Сёньня, дарагія сябры, мы запрашаем вас наведаць Брэст. Так, вы добра пачулі, Брэст, толькі не беларускі, а Куяўскі. Брэст Куяўскі, як сама назва сьведчыць, знаходзіцца ў Куяўска-Паморскім ваяводзтве, што ў паўночнай частцы цэнтральнай Польшчы.
pl.wikipedia.org/wiki/Brze%C5%9B%C4%87_Kujawski
Брэст Куяўскі - гэта не вялікая аглямэрацыя, а маленькае маляўнічае мастэчка, дзе пражываюць усяго 4,5 тысячы жыхароў. Але гэтае мястэчка зьяўляецца відавочцам як гістарычных падзей старой мінуўшчыны, так і гісторыі сучаснай Польшчы.
Менавіта там, у межах мястэчка, якое ўзьнікла на берагах калісьці вялікага возера Цмэнтава, архэолягі знайшлі першае паселішча прадстаўнікоў лендзельскай культуры з пэрыяду нэаліту. Было знойдзена 50 дамоў у кшталце трапецыі, вядомых у сусьветнай архэалёгіі. У пэрыяд, калі больш за 5 тысяч гадоў таму на берагах рэк Тыгр і Эўфрат цывілізацыя сумэраў будавала свае першыя гарады-краіны, нашыя браты-праславяне будавалі манумэнтальныя каменна-зямельныя востраканечныя слупы-піраміды даўжынёй у 3 і шырынёй ад 5 да 7 мэтраў. У мясцовасьці Венец, якая знаходзіцца непадалёк, архэолягі знайшлі магілу з мэгалітычнага пэрыяду, а ў ёй чэрап мужчыны - прадстаўніка чарнаскурай расы. Вось так кшталтаваліся карані сёньняшніх жыхароў Брэсцкай зямлі.
Тут, у 1260 годзе нарадзіўся й жыў, і адгэтуль кіраваў Брэсцка-Куяўскім Княствам, Уладыслаў Лакетак, ад 1320 году Кароль Польшчы.Паводле летапісаў, гэтае месца палюбіў і наведаў 27 разоў у 1399-1430 гадох іншы манарх - Уладыслаў Ягайла.
Брэст Куяўскі стаў месцам зьездаў польска-крыжацкіх у 1320 і 1324 гадох. Зафіксавана нават, што ў 1825 годзе мястэчка наведаў цар Аляксандар І.
На працягу гісторыі мястэчка перажыло не адзін наезд замежных войскаў. Здабыць крэпасьць спрабавалі і крыжакі, і швэды, і казакі, а нават войскі Касьцюшкоўскай інсурэкцыі. Дрэннай славай у дзеях мястэчка ўпісаліся пабыўкі аўстрыйскага, літоўскага, расейскага, прускага й нямецкага войскаў, а таксама шматлікія пажары й заразы.
Гістарычныя завірухі не пакінулі ў сучаным Брэсьце шмат помнікаў дойлідзтва, аднак захаваўся ўнікальны ў рэгіёне зарыс сярэднявечнага гораду ў кшталце літары „D”.
Будучы ў Брэсьце Куяўскім, варта наведаць стары замак, пабудаваны ў XIV стагодзьдзі каралём Казімежам Вялікім, які пазьней Уладыслаў Ягайла разбудаваў, дабудаваўшы два доўгія аднапавярховыя жыльлёва- гаспдарчыя будынкі.
У 1800 годзе замак разабралі прусы, пабудаваўшы на замкавых фундамэнтах турму, якая функцыянавала да Першай сусьветнай вайны.
У 1918 годзе будынак перабудаваны ў клясычным стылі з прызначэньнем пад школу. У падвалах часткова захавалася сярэднявечная архітэктура, а таксама рэшткі старых муроў гаспадарчых будынкаў.
Асобнай пэрлінай зьяўляецца палацава-паркавы комплекс у паўночнай частцы мястэчка. У склад комплексу ўваходзяць мураваны палац з 1873 году, пабудаваны ў стылі францускага рэнэсансу, хатка стоража, дзьве стайні з канца IX стагодзьдзя, дом бухгальтара, дом пісьменьніка й яшчэ некалькі будынкаў, а такама парк.
У 6-ці кілямэтрах ад Брэста знаходзіцца лясная курортная зона „Венец”, у якой дзейнічаюць тры прафілякторыі. Курорт узьнік на пераломе XІX і XX стагодзьдзяў, калі на тэрыторыі, якая належала да барона Леапольда Кранэнбэрга, была знойдзена крыніца мінэральнай вады, багатай серай. Мінэральная вада й вялікія гразевыя залежы сталі штуршком для разьвіцьця турыстычных паслуг і будовы курорту. А ўсё гэта знаходзіцца ў ваколіцах мястэчка Брэст Куяўскі.
Караліна Русіновіч