http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=133645

Мова выданьняў беларускага першадрукара - 7

17.06.2010

 Нью-ёрскі часопіс „Запісы” зьвяртае ўвагу на выдадзеную ў 1969 годзе ў Менску кнігу пад назовам Францыск Скарына. Прадмовы й пасьляслоўі. (С. Брага, Францыск Скарына. Прадмовы й пасьляслоўі. Акадэмія навук БССР. Інстытут літаратуры. Мінск, 1969, 240 б.+ ілюстрацыі, у: „Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 135-140)

Сымон Брага (псэўданім Вітаўта Тумаша) адзначыў, што:

Прадмовы ды паслоўі доктара Скарыны надрукаваныя нажаль наборам новым ды літарамі сучаснага беларускага альфабэту, якія ня могуць перадаць усіх тых літараў і графічных знакоў, якія ўжываў Скарына. Дзеля ўжо гэтага навуковая вартасьць перавыданьня вельмі абніжаная, для моваведных дасьледваньняў яно таму мала прыгоднае. Навет і арыгінальныя Скарынавы знакі прыпынку не захаваныя, але расстаўленыя давольна рэдактартам „паводле сучаснага правапісу”. Дадзены акадэміяй перадрук быў-бы мэтазгодным і карысным толькі пры адначаснай рэпрадукцыі побач тэкстаў фатадрукам, – як дапаможны да яго дадатак, а не як падмена яму.” (Тамсама, с. 136)

Сымон Брага скрытыкаваў таксама працу М. Алексютовіча Скарына, яго дзейнасць і светапогляд. Адзначыў, што М. Алексютовіч несарыентаваны ў культурных абставінах Беларусі Скарынавае пары, „калі цьвердзіць, што «барацьба Скарыны за родную мову» была абаронаю ад пасяганьня паноў, каб «апалячыць» (б. 67). У той час беларуская мова была дзяржаўнаю моваю Вялікага Княства Літоўскага, моваю актаваю й дыпляматычнаю, моваю летапісаў і сьвецкага пісьменства, моваю ня толькі народу, але й «паноў». У Скарынавую пару ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім навет і каталіцкія біскупы свае граматы пісалі або палацінску, або пабеларуску, але не папольску. Дый у самой Польшчы тады рабіліся толькі нясьмелыя пачаткі польскага пісьменства. У дзяржаўна-юрыдычнай галіне й у літаратуры там панавала тады яшчэ скрозь мова лацінская. Беларускую-ж мову шанавалі тады й у Польшчы. Прыкладам, пры канцы XV стагодзьдзя кароль Казімір Ягайлавіч у Кракаве, у капліцы на Вавэлі, адпаведныя напісы загадвае рабіць пабеларуску. Дык пагрозы моўнае палянізацыі ў Беларусі ў Скарынавую пару яшчэ не адчувалася, і нейкая гутарка пра гэта сьветчыць толькі аб аўтаравым неарыентаваньні ў культурна-палітычных абставінах пары. Палажэньне зьмянілася толькі ў другой палове XVІ стагодзьдзя.” (С. Брага, М. А. Алексютовіч. Скарына, яго дзейнасьць і сьветапогляд. Інстытыт філазофіі Акадэміі Навук БСССР. Менск 1958, б.146, у: „Запісы”, кн. 1, Мюнхэн, 1962, с. 268)
 
Значна раней, бо ў 1931 годзе вялікае значэньне асьветніка й першадрукара на ўсходнеславянскіх землях Францішка Скарыны адзначыў на старонках праскага гістарычна-публіцыстычнага часопіса „Iskry Skaryny” вядомы дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі Тамаш Грыб (Тамаш Грыб, Miesca i značańnie Franciška Skaryny ŭ sučasnym biełaruskim vyzvolna-adradženskim ruchu , у: „Iskry Skaryny”, № 1, ліпень 1931, с. 14-15; № 2, лістапад 1931, с. 12-14).

  Тамаш Грыб зьвярнуў увагу на тое, што на Скарыну цэлы час глядзяць толькі й выключна як на першадрукара, а ён жа быў глыбокім мысьліцелем, арыгінальным філёзафам, рэлігійным і сацыяльным рэфарматарам, вялікім рэвалюцыянерам свайго часу ды змагаром за дабро паспалітага люду.

Без Скарыны нельга зразумець такіх волатаў беларускае культуры, як: Васіль Цяпінскі, Сымон Будны й Леў Сапега. Не зразумеем найбольш слаўнай эпохі ў гісторыі беларускага народу, эпохі рэфармацыі й гуманізму, эпохі адраджэньня. Няяснай будзе таксама пазьнейшая эпоха каталіцка-праваслаўнае рэакцыі, эпоха заняпаду беларускай культуры, асыміляцыі вышэйшых првілеяваных станаў беларускага суспольства. 

 Таму трэба ведаць, што Францішак Скарына ня толькі даў пераклад Бібліі на беларускую мову, але даў таксама тлумачэньне Бібліі ў сваіх векапомных прадмовах да зробленага ім перакладу. Ён даў сваю Біблію, сваю кнігу быцьця. Скарына даў асноўныя падваліны беларускае філязофіі.
 
 У публікацыі Šlacham Skaryny чытаем, што:
 
Francišak Skaryna svaim pierakładam Biblii na biełaruskuju narodnuju movu, usiej svajej dziejnaściu, pałažyŭ pačatak biełaruskaj relihijnaj refarmacyi, pałažyŭ mocnyja padvaliny dla zasnavańnia biełaruskaha narodnaha vieravyznańnia, biełaruskaha chryścijanstva. (...) Francišak Skaryna raspačaŭ u Biełarusi epochu humanizmu i refarmacyi. Heta była epocha adradžeńnia – najvialikšaha uzdojmu biełaruskaje kultury i niezaležnaje biełaruskaje dziaržaŭnaści. (...) Heta była epocha, kali Biełaruś zajmała svoj pačesny pasad miž narodami”. (Тамаш Грыб, Šlacham Skaryny , у: „Iskry Skaryny”, № 4, 1934, с. 1-10)

Ніна Баршчэўская