http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=135324

Шлях на Грунвальд

09.07.2010


15 ліпеня 1410 году адбылася найбуйнейшая бітва Сярэднявечча. Спалучаныя сілы Польскай Кароны й Вялікага Княства Літоўскага перамаглі рыцараў крыжацкага Тэўтонскага ордэну. Бітва адбылася на полі пад вёскай Грунвальд. Сёлета спаўняецца 600 гадоў з дня легендарнай падзеі.

У 1410 годзе Вялікі магістар Ульрых фон Юнгінген прывёў на бітву армію ў складззе 52 харугваў агульным лікам 21 тысячы конных рыцараў і 6 тысяч пяхоты й артылерыстаў. Апроч гэтага, у лягеры было каля 5 тысяч чэлядзі. Армія была добра ўзброеная й мела багаты баявы досьвед.

Ягайла й Вітаўт мелі пад сваім камандваньнем амаль 32 тысячы жаўнераў, сярод іх - 18 тысяч польскіх конных рыцараў і 2 тысячы пяхоты, 11 тыс. лёгкай коньніцы ВКЛ і 500 пяхоты. Арганізацыйна войска складалася з 50 польскіх харугваў і 40 харугваў ВКЛ. У войску ВКЛ былі 4 харугвы з этнічных літоўскіх земляў, 36 зь зямляў Русі, у тым ліку 28 зь земляў у беларускіх этнічных межах і 8 - з украінскіх.

У адрозьненьні ад крыжакаў, у шэрагах аб’яднаных войскаў пад камандваньнем Ягайлы было мала прафэсійных рыцараў. Аднак гэта не перашкодзіла атрымаць перамогу.

Грунвальдзкая бітва мела беспрэцэдэнтны характар у гісторыі Польшчы й ВКЛ. Па-першае, была спынена нямецкая экспансія на прыбалтыйскія й ўсходнеславянскія землі, а па-другое, быў пакладзены пачатак заняпаду Тэўтонскага Ордэну. ВКЛ атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі, якія вялі ў Эўропу.

Падрыхтоўка да сьвяткаваньня 600-годзьдзя перамогі над крыжакамі амаль завершылася. 15 ліпеня ў гадавіну бітвы адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. 17 ліпеня на Грунвальдзкім полі можа паявіцца  каля 200 тысяч людзей, якія змогуць пабачыць рэканструкцыю гістарычнай бітвы. Віцэ-міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы Пётр Жухоўскі зазначае, што бітва з 1410 году зьяўляецца падзеяй, якой палякі надзвычай ганарацца.

Пётр Жухоўскі: Грунвальд зьяўляецца канкрэтнай перамогай. Палякі патрабуюць такой перамогі, яны ганарацца кожнай сваёй перамогай, гэта выразна відаць на спартовай глебе, дзе мы ганарымся кожным посьпехам нашых спартоўцаў. Нам вельмі не хапае пазытыўных імпульсаў.

У сёлетняй юбілейнай рэканструкцыі Грунвальдзкай бітвы прымуць удзел некалькі тысяч рыцараў з ўсёй Эўропы ды сьвету. Не абыдзецца сьвяткаваньне без беларускай дэлегацыі.

У аўторак у Менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі адбылося асьвячэньне харугваў, пад якімі беларуская дэлегацыя будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах па сьвяткаваньні 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам.

Сярод асьвечаных атрыбутаў - рэканструкцыя баявой харугвы Вялікага Княства Літоўскага зь дзвюма бакавымі выявамі: старажытнага беларускага герба „Пагоня” й Багародзіцы, копіі харугваў Менскага, Віленскага й Смаленскага княстваў з выявай „Пагоні” й гербамі гарадоў, а таксама баявога штандара Вялікага князя ВКЛ Вітаўта з выявай геральдычнага герба „Калоны”. Пад гэтым штандарам на Грунвальдзкім полі змагаліся 10 палкоў Вітаўта.

Рэканструкцыя сьцягоў зробленая намесьнікам старшыні рэспубліканскага грамадзкага аргкамітэта па сьвяткаваньні 660-годзьдзя Вітаўта Вялікага і 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі мастаком Міколам Купавам і вядомым гісторыкам геральдыкі Анатолем Цітовым.
Харугвы вырабляла мастачка па тканінах Алена Лось. Яны зробленыя з шоўку колеру карміна й бавоўны, аздобленыя вышыўкай, аплікацыямі й малюнкамі. Пад гэтымі харугвамі зь гімнам „Багародзіца” на вуснах сучасныя рыцары Вялікага Княства Літоўскага чарговы раз „перамогуць” войскі Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена.

Караліна Русіновіч