http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=132054

Рыгор Барадулін сустрэўся з чытачамі ў “Кніжным салёне”

21.05.2010

Новая менская кнігарня “Кніжны салён” распачала працу імпрэзай. Ды якой – сутрэчай з чытачамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна! Рэч у тым, што кнігарню ўзначальвае былая дырэктарка “Акадэмкнігі” Соф’я Жыбулеўская, непрыгожа звольненая ў мінулым годзе па кантракце.

Новую кнігарню Соф’я Антонаўна намагаецца зрабіць эўрапейскай і элітарнай. Такія сустрэчы плянуецца ладзіць рэгулярна. Тым, больш, як прызнаўся Рыгор Барадулін, фармат вельмі сучасны ды ўтульны.

Як вы лічыце, якая прэзэнтацыя лепшая: калі сядзіць заля 500 чалавек – ці калі вось так шчыльненька, практычна аўтограф-сэсія?

Рыгор Барадулін: Разумееце, лепш менш ды шчырых, чым цэлы стадыён нагнаных. Бо раней так было, што наганялі людзей, якім пляваць на гэта – абы б адбыць. Таксама, як у 1917 годзе Ленін выступаў з браневіка – а рабочым, якія ўдзельнічалі, плацілі як за дзень працы. А так, у кнігарні – гэта вельмі ўтульна, па-сяброўску. Гэта людзі, якія неабыякавыя, якія дарагія для мяне – я проста крануты іх увагай! Той жа самы Генадзь Бураўкін, Лявон Баршчэўскі, Марына Наталіч – наогул, усе, хто прыйшоў…

На імпрэзе выступілі Алесь Камоцкі, Генадзь Бураўкін, Валярына Кустава, рэжысэр Віктар Корзун прэзэнтаваў свой фільм “Эпоха Барадуліна”. А пісьменьнік, былі міністар культуры Анатоль Бутэвіч адзначыў, што падзея – і выступ Барадуліна, і само адкрыцьцё такой кнігарні.

Анатоль Бутэвіч: Па-першае, падзея – у межах нашай сталіцы – гэта адкрыцьцё новай кнігарні. Тым больш, ня проста кнігарні, а салёну! Чаму, напэўна, і адпавядае сёньняшняя імпрэза – калі салён, то патрэбныя й сустрэчы. І мне прыемна, што ходзяць сюды людзі, якія маюць цікавасьць да кнігі. Падобныя, дарэчы, рэчы я бачыў і ў Польшчы – калі ў кнігарню прыходзіць моладзь, сядае на падлогу й кніжкі гартае. Гэта мяне вельмі прыемна ўражвала. І ў Маскве ёсьць кнігарня, якая працуе за поўнач. І калі б у нас у сталіцы была кнігарня, куды б можна было прыйсьці студэнту, узяць кніжку й пасядзець на зэдліку, пачытаць хаця б да 12 ночы – гэта было б цудоўна. А тое, што адбылася сёньня імпрэза – гэта дзякуй арганізатарам, і найбольш – Рыгору Барадуліну, які вытрымаў, здолеў зацікавіць чытачоў, выказацца – магчыма, нават больш малады й амбітны паэт гэтага б ня здолеў.

Соф’я Антонаўна Жыбулеўская кажа, што ў яе мэтах – сабраць у “Кніжным салёне” найлепшы ў горадзе асартымэнт беларускай літаратуры. А такія сустрэчы з творцамі павінны спрыяць папулярызацыі кнігарні.

Соф’я Антонаўна, мне здаецца, сам фармат прэзэнтацыі ў кнігарні – даволі эўрапейскі фармат…

Соф’я Жыбулеўская: Усе так лічаць. Хваліцца можа нам і ня варта, але многія кажуць, што кнігарня адпавядае эўрапейскаму ўзроўню. У нас у гасьцях была мастачка Вольга Дзёмкіна, якая ўжо 15 гадоў жыве ў Францыі – дык яна сказала, што гэта выключна эўрапейскі ўзровень!

Я так разумею, што сёньняшняя імпрэза – першая, але не апошняя?

Соф’я Жыбулеўская: Мы мяркуем нават складаць плян, каб пакупнікі ведалі загадзя. У працы з пакупнікамі й аўтарамі гэта будзе самае галоўнае.

Плянку вы задалі вельмі высокую…

Соф’я Жыбулеўская: На самой справе – плянка вельмі высокая! І працаваць так, як мы сёньня ўсе спрацавалі – гэта вельмі высокая плянка. Будзем старацца, каб яе не зьніжаць. Хаця гэта складана, бо сёньня была напраўду незвычайная падзея!.. 

Вядоўца імпрэзы паэт Міхась Скобла сказаў, што, вядома, сустрэчу Барадуліна з чытачамі варта было б зладзіць у большым памяшканьні – Палацы Рэспублікі ці Менск-Арэне. Але ў тым, што на імпрэзе чытачы слухалі паэзію Барадуліна стоячы, ёсьць свой сымбалізм.

Міхась Скобла: Я месяц таму быў у Маскве, зайшоў у кнігарню “Глёбус” – і там якраз адбывалася аўтограф-сэсія. І як мне сказала супрацоўніца крамы, у іх КОЖНЫ ДЗЕНЬ адбываюцца такія аўтограф-сэсіі! Бо гэта – патрабаваньне часу. Сёньня кнігі найлепш набываюцца на сустрэчах з паэтамі. Любая беларуская кніга  сёньня – патрэбная. Кніга з аўтографам – яна каштоўная. А кніга з аўтографам Барадуліна – яна бясцэнная!.. І выдатна, што сёньня многія людзі, якія прыйшлі на гэтую сустрэчу, змаглі атрымаць гэтую бясцэнную кнігу ў свае кнігазборы.

Арцём Багданаў, Менск