А сёньня, шаноўныя сябры, наведаем горад Гнезна на захадзе краіны – першую сталіцу Польшчы. Гнезна зьяўляецца цэнтрам павету, на дадзены момант у ім пражывае каля 70 тыс. чалавек. Горад, гэтак жа як і Рым, пабудаваны на трох узгорках.
Першыя сьляды чалавека ў гэтым раёне датуюцца эпохай палеаліту. Да канца 8-га стагодзьдзя на месцы, дзе цяпер знаходзіцца горад, было абароннае ўмацаваньне палянаў – старажытнага племені. Паселішча разбудаваў Мешка Першы – першы кароль Польшчы - і яно стала галоўным горадам тагачаснай дынастыі Пястаў. Пасьля 970 году Мешка пабудаваў тут два касьцёлы й каменны замак. У 1000 годзе ў Гнезьне адбылася гістарычная сустрэча нямецкага караля Ота Трэцяга й польскага манарха Баляслава Першага Храбрага. Тады было аб’яўлена аб старэньні Гнезьненскага арцыбіскупства й касьцельнай мэтраполіі. У 1025 годзе ў Гнезьне быў каранаваны Баляслаў Першы Храбры. У 1419 годзе гнезьненскія арцыбіскупы атрымалі тытул прымасаў Польшчы й кардынальскі сан ад Папы. Дзякуючы гэтаму Гнезна стала польскай сталіцай хрысьціянства. Гнезна тады было другім пасьля Кракава цэнтрам культуры й адукацыі.
Пасьля падзелу Польшчы горад уваходзіў у склад Прусіі. Пасьля Першай сусьветнай вайны Гнезна стала адным з цэнтраў Вялікапольскага паўстаньня, дзякуючы якому патрыётам удалося ўтрымаць горад у межах Польшчы. У 1947 годзе камуністычныя ўлады краіны ўзнагародзілі горад Вялікай Стужкай Ордэну Адраджэньня Польшчы за “тысячыгадовую барацьбу зь германскім націскам”.
Дарэчы, існуе такая легенда: трох братоў – Лех, Чэх і Рус - прабіраліся праз гушчар пушчы, каб знайсьці месца для пасяденьня. Раптам убачылі ўзвышша, а на ім – стары дуб, на якім было гняздо арла. І тады Лех сказаў: “Арол будзе гербам майго народу, а вакол дубу пабудую горад, а горад назаву Гнезна.” Астатнія браты пайшлі шукаць іншыя месцы: Чэх на поўдзень, а Рус – на ўсход.
Увогуле, Гнезна – вельмі прыгожы й цікавы горад. У ім – мноства помнікаў гісторыі й архітэктуры, хоць бы касьцёл з 1270 году. Акрамя таго, каля Гнезна шмат азёраў, так што можна ня толькі пазнаёміцца зь гісторыяй гораду, але й адпачыць на беразе чыстых вадаёмаў.