http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=134169

Весткі культуры

23.06.2010

20 вялікіх канцэртаў у 20 розных гарадах Польшчы – так будзе выглядаць сёлетняя вакацыйная траса „Лета з радыё”. Найбольш папулярная вакацыйная прапанова Першай праграмы Польскага радыё пачалася традыцыйна ў першы дзень астранамічнага лета. У гэтым годзе „Лета з радыё” сьвяткуе свае 39 народзіны.

Акрамя штодзённых выпускаў на хвалях Першай праграмы, „Лета з радыё” традыцыйна мае канцэртную трасу. Першая адбудзецца ў найбліжэйшую суботу ў Остраве Велькапольскім, апошні канцэрт адбудзецца 29 жніўня ў Аструдзе.

Зоркамі сёлетніх канцэртаў будуць такія польскія выканаўцы як: Яцэк Стахурскі, Кася Кавальска, Патрыцыя Макоўска, гурты Комбі, Братанкі ды многія іншыя. На кожным канцэрце выступяць прынамсі дзьве зоркі й адзін кабарэт. Акрамя канцэртаў будуць падрыхтаваныя адмысловыя праграмы для дзяцей.

На кожнай імпрэзе слухачоў чакаюць кулінарныя неспадзеўкі. Вядомы кухар Робэрт Сова замовіў, між іншым, больш за тону сялёдкі, зь якой будзе гатаваць смачныя стравы.

Выстава плякатаў, а таксама выступ польскіх піяністаў пачалі ў Парыжы фэстываль „Шапэн у Люксэмбурскім садзе”. Імпрэза арганізаваная мэрыяй Варшавы ды францускім Сэнатам.

Адкрыцьцё фэстывалю было падвойным. Спачатку была адчыненая выстава, на якой былі сабраныя больш за 100 польскіх плякатаў, зьвязаных з Шапэнам. Сярод іх былі афішы чарговых шапэнаўскіх конкурсаў.

Пасьля адкрыцьця выставы польская музыка загучала на адмыслова падрыхтаванай сцэне. Выступілі маладая піяністка Яанна Ружэўска, Януш Алейнічак, якім акампанаваў смычковы квартэт Дафо.

Фэстываль „Шапэн у Люксэмбурскім садзе” завершыцца 25 ліпеня. Канцэрты будуць адбывацца ў кожную нядзелю.


З 24 па 27 чэрвеня ў менскім кінатэатры „Цэнтральны” пройдзе фэстываль аўстралійскага кіно. Гэта першы фэстываль аўстралійскага кіно ў Беларусі. Яго мэта – пазнаёміць беларусаў з аўстралійскай культурай.

У праграме фэстывалю – чатыры фільмы розных гатункаў. 24 чэрвеня гледачы могуць паглядзець драму „Ромул, мой бацька” (2007 год) рэжысэра Рычарда Роксбурга. Яшчэ раз гэты фільм будзе паказаны 26 чэрвеня.

25 і 27 чэрвеня адбудзецца паказ камэдыі „Любоўная сэранада” (1996) рэжысэра Шырлі Барэт. На Канскім фэстывалі гэты фільм атрымаў узнагароду „Залатая камэра” за найлепшы рэжысэрскі дэбют.

25 і 26 чэрвеня будзе паказаная стужка „Мая мама Фрэнк” (2000 год) рэжысэра Дэвіда Сізара.

Усе фільмы будуць паказаныя на арыгінальнай мове з расейскімі субтытрамі.

БелаПАН

Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі й чэская арганізацыя “Чалавек у нядолі” ў супрацоўніцтве з шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый запрашаюць на паказы лепшых стужак Міжнароднага фэстывалю дакумэнтальных фільмаў па правах чалавека ONE WORLD 2009.

25-29 чэрвеня ў Магілёве й Менску распачнецца фэстываль дакумэнтальных фільмаў па правах чалавека. Падчас фэстывалю будуць паказаныя тры лепшыя дакумэнтальныя стужкі – пераможцы.

«Жаўнеры ў сары (Нэпал/ЗША/2008) - грамадзянская вайна ў Нэпале 2006 году, якая прывяла да ўзнаўленьня дэмакратыі, прымусіла многіх жанчын актыўна ўдзельнічаць у канфлікце, каб мець сваю ролю ў вырашэньні будучыні краіны.

«Моц бясьсільных» (Чэхія/2008) - стужка пра важнасьць аналізу былых памылак для разьвіцьця грамадзтва. Фільм шукае адказ, чаму сёньня многія чэхі ня хочуць, каб іх камуністычнае мінулае было раскрытае.

«Ёдакскія гісторыі (Нарвэгія/Польшча/2008) - ці можна зрабіць мюзікл на падставе асабістых гісторый ахвяр камуністычнага рэжыму Паўночнай Карэі й вязьняў сучасных канцэнтрацыйных лягераў? Жудасныя гісторыі ўцекачоў і захапляльная харэаграфія.

Усе паказы бясплатныя.

У нядзелю ў Лагове на захадзе Польшчы распачаўся найстарэйшы ў краіне фэстываль мастацкіх фільмаў. Гэта ўжо 39-я па ліку імпрэза.

За Залатыя, Срэбныя й Бронзавыя галінкі пазмагаюцца стужкі: "Różyczka" Яна Кідавы-Блоньскага, "Las" Пётры Дымалы, "Dom zły" Войцеха Смажоўскага, вугорскі фільм Жарт” Пэтэра Гардаса, швайцарскі “Зьнікненьне Юліі” Хрыстафа Шаўба, чэскі фільм “Сапраўдны рай” Ірэны Паўласковай.

У сэкцыі «Калейдаскоп» можна будзе паглядзець фільмы з Украіны, дакумэнтальныя стужкі з Аўстрыі й Нямеччыны, а таксама дацкія мультфільмы. У праграме таксама паказ эцюдаў студэнтаў Лодзкай кінашколы.

Кампанія Google да канца 2010 году прадставіць карыстальнікам магчымасьць бясплатна пампаваць музыку праз аднайменны пашукавік.

У 2011 годзе кампанія плянуе распачаць наступны крок у разьвіцьці ўласнага музычнага сэрвісу. Чакаецца, што яна прадставіць сэрвіс онлайн-музыкі па падпісцы, накшталт Last.fm.

Цяпер кампанія вядзе перамовы з праваўласьнікамі.