http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=134174

НАВУКА Й ТЭХНІКА

24.06.2010

„ADHD не зьнікае ў школе”

3-7 % дзяцей школьнага ўзросту пакутуюць у выніку ADHD – хваробы дэфіцыту ўвагі й гіпэрактыўнасьці (Attention Deficit Hyperactivity Disorder).

У 60% хворых прызнакі хваробы бачныя таксама ў дарослым жыцьці, - падкрэсьлівалі ўдзельнікі дэбатаў над назовам „ADHD не зьнікае ў школе”, якія надоечы прайшлі ў Варшаве.

Прафэсар Тамаш Валяньчык, старшыня Камісі па справах ADHD Польскага псыхіятрычнага таварыства падкрэсьлівае, што колькасьць прызнакаў хваробы зьмяншаецца разам з узростам, але мяняюцца таксама патрабаваньні сучаснага грамадзтва.

Асобу гіпэрактыўныя, нягледзячы на сваю інтэлігенцыю, горш спраўляюцца ў дарослым жыцьці.

Тамаш Валяньчык: Паступова, калі чалавек дарастае й пачынае сам арганізоўваць сваё жыцьцё, то нават гэтыя меншыя, чым у дзяцінстве, праблемы з засяроджваньнем увагі, з плянаваньнем актыўнасьці, ці заканчваньнем распачатых заданьняў вельмі ўскладняюць жыцьцё ў грамадзтве. 

- тлумачыць старшыня Камісі па справах ADHD Польскага псыхіятрычнага таварыства.

Псыхатэрапэўт Малгажата Сьвеньціцка падкрэсьлівае, што дзеці зь гіпэрактыўнасьцю маюць паніжанае пачуцьцё ўласнай вартасьці. Каб дапамагчы ў правільным разьвіцьці маладога чалавека, неабходная супраца й тэрапія ўсёй сям’і.

Малгажата Сьвеньціцка: Трэба працаваць таксама з бацькамі, каб яны не каралі дзяцей, не аказвалі ім свайго асуджэньня, прымянялі больш выхаваўчыя мэтады, якія прадугледжваюць узнагароды й пахвалу, станоўчую ўвагу. Дзякуючы гэтаму дзеці становяцца ўсё больш ўпарадкаванымі й арганізаванымі.

- лічыць псыхатэрапэўт Малгажата Сьвеньціцка.

Людзі, закранутыя ADHD, таленавітыя, вынаходлівыя, яны маюць вялікае ўяўленьне.

Згаданай хваробай хварэла шмат вядомых палітыкаў, навукоўцаў ці мастакоў, між іншым: Сальвадор Далі, Томас Эдысон, Альбэрт Эйнштэйн, Джон Ленан ці Эрнэст Мілер Хэмінгуэй.

Гарадзкія лісы атакуюць вялікабрытанцаў

Ужо другі раз у бягучым месяцы ў Вялікабрытаніі ліса заатакавала дзіця. Справа тым больш непакоіць, што гаворка не ідзе пра дзікіх, лясных зьвяроў, але пра лісіц, якія прыжыліся ў гарадох, дзе яны прывыклі да людзей.

У Брайтан ліса пакусала 3-гадовага хлопчыка на панадворку дзіцячага садка. Два тыдні таму ў сярэдзіне дня ліса з агароду ўварвалася ў дом і балюча пакусала 9-месячных  блізьнюкоў.

Каралеўскае таварыства па барацьбе з катаваньнем жывёлаў заклікае, каб не ўспрымаць згаданых выпадкаў як нармальных паводзінаў гэтых зьвяроў. Адначасова чальцы таварыства заклікаюць жыхароў Вялікабрытаніі не карміць і не асвойваць лісаў.

Лісы прыжыліся ў брытанскіх гарадох, дзе іх папуляцыя на квадратны кілямэтар перавышае 15 зьвяроў. Згаданае блізкае суседзтва дапамагло 6 гадоў таму ажыцьцявіць забарону лоўлі лісаў, насуперак аргумэнтам фэрмэраў, якія перасьцерагалі, што яны могуць буць небясьпечнымі для людзей і хатняй жывёлы.

Усё ж, паводле камэнтатараў, апошняя актыўнасьць лісаў і сур’ёзныя выпадкі пакусаньня могуць зьнішчыць сэнтымэнталізм жыхароў брытанскіх гарадоў.

Узровень стрэсу ў працы ўплывае на пол дзіцяці

Часопіс „BMC Public Health” апублікаваў вынікі дасьледаваньняў, датычных сувязяў між узроўнем стрэсу, зь якім цяжарныя жанчыны сустракаюцца ў сваёй працы, ды полам будучага дзіцяці.

Першыя гэткага роду аналізы былі праведзеныя пад кіраўніцтвам навукоўца з Унівэрсытэту ў Кальгары. У аналізах пад увагу браліся 16 тысячаў жанчынаў, якія ў гадох 2000-2005 нарадзілі дзіця ў адным са шпіталяў у Вялікабрытаніі.

Аказваецца, што стрэс на працы нязначна, але ўсё ж у статыстычных памерах уплывае на пол дзяцей.

Жанчыны, якія працуюць у прафэсіях, зьвязаных з псыхічным напружаньнем, часьцей нараджалі дзяўчынак. Народзінам хлопчыкаў, паводле навукоўцаў, больш спрыяюць прафэсіі, зьвязаныя з мастацтвам, культурай і адпачынкам.


У Стоўнгендж сустрэлі лета

Tысячы асобаў сьвяткавалa ў брытанскім Стоўнгендж надыход лета. Як кожны год у згаданым месцы сабраўся натоўп турыстаў, мясцовых жыхароў і кельцкіх сьвятароў.

За ўсходам сонца, побач каменнай будоўлі, якая ўзьнікла некалькі тысячаў гадоў таму, сёлета назірала каля 20 тысячаў людзей. Паводле некаторых камэнтатараў, сьвяткаваньне найдаўжэйшага дня году на паўночным паўшар’і – гэта вяртаньне брытанцаў да барбарскіх каранёў.

„Усе мы зьяўляемся часткай натуры, цыклаў прыроды. Менавіта тут асабліва адчувальныя гэтыя цыклічнныя зьмены”, - тлумачыў адзін з кельцкіх духоўных.

Рэкорд папулярнасьці Стоўнгендж зафіксаваны год таму, калі ўсход сонца супольна глядзелі 36 тысячаў чалавек. Сёлета іх было амаль на палову менш. Не абышлося безь інцыдэнтаў. 34 асобы былі затрыманыя паліцыяй за ўтрымліваньне наркотыкаў.

Чарговае сьвяткаваньне адбудзецца ў сьнежні падчас найкарацейшага дня году.

А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org