http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=134643

Ушанаваньне ўгодкаў беларускага друку - 2

01.07.2010


Акадэмію для ўшанаваньня 450 угодкаў беларускага друку 17 верасьня 1967 году сарганізавала ў Таронце Згуртаваньне беларусаў Канады. Рэфэраты на акадэміі чыталі: прадстаўнік канадзкіх уладаў Г. П. Ален і д-р Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Адначасова д-р Раісай Жук-Грышкевіч была наладжаная выстава старога беларускага друку. У юбілейным годзе на тэрыторыі Канады на публічным паказе гасьцілі й арыгінальныя кнігі Скарыны. На сусьветнай выстаўцы ЭXПО/67 у Манрэале, у павільёне СССР выстаўленыя былі дзьве, выдадзеныя Скарынам у Празе, біблійныя кнігі. (С. Б., Юбілей беларускага друку, у: „Запісы”, кн. 5, Мюнхэн 1970, с. 122)

У Англіі ўгодкі друку Скарыны рэфэратамі й адмысловымі выставамі адзначыў Беларускі музэй у Лёндане. У першай частцы былі паказаныя рэпрадукцыі з кнігаў Скарыны, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Брытанскага музэю ў Лёндане, у другой – ягоных пасьлядоўнікаў: Цяпінскага, Зызанія, братоў Мамонічаў, а ў трэцяй – навуковая літаратура пра Скарыну. У Манчэстэры рэфэрат пра беларускага першадрукара чытаў а. Леў Гарошка.

У 1968 годзе Пантыфікальны інстытут вывучэньня Ўсходу ладзіў у Рыме навуковую канфэрэнцыю, даклад на якой 450-годзьдзе перакладу й друку Бібліі ў беларускай мове чытаў біскуп Часлаў Сіповіч.

У Аўстраліі рэфэрат з нагоды ўгодкаў друку 7 кастрычніка 1967 году меў у Сыднэі д-р Язэп Малецкі. Рэфэратам угодкі былі адзначаныя 26 лістапада 1967 году і ў Мэльбурне.

Пра доктара Скарыну і ўгодкі беларускага друку вялікую інфармацыю даў публікаваны ў Парыжы трыма выданьнямі паралельна: па-ангельску, па-француску й па-гішпанску біюлетэнь міжнароднае арганізацыі Задзіночаных Нацыяў для справаў культуры ЮНЭСКО – UNESCI FEATURES (№ 511, 11.09.1967).

Адзначылі ўгодкі Скарынавага друку й беларусы Польшчы. Некалькі ўгодкавых артыкулаў паявілася ў беластоцкім тыднёвіку „Ніва” ды ў „Беларускім календары” Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы.

У Беларусі пра належнае адзначэньне 450 угодкаў беларускага друку пачалі рупіцца гады два перад юбілейнай датай. Яшчэ вясною 1966 году паўстаў у Менску арганізацыйны камітэт зь віцэ-старшынём Акадэміі Навук БССР, пісьменьнікам Кандратам Крапівою на чале. У Менску публічнае ўгодкавае паседжаньне адбылося 15 жніўня 1967 году ў канцэртнай залі дзяржаўнай філярмоніі. З дакладам Францыск (Георгій) Скарына – заснавальнік беларсукага кнігадруку выступіў Пятрусь Броўка. Пасьля афіцыйнай часткі адбыўся канцэрт. Яшчэ з пачаткам жніўня ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР была наладжаная выстава друку Рэспублікі. Выставы былі і ў бібліятэцы імя М. Горкага ды ў іншых. 16 жніўня адбылася навуковая сэсія АН БССР, якую адкрыў прэзыдэнт Акадэміі В. Купрэвіч. Даклады чыталі: А. Грыцкевіч – Беларусь у эпоху Скарыны, П. Глебка – Францішак Скарына й яго дзейнасьць, В. Сярбента – Францішак Скарына – мысьліцель, Р. Канавалаў – Разьвіцьцё кнігавыдавецкай справы ў БССР. 17 жніўня афіцыйныя ўгодкавыя ўрачыстасьці былі перанесеныя ў Полацак. З дакладам Францішак Скарына – заснавальнік беларускага друку выступіў П. Барысенка. У Полацкім доме культуры, у гісторыка-краязнаўчым музэі, у бібліятэках, клюбах, кніжным магазыне „Светач” былі наладжаныя фотаілюстрацыйныя выставы. 18 жніўня на Праспэкце Карла Маркса ў Полацку быў закладзены мэмарыяльны камень з надпісам: „На гэтым месцы будзе ўстаноўлены помнік пачынальніку беларускага кнігадрукавання Францыску (Георгію) Скарыне”. Выканаць угодкавы матэрыял даручэньне атрымаў мастак Арлен Кашкурэвіч. На адным баку мэдаля дадзены партрэт Скарыны з напісам ФРАНЦЫСК-ГЕОРГІЙ СКАРЫНА, а на другім – раскрытая кніга й напіс 450 ГОД БЕЛАРУСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ. У ліпені 1967 году ў Менску была выдадзеная таксама паштоўка з гравюрай мастака Салькова ды напісам: Францыск (Георгій) Скарына – 450 гадоў беларускага кнігадрукавання. Найгорш у Беларусі ўгодкі беларускага друку выпалі ў галіне якраз беларускага друку. Ніводнага беларускага ўгодкавага выданьня ў юбілейным 1967 годзе не зьявілася.

Толькі на адно выданьне партыйная цэнзура паперы не пашкадавала – на перадрук расейскага, Сталінскае яшчэ пары, раману М. Садковіча й А. Львова «Георгий Скарина»” – адзначаецца ў публікацыі Угодкі друку ў Беларускай ССР, зьмешчынай на старонках часопіса „Запісы” за 1970 год. (С. Б., Угодкі друку ў Беларускай ССР, у: „Запісы”, кн. 5, Мюнхэн 1970, с. 132)

Ніна Баршчэўская