Парыж, с. 11-14), зьмешчаным на старонках часопіса „Моладзь”, што выдаваўся ў Парыжы ў 40-50-я гады мінулага стагодзьдзя, падаюцца асноўныя зьвесткі пра розьніцы паміж беларускай і польскай мовамі. Паведамляецца, што польская мова належыць да заходнеславянскай групы і характэрныя ёй, у параўнаньні зь беларускай мовай, такія рысы, як:

- адсутнасьць поўнагалосься: broda, brzoza,
- адсутнасьць падоўжаных зычных: życie, wesele,
- наяўнасьць насавых галосных: ręka, wąsy,
- наяўнасьць г. зв. крэскаванага ó ў закрытым складзе, якое вымаўляецца як у, напр. стол, – stół,
- сталы націск на перадапошнім складзе,
- зусім адрозныя словаўтваральныя спосабы,
- іншы парадак слоў у сказе.

 Паведамляецца таксама пра значныя лексыка-сэмантычныя адрозьненьні, напр. польскае bawić się  на беларускую мову перакладаецца як гуляць, а беларускае бавіцца на польскую як zwlekać; польскі kruk – гэта беларускі груган, а беларускі крук – гэта польскі hak; miłość у Польшчы – гэта ў Беларусі каханьне, любоў, а беларуская міласьць – гэта ў Польшчы litość.

 Зразумела, што шмат ёсьць супольнага паміж беларускай і польскай мовамі, але часам можна не дамовіцца й панесьці ў сувязі з гэтым страты, так як польскі каляніст, які, едучы зь лесу, згубіў сваю торбачку зь ежай і спытаў у сустрэчнага беларускага селяніна:

 „- Czy znalazł Pan woreczek, w nim chleba kawałeczek, poświstakiem zawiązany?
 - Да не, паночак, я знайшоў мяшочак, у ім хлеба кусочак, пужкаю завязаны.
- О nie, to nie moje –
сказаў асаднік і пабег далей шукаць сваю згубу.
” (Тамсама, с. 14)
 
Хведар Ільяшэвіч зьвярнуў таксама ўвагу на цяжкасьці ў вымаўленьні тых лексэмаў у польскай мове, у якіх назіраецца зьбег некалькіх зычных, як, дапусьцім: przestrzegać (перасьцерагаць), trzcina (трысьцё, чарот, аер), sprzykrzyć się (надакучыць, абрыднуць) і пад. (Чыя мова найпрыгажэйшая?, у: „Моладзь”, 1951, № 23, Парыж, с. 6)

 Часта польская мова разам з мовай расейскай выкарыстоўваліся дзеля тлумачэньня значэньня беларускіх лексэмаў ды дзеля падкрэсьліваньня самабытнасьці беларускае мовы.

Пачынаючы з 113 нумара да 118 мюнхэнская газэта „Бацькаўшчына”, якая выходзіла з кастрычніка 1947 году па сьнежань 1966 году, рэгулярна зьмяшчала артыкулы д-ра Яна Станкевіча пад агульным назовам Некаторыя групы словаў беларускае мовы, (у: „Бацькаўшчына”, 24 жніўня 1952 – 28 верасьня 1952, №№  113-118, Мюнхэн) у якіх шырока выкарыстоўваўся згаданы мэтад, напр. калі чагосьці не стае (маск. не хватает, пол. brakuje), дык таго нястача. Эквівалентам беларускай нястачы ў польскай мове зьяўляецца лексэма niedostatek. Можа быць напр. нястача ежы, альбо шырэй – усяго матэрыяльнага. У такой сытуацыі азначае стан блізка зьвязаны зь беднасьцю ды зьяўляецца першай ступеняй таго, чаго апошняй ступеняй ёсьць галіта 'галеча' (маск. нищета, пол. nędza). Прыклады: было агульнае вялікае гора і вялікая нястача; думкі пра заклятую нястачу; усё жыцьцё нястача, гарота.

 Нястача можа датычыць, зразумела, ня толькі нечага матэрыяльнага, але таксама й абстрактнага: нястача асьветы, нястача волі, розуму.

 Недахоп – як цьвердзіць Янка Станкевіч – гэта маскалізм. Гэты непатрэбны нэалягізм утвораны паводле маск. недостаток.

Іншы прыклад: тое, што можна ці трэба ганіць гэта загана (пол. wada). Да заганаў можна залічыць гэтакія чалавечыя прыкметы, як: ленасьць, неакуратнасьць, баязьлівасьць. Заганаю гаворкі можа быць шапятлявасьць, загіклівасьць.

 Дзеясловы заганіць, заганьваць азначаюць закіданьне камусьці ці чамусьці заганы, знаходжаньне заганы.

 Прыметнік заганны – гэта такі, які мае загану, напр. заганны тавар. Антонімам слова заганны зьяўляецца беззаганны (маск. безупречный, пол. nienaganny).

 Заганлівы мае два значэньні: 1. схільны знаходзіць у іншых загану – ня будзь заганліў; і 2. маючы заганы – заганлівы тавар. У другім значэньні слова заганлівы супадае са значэньнем слова заганны.

 Строгае зганеньне за што-колечы (пол. nagana) у беларускай мове акрэсьліваецца пры дапамозе лексэмы ганка, напр. Добрую дастаў ганку ад пана. Бяз ганкі ня будзець за тое, што забавіўся. (Я. Станкевіч, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, 21 верасьня 1952, № 117, Мюнхэн, с. 3)

Ніна Баршчэўская