http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=126798

„СТОП для ГМА ў Польшчы”

04.03.2010

Эўрапейская камісія дазволіла ў краінах-чальцах вырошчваць генэтычна мадыфікаваную бульбу. Да гэтага часу дазволенымі былі толькі некалькі трансгенных ліній – соя, кукуруза, бавоўна, рапс.

ГМА (генэтычна мадыфікаваныя арганізмы) ужо даўно зьяўляюцца прадметам спрэчак паміж эколягамі, экспэртамі, лябістамі ды буйнымі канцэрнамі.

Польскія экспэрты зазначаюць, што зьдзіўляе хуткасьць, зь якою Эўракамісія прыняла рашэньне аб вырошчваньні бульбы гатунку „Амфлёра”. Да гэтага часу генэтычна зьмененая бульба не магла атрымаць дазволу Брусэля амаль 12 гадоў. Ужо зьяўляюцца камэнтары, што Эўрапейская камісія вельмі хутка паддалася лябізму вялікіх канцэрнаў.

У Эўропе ёсьць дастаткова шмат праціўнікаў ГМА. Якія яны выкарыстоўваюць аргумэнты? Пра гэта мы запыталі актывіста кампаніі „СТОП для ГМА ў Польшчы” Паўла Паланэцкага. Наш экспэрт спасылаецца на дасьледаваньні незалежных навукоўцаў, якія даказалі шкоднасьць трансгенных рэчываў.

П. Паланэцкі: Вынікі дасьледаваньняў на млекакормячых, праведзеных у лябараторыях, сьведчаць пра пашкоджаньне ворганаў, якія ў арганізьме адказваюць за вывад таксычных рэчываў – пячонкі, падстраўнікавай залозы. Не падлягае сумневам, што трансгенныя арганізмы маюць непасрэдны адмоўны ўплыў на арганізм чалавека. Другая катэгорыя пагрозаў зьвязаная з навакольным асяродзьдзем. Калі ГМА вырошчваюцца на палях, то гэтыя рэчывы пранікаюць у навакольнае асяродзьдзе. Гэтае праніканьне нельга кантраляваць. Паколькі ГМА маюць дамінуючыя рысы, то яны шкодзяць флёры й фаўне. ГМА могуць апыльваць іншыя падобныя гатункі расьлін, якія ў выніку атрымліваюць характэрныя трансгенным расьлінам якасьці. І такім чынам ГМА трапляюць у харчовы ланцуг.

Павал Паланэцкі расказвае, што польскія праціўнікі ГМА асабліва моцна змагаюцца супраць вырошчваньня мадыфікаванай кукурузы, якая ўстойлівая на насякомых. Гэты гатунак у цэлым цыклі сваёй вэгетацыі выпрацоўвае атруту, якая забівае насякомых. Адначасова ён зьнішчае насякомых, якія адыгрываюць пазытыўную ролю й патрэбныя ў навакольным асяродзьдзі.

П. Паланэцкі: Канцэнтрацыя гэтай атруты застаецца па-за кантролем. У некаторых расьлінах яе колькасьць перакрочвае ў тысячу разоў канцэнтрацыю, якая дазволеная ў спажываньні людзьмі. Рэшта атруты знаходзіцца ў насеньні кукурузы, якую спажываюць людзі й жывёла. Такім чынам мы маем сур’ёзныя аргумэнты супраць вырошчваньня мадыфікаваных расьлін.

Прапагандысты ГМА сьвярджаюць, што вырошчваньне такіх гатункаў значна больш аплачваецца. Павал Паланэцкі зазначае, што эканамічныя карысьці ёсьць толькі на пачатковым этапе вырошчваньня такіх расьлін.

П. Паланэцкі: Потым зьяўляюцца доказы, што гэта ня так і ашчадна. Ніхто не бярэ пад увагу адмоўны ўплыў на навакольле, а гэтага нельга перавесьці на грошы. Усе падлікі атрымліваюць цалкам іншы сэнс.

Вырошчваньне генэтычна зьмененай бульбы, што дазволіла рабіць Эўракамісія, павінна служыць нібыта толькі ў прамысловых мэтах. Як зазначае Павал Паланэцкі, гэта цалкам немагчыма, бо нельга такія гатункі бульбы адізаляваць ад палёў, дзе вырошчваюцца звычайныя гатункі. А гэта значыць, што немагчыма пазьбегнуць скрыжаваньня гэтых культур. Галоўным рухавіком, які накручвае цэлую сыстэму, зьяўляюцца амэрыканскія канцэрны, настаўленыя выключна на прыбытак.

Павал Паланэцкі зазначае, што эўрапейцы спажываюць прадукты, якія ўтрымліваюць трансгенныя рэчывы. Мадыфікаваныя рэчывы найчасьцей выкарыстоўваюцца ў такіх прадуктах, як кансэрвы, сухія й парашковыя прадукты, рэстараны хуткага харчаваньня. Асабліва шырока выкарыстоўваецца трансгенная соя.

П. Паланэцкі: Праблема ў тым, што няма законаў, якія маглі б прымусіць фірмы пазначаць, у якіх прадуктах ёсьць ГМА. Спажыўцы ў пэўным сэнсе паддаюцца несьвядома экспэрымэнту. Нас не інфармуюць, а мы ямо рэчы, якія шкодзяць. Нашая кааліцыя „СТОП для ГМА у Польшчы” падала ў Канстытуцыйны суд на польскі ўрад. Нашая Канстытуцыя мае запіс, у якім забараняецца праводзіць экспэрымэнты на людзях бязь іх згоды. Паводле нас, польскія законы аб вырошчваньні й спажываньні ГМА парушаюць гэты запіс Канстытуцыі.

Павал Паланэцкі заклікае іншыя краіны, якія не належаць да ЭЗ, не пагаджацца на ўвядзеньне ГМА.

П. Паланэцкі: Мая прапанова, для зацікаўленых гэтай праблемай у Беларусі: ні ў якім выпадку не пагаджайцеся на выкарыстаньне гэтай тэхналёгіі. Яна не дае ніякога прыбытку й карысьці. Яна прызначана толькі для дасягненьня карысьцяў вялікіх біятэхналягічных канцэрнаў. Зьнішчэньняў, якія прынясе гэтая тэхналёгія ў сельскай гаспадарцы й эканоміцы, амаль нельга пазьбегнуць.

Беларускае закандаўства вельмі жорстка рэгулюе распаўсюд ГМА. Між іншым, кожны прадукт з трансгеннымі рэчывамі павінен быць пазначаны.

Калі казаць пра ўвоз у краіну мадыфікаваных культур, то ў Беларусі не зарэгістравана ні адной трансгеннай лініі. Сярод прадуктаў, якія ўтрымліваюць такія рэчывы, у Беларусі прызнана толькі 2,5% соі, якая выкарыстоўваецца ў якасьці корму для жывёлы.

Алена Пытэль