http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=134199

Лукашэнка „моцна трымаецца” ў рэйтынгу найгоршых дыктатараў сьвету

23.06.2010

Аляксандар Лукашэнка заняў перадапошняе 22-е месца ў рэйтынгу найгоршых дыктатараў сьвету.  Найноўшы рэйтынг, у якім апынуліся 23 дыктатары з усіх краінаў сьвету, апрацаваў амэрыканскі часопіс „The Foreign Policy”.

Акрамя беларускага прэзыдэнта, у сьпісе апынуліся кіраўнікі яшчэ дзьвюх былых савецкіх рэспублікаў: прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў заняў 5-е месца, а прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў, які кіруе краінай ад самага пачатку ейнай незалежнасьці, ужо больш за 20 гадоў, апынуўся на 7-м месцы ў рэйтынгу.

Што тычыцца самога Лукашэнкі, то, паводле публікацыі, тытул „апошняга дыктатара Эўропы” ён атрымаў нездарма, паколькі ўжо 16 гадоў трымае краіну „жалезнай хваткай”.

Падобнага зьместу рэйтынгі зьяўляюцца сыстэматычна. Іх публікуюць розныя міжнародныя выданьні й праваабарончыя арганізацыі.

Да сваёй пазыцыі ў такіх рэйтынгах Аляксандар Лукашэнка напэўна ўжо прызвычаіўся. Ці гэтыя рэйтынгі маюць нейкі ўплыў на сытуацыю й паводзіны дыктатараў? На думку палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, такія апрацоўкі даволі патрэбныя.

Уладзімер Мацкевіч: Гэтыя рэйтынгі маюць значэньне для фармуляваньня стаўленьня ці фармуляваньня грамадзкай думкі адносна той ці іншай краіны. Гэта ўплывае на імідж, на ўспрыняцьце краіны ў сьвеце, і ўсё залежыць ад піяру й распаўсюджанасьці гэтых рэйтынгаў, а таксама даверу да арганізацыяў, якія іх ствараюць. Гэта патрэбная справа, паколькі яна ўплывае на адносіны, у тым ліку ўкосным чынам, на інвэстыцыйны клімат і на магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва.

22-еесца на магчымыя 23 можа выклікаць перакананьне, што ня ўсё так дрэнна, ёсьць горшыя кіраўнікі. Аднак, як зазначае экспэрт, варта браць прыклад зь лепшых.

Уладзімер Мацкевіч: Да гэтага небходна ставіцца менавіта такім чынам, гэта брэнд, які раскручвала беларуская грамадзянская думка ці беларуская апазыцыя, што гэта „апошняя дыктатура ў Эўропе” ці „крывавы рэжым”. Хаця, зразумела, адкуль вынікаюць такія меркаваньні, але трэба глядзець шырэй і бачыць, што ёсьць больш жорсткія дыктатуры й дыктатары, ёсьць краіны зь яшчэ меншай і горшай палітычнай культурай, чым Беларусь. Але зь іншага боку, з таго, што ёсьць горшыя рэжымы, мы не павінны ганарыцца й падтрымліваць гэты рэжым. Увогуле, тое, што мы патрапілі ў гэты рэйтынг, нават калі б Лукашэнка заняў там апошняе месца, гэта клопат, які павінен прымушаць нас да дзеяньняў.

Аўтары рэйтынгу зазначаюць, што калі б пры ўладзе заставаўся зьвергнуты прэзыдэнт Кыргыстану Курманбек Бакіеў, які атрымаў прытулак у Беларусі, то ён, несумненна, заняў бы высокую пазыцыю ў гэтым рэйтынгу. Адначасова зьвяртаюць увагу на тое, што Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца адзіным прэзыдэнтам, які адважыўся прыняць зьвергнутага лідэра Кыргыстану.

Караліна Русіновіч

Рэйтынг горшых дыктатараў сьвету паводле The Foreign Policy

1. Кім Чэн Ір, КНДР (16 гадоў кіраваньня)
2. Робэрт Мугабэ, Зымбабвэ (30 гадоў кіраваньня)
3. Тан Шве, М’янма (18 гадоў кіраваньня)
4. Амар Хасан аль Башыр, Судан (21 год кіраваньня)
5. Гурбангулы Бэрдымухамэдаў, Туркмэністан (4 годы кіраваньня)
6. Ісая Афэворк, Эрытрэя (17 гадоў кіраваньня)
7. Іслам Карымаў, Узбэкістан (20 гадоў кіраваньня)
8. Махмуд Ахмадзінэжад, Іран(5 гадоў кіраваньня)
9. Мэлес Зэнаўі, Эфіёпія (19 гадоў кіраваньня)
10.Ху Цзыньтао, Кітай (7 гадоў кіраваньня)
11. Муамар Кадафі, Лібія (41 год кіраваньня)
12. Башар аль Асад, Сырыя (10 гадоў кіраваньня)
13. Індрыс Дэбі, Чад (20 гадоў кіраваньня)
14. Тэадора Абіянг Нгема Мбасога, Экватарыяльная Гвінэя (31 год кіраваньня)
15. Хосьні Мубарак, Эгіпэт (29 гадоў кіраваньня)
16. Яя Джамэ, Гамбія (16 гадоў кіраваньня)
17. Уга Чавэс, Вэнэсуэла (11 гадоў кіраваньня)
18. Блез Кампаорэ, Буркіна Фасо (23 гады кіраваньня)
19. Ёвэры Мусэвені, Уганда (24 гады кіраваньня)
20. Поль Кагамэ, Руанда (10 гадоў кіраваньня)
21.Рауль Кастра, Куба (2 гады кіраваньня)
22. Аляксандар Лукашэнка, Беларусь (16 гадоў кіраваньня)
23. Поль Бія, Камэрун (28 гадоў кіраваньня).


Крыніца: www.foreignpolicy.com/articles/2010/06/21/the_worst_of_the_worst