Сёньня запрашаем вас у паўднёва-заходнюю частку Польшчы, дзе знаходзіцца ланцуг узвышшаў, які называецца Кракаўска–Чэнстахоўская Юра. Як не цяжка здагадацца, ён знаходзіцца паміж Кракавам і Чэнстаховай. Само па сабе месца даволі прыгожае, там ёсьць вялікія пячоры ды іншыя адметнасьці. Магчыма, менавіта таму ў Сярэднявеччы ў гэтым месцы будавалася шмат замкаў, якія, на жаль, ня ўсе захаваліса да нашых часоў.
Адным зь месцаў, дзе захавалася адна з найбуйнейшых крэпасьцяў у гэтай частцы Эўропы, зьяўляецца Аградзенец. У замку можна ня толькі патрапіць на звычайную экскурсію: можна заплянаваць сабе вечар з дуxамі - гэта наведваньне замку ноччу.
У летнім сэзоне ад траўня па верасень у кожную нядзелю й сьвяточныя дні замак наведваюць рыцары з Рыцарскага брацтва Аградзенецкай зямлі й дэманструюць наведвальнікам рыцарскае майстэрства й старадаўнія танцы.
У 2-х кілямэтрах на поўнач ад замку на падзамчы знаходзіцца „Град на гары Біраў”. Гэта рэканструкцыя драўлянага паселішча пэрыяду раньняга Сярэднавячча, якое існавала ў гэтым месцы да паловы XІІІ стагодзьдзя. Дзякуючы археалягічным дасьледаваньням аказалася, што там існаваў Каралеўскі Град.
Археолягі высьветлілі, што месца зьяўляецца скарбонкай пяці культурніцкіх пэрыядаў: канца нэаліту альбо пачатку бронзавага пэрыяду, Лужыцкай культуры, Рымскай эпохі, канца Рымскай эпохі, пачатак Сярэднявечча й Сярэднявечча.
На гары Біраў адбываюцца пленэры старажытных і сярэднявечных рамесьнікаў. Сёлетні пленэр праходзіць пад назвай „Жыцьцё пачынаецца з кухні”. Як не складана здагадацца, наведвальнікі пабачаць, якім чынам калісьці выпякалі хлеб, сушылі й вэндзілі мяса, ды як варылі ежу на вогнішчы ў гліняным посудзе. Але можна ня толькі паглядзіць, але й пакаштаваць стравы.
Каля месяца таму ў Кракаўска–Чэнстахоўскай Юры зьявілася чарговая турыстычная пярліна. У ваколіцах Аградзенца створаны Парк Юрайскіх замкаў у мініятуры. У адпаведнасьці з дакумэнтамі, якія захаваліся, у самых дробных дэталях удалося рэканструаваць 16 замкаў у скале 1:25. Замкі хаця й малыя, але даюць магчымасьць уявіць сабе, як цудоўна выглядала гэтая тэрыторыя ў часы Сярэднявэчча.
А калі нехта стаміўся наведваньнем, можна зазірнуць у сапраўдную сярэднявечную карчму, дзе дзяўчаты, апаранутыя ў адпаведнасьці з сярэднявечнай модай, пачастуюць сярэднавечнымі стравамі й напоямі.
Караліна Русіновіч