http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=134291

5 гадавіна адкрыцьця адрэстаўраваных могілак Львоўскіх арлянят

24.06.2010

24 чэрвеня споўнілася 5-я гадавіна з дня адкрыцьця могілак Львоўскіх арлянят. Гэта аўтаномная частка Лычакоўскіх могілак у Львове.  На іх спачываюць каля 3-х тысяч польскіх жаўнераў, пераважна гэта маладыя хлопцы, якія загінулі ў бітвах з украінцамі за Львоў у 1918-1919 гадох, а таксама падчас польска-бальшавіцкай вайны 1920 году.

Пад канец Першай сусьветнай вайны, калі распалася манархія Габсбургаў, камандваньне аўстрыйскай арміі пачало спрыяць імкненьням украінскіх колаў пераняць уладу ў горадзе.

На пачатку кастрычніка 1918 году ўкраінская парлямэнцкая рэпрэзэнтацыя вырашыла склікаць у Львоў прадстаўнікоў з усіх украінскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Аўстравугоршчыны: Усходняй Галіцыі, Букавіны й Закарпацкай Русі. 19 кастрычніка 1918 году на зьезьдзе ў Львове была створана Ўкраінская народная рада. Яна прыняла рэзалюцыю аб стварэньні Ўкраінскай дзяржавы, у склад якой  мела ўвайсьці ўсходняя Галіцыя аж па межы ракі Сан.

Раніцай 1 лістапада ўкраінскі вайсковы камітэт пры дапамозе жаўнераў з украінскіх падразьдзяленьняў захапіў галоўныя грамадзкія будынкі: галіцыйскі Сэйм, камэндатуру паліцыі й галоўную пошту.

Хаця ўкраінцы перанялі вайсковую ўладу ад аўстрыйскай вайсковай камэндатуры, а цывільную ўладу ад намесьніцтва, аднак ня здолелі захапіць усяго Львова. Палякі, габрэі, а нават некаторыя ўкраінцы не хацелі  пагадзіцца на тое, каб Львоў апанавала ўкраінская меншасьць.

Хутка й спантанна ствараліся розныя групы, якія праводзілі партызанскую дзейнасьць. У Бітвах за Львоў, якія ў самым горадзе доўжыліся з 1 да 22 лістапада, загінула  шмат палякаў, самы малодшы з абаронцаў гораду меў 9 гадоў, сямёра хлопцаў мелі па 10 гадоў, змагаліся таксама вэтэраны паўстаньня з 1863 году, якім было ўжо па 75 гадоў.

У часе Бітваў за Львоў забітых хавалі на імправізаваных могілках, непадалёк пунктаў супраціву. Пасьля завяршэньня бітваў польскія ўлады Львова вырашылі правесьці эксгумацыю целаў і перанесьці іх на спэцыяльна вызначаную частку Лычакоўскіх могілак. Па ініцыятыве Марыі Цішкоўскай - маці аднаго зь гімназістаў, забітага падчас бітвы за горад, быў створаны камітэт, які заняўся зборам грошай на Маўзалей абаронцаў Львова. У 1921 годзе студэнт архітэктуры Рудольф Індух, які таксама змагаўся за горад, распрацаваў праект Маўзалея загініўшых паплечнікаў.

Пасьля Другой сусьветнай вайны нэкраполія была разбураная. Толькі пасьля 1939 году паміж польскімі й украінскімі ўладамі пачаліся доўгія й складаныя перамовы адносна адбудовы могілак Львоўскіх арлянят.

Кантравэрсіі ва ўкраінцаў выклікаў праект адбудовы могілак і надпісы на намагільных плітах. Тэрмін урачыстага адкрыцьця могілак увесь час адкладаўся.

Пяць гадоў таму адбылося ўрачыстае адкрыцьцё адрэстаўраваных могілак з удзелам тагачасных прэзыдэнтаў Польшчы й Украіны Аляксандра Квасьнеўскага й Віктара Юшчанкі. Набажэнства адслужылі ерархі Каталіцкага касьцёла ва Ўкраіне абодвух абрадаў: кардынал Рымакаталіцкага касьцёла Марыян Яворскі й кардынал Грэкакаталіцкага касьцёла Любамыр Гузар.

У адпаведнасьці з польска-ўкраінскім пагадненьнем на цэнтральнай намагільнай пліце знаходзіцца надпіс „Тут ляжаць польскія жаўнеры, якія загінулі за Айчыну”.

На адрэстаўраваныя могілкі вярнуліся таксама адноўленыя помнікі амэрыканскіх лётнікаў і францускіх жаўнераў, якія падтрымлівалі палякаў у барацьбе за незалежнасьць Польшчы.

 

Караліна Русіновіч