http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=133909

Запрашаему у Польшчу - Санок

19.06.2010


Сёньня запрашаем вас, шаноўныя слухачы, наведаць горад Санок, які знаходзіцца ў Падкарпацкім ваяводзтве Польшчы (поўдзень краіны) і які зьяўляецца гэта званай «брамай» гор Бяшчады.
 
Гэты горад мае вельмі прываблівую архітэктуру й цікавае палажэньне: ён знаходзіцца на скрыжаваньні вельмі цікавых турыстычных маршрутаў. 

Санок быў заснаваны ў IX стагодзьдзі, аднак самыя цікавыя помнікі пакінулі пазьнейшыя эпохі. Так, гатычны замак захаваўся ў абліччы эпохі рэнэсанс, калі ён быў перабудаваны. Сёньня тут месьціцца Гістарычны музэй зь вельмі цікавай калекцыяй карпацкіх іконаў. Іншым каштоўным экспанатам музэю зьяўляюцца працы Зьдзіслава Бэксіньскага — польскага мастака, якія захапляюць фантастычнымі формамі. Іншым цікавым помнікам зьяўляецца праваслаўны катэдральны сабор сьвятой Тройцы з XVIII стагодзьдзя. Унутры сабору знаходзіцца поўны іканастас з XIX веку й бакавыя алтары ў стылі барока зь першай паловы XVIII стагодзьдзя, а таксама ікона Божай Маці зь дзіцяткам з XVII веку.
 
Вельмі цікавы помнік Саноку - Музэй народнага будаўніцтва, інакш кажучы, этнаграфічны музэй. Гэта адзін з самых прыгожых музэяў на адкрытым паветры у Эўропе. Што тычыцца колькасьці сабраных тут аб’ектаў — гэта самы вялікі музэй такога тыпу ў Польшчы. Тут прадстаўлена  культура польска-ўкраінскага памежжа з усходняй часткі Карпатаў. У музэі ёсьць асобныя экспазыцыі для кожнай з этнаграфічных групаў гэтага рэгіёну. У музэі сабрана больш за сто аб'ектаў драўлянага дойлідзтва з XVII-XX стагодзьдзяў. Тут ёсьць сакральныя аб’екты, жылыя будынкі, гаспадарчыя й тэхнічныя пабудовы, грамадзкія гмахі. У большасьці гэтых будынкаў унутры знаходзяцца экспазыцыі, адкрытыя для наведвальнікаў.
 
Будучы ў Саноку, варта завітаць на два тэматычныя маршруты: Шлях Іконаў і Шлях драўлянай архітэктуры. Па гэтых шляхах можна падарожнічаць на машыне, але варта скарыстацца іншым транспартным сродкам — роварам. Тады вы зможаце ўбачыць усё хараство карпацкай прыроды. Нягледзячы на тое, што гэтыя сьцежкі ідуць па гарыстай мясцовасьць, іх зможа праехаць кожны. Проста слабейшым асобам спатрэбіцца больш часу, каб пераадолець маршрут. Аднак насамрэч варта ўкласьці крыху высілкаў і адчуць смак гэтых маляўнічых зямель!
 
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч