http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=134290

Запрашаем у Польшчу- Міньск Мазавецкі

24.06.2010

Сёньня, дарагія сябры, запрашаем вас у Міньск Мазавецкі. Гэты гарадок знаходзіцца ў 40 кілямэтрах ад Варшавы. У ім жывуць, альбо прыязджаюць адпачыць многія людзі, якія працуюць у Варшаве. Назва Міньска паходзіць ад ракі Мені. Прыметнік „Мазавецкі” мае адрозьніваць назву гэтага гораду ад беларускай сталіцы.

У сваёй гісторыі горад неаднойчы мяняў назву. У сярэднявеччы гэта вынікала хутчэй з разьвіцьця польскай мовы, чым з палітычных зьменaў.

Пачаткова асада назавылася па-рознаму: Менск, Меньск і Міньск. І так было аж да 1868 году, калі царскія ўлады перайменавалі горад у Новаміньск. Сёньняшняя назва была вернута гораду 7 ліпеня 1916 году.

Гісторыя Міньска сягае 600-гадовай даўніны. Гарадзкія правы гораду надаў князь мазавецкі Януш І Старшэйшы 29 траўня 1421 году. Першым уладальнікам гораду быў Ян з Гасьценчыц гербу Прус ІІІ. Для гісторыі гораду найбольш балючымі былі XVII і XVIII стагодзьдзі, у прыватнасьці жыхары перажылі Швэдзкі патоп.

У часах Лістападавага й Студзеньскага паўстаньняў ваколіцы Міньска былі месцам шматлікіх бітваў. Падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 году 17 жніўня тут адбылося аб’яднаньне польскіх сілаў. У тым часе гаспадары гораду прыймалі там Юзэфа Пілсудзкага, Юзэфа Галера й Шарля дэ Голя.

Ад XІX стагодзьдзя да Другой сусьветнай вайны ў горадзе пражывала вялікая габрэйская суполка, сёньня па ёй засталіся толькі могілкі. У Менску знаходзяцца каля 20 аб’ектаў, унесёных у сьпіс помнікаў дойлідзтва. Адным з такіх помнікаў зьяўляецца Палац Дэрналовічаў- гэта палацава-паркавы комплекс, у склад якога ўваходзяць некалькі аб’ектаў. Палац быў пабудаваны ў XVII стагодзьдзя ў стылі барока. У 1-й палове XІX стагодзьдзя палац перабудавалі ў стылі клясыцызму. Ад 1867 году вакол палацу пачалі засаджваць парк. На тэрыторыі гораду знаходзіцца 13 помнікаў прыроды. У горадзе ёсьць шмат сьвятыняў розных хрысьціяньскіх веравызнаньняў.

Аднак шмат каштоўных будынкаў не захавалася да нашых дзён, па іх засталіся толькі архіўныя дакумэнты. У прыватнасьці будынак праваслаўнай царквы звычайна разабралі ў 1936 годзе, паколькі не было праваслаўных вернікаў, засталася толькі агароджа.
Габрэйкую сынагогу й чыгуначны вакзал, пабудаваны ў стылі барока, збамбардавалі немцы ў 1939 годзе.

На сёньняшні дзень горад пасьпяхова разьвіваецца. У Міньску даволі добра разьвіты гандаль, інфраструктура й прамысловасьць. Міньск Мазавецкі актыўна супрацоўнічае зь блізкімі й далейшымі суседзямі. Мае падпісаныя дамовы аб партнэрстве з гарадамі розных краінаў, у тым ліку й зь беларускай Воршай.

Хаця горад і невялікі, у ім адбываюцца розныя культурніцкія мерапрыемствы.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч