http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=135838

Рэлігійныя весткі

17.07.2010

Менска-Магілёўская архідыяцэзія стала адным з заснавальнікаў Міжканфэсійнай місіі «Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне», - паведамляе прэс-служба Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

16 ліпеня 2010 г. адбылася пазачарговая Асамблея Міжканфэсійнай місіі «Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне», падчас якой былі прынятыя рашэньні ў дачыненьні да яе заснавальнікаў, а таксама вызначаны асноўныя накірункі дзейнасьці.

У гэты дзень у якасьці адных з заснавальнікаў Міжканфэсійнай місіі былі названыя Менска-Магілёўская архідыяцэзія, а таксама Самастойная Эвангельска-лютэранская царква Беларусі.

Падчас паседжаньня былі абмеркаваныя пытаньні зьменаў колькаснага складу дэлегатаў Асамблеі й зьменаў ва ўставе місіі, а таксама дзяржаўная рэгістрацыя дадзеных зьменаў.

Падчас сустрэчы адбылася прэзэнтацыя праграм сацыяльнага служэньня цэркваў, якія ўвайшлі ў склад місіі як заснавальнікі. Былі прааналізаваныя праграмы й праекты на 2010–2011 гг. З асаблівай увагай удзельнікамі Асамблеі былі разгледжаныя мэты, задачы, складанасьці й пэрспэктывы разьвіцьця дадзеных праектаў. Для разгляду былі прапанаваныя некалькі накірункаў будучай дзейнасьці Міжканфэсійнай місіі ў сфэры сям’і, аховы навакольнага асяродзьдзя й экалёгіі.

18 ліпеня а 12 гадзіне ў капліцы ў гонар абразу Маці Божай „Усіх тужлівых радасьць” у Бабруйску пачаўся сямідзённы Крыжовы шлях агульнай працягласьцю 100 кілямэтраў. Маршрут шляху наступны: Бабруйск-Кіраўск-Мышкавічы-Паўлавічы-Жылічы-Чыгірынка-Быхаў.

Паломніцтва завершыцца 24 ліпеня ў Быхаве, дзе паломнікі й харугваносцы прыймуць удзел ва ўрачыстасьцях ушанаваньня абраза Баркалабаўскай іконы Божай Маці „Адзігітрыя”.

 

Ватыкан плянуе выдаць новыя правілы для спыненьня сэксуальных злачынстваў у дачыненьні да дзяцей з боку каталіцкіх сьвятароў. У прыватнасьці, Ватыкан плянуе ўнесьці ў сьпіс асабліва цяжкіх злачынстваў захоўваньне дзіцячай парнаграфіі й прыраўняць дамагальніцтвы да псыхічна хворых людзей да дамагальніцтва да дзяцей. Акрамя таго, тэрмін даўніны пры расьсьледаваньні сэксуальных злачынстваў пракуратурай Ватыкана будзе падвоены з 10 да 20 гадоў.

Як стала вядома, Ватыкан плянуе далучыць у лік самых сур’ёзных злачынстваў супраць Каталіцкага касьцёла „прыняцьцё жанчыны ў сьвятарскі сан”.

Увядзеньні новых правілаў стала актуальным пасьля абвінавачаньня ў пэдафіліі значнай колькасьці каталіцкіх сьвятароў у Эўропе й ЗША. Раней Папа Рымскі Бэнэдыкт XVІ казаў, што Касьцёл зробіць усё магчымае, каб сэксуальныя злачынствы супраць дзяцей з боку каталіцкіх сьвятароў ніколі не паўтарыліся.

Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік Ватыкана Фэдэрыка Лямбардзі заявіў, што зьмены ў касьцёльным каноне не адмяняюць абавязкаў біскупаў, якія павінны паведамляць аб выпадках пэдафіліі ўладам краіны, дзе адбылося злачынства.

Інтэрфакс-Рэлігія

 

З 13 па 18 ліпеня ў Балгарыі адбылася 33 агульнахрысьціянская сустрэча манахаў і манашак з Эўропы, лёзунгам якой былі словы: „Жыцьцё ў Хрысьце – выклікі й спадзяваньні”.

З адмысловымі лекцыямі выступілі праваслаўны мітрапаліт Эстоніі епіскап Стэфан і епіскам Афінагор з Канстантынопаля.

Міжнародны агульнахрысьціянскі саюз манахаў і манашак быў створаны ў 1970 годзе. Кожныя два гады ён ладзіць сустрэчы ў выбранай эўрапейскай краіне. Падчас сустрэчы разглядаюцца пытаньні, зьвязаныя з манаскім жыцьцём і хрысьціянскай верай.


У Індыі паявіцца адмысловая манэта з нагоды 100 гадавіны з дня народзін блаславёнай Маці Тэрэзы з Калькуты. Гэта элемэнт урачыстага сьвяткаваньня, кульмінацыя якога адбудзецца ў жніўні. Невядома, як будзе выглядаць манэта, але вядома, што праект знайшоў падтрымку сярод  уладаў ордэну сясьцёр місіянэрак міласэрнасьці з Калькуты, які заснавала Маці Тэрэза. 

Упершыню манэта будзе паказаная падчас урачыстасьці з удзелам індыйскіх уладаў. 26 жніўня споўніцца 100 гадоў з дня народзін Маці Тарэзы. Урачыстасьці будуць трываць некалькі дзён і ахопяць цэлую краіну. Мясцовае духавенства кажа, што блаславёную Маці Тарэзу прымалі ў цэлай Індыі незалежна ад культурніцкіх і грамадзкіх падзелаў. Таму, на думку касьцёльных уладаў, усе будуць ахвотна ўдзельнічаць у сьвяткаваньнях у яе гонар.

Маці Тэрэза прыбыла ў Калькуту ў 1929 годзе, каб пачаць дабрачынную дзейнасьць сярод жыхароў калькуцкіх трушчобаў. Яе дзейнасьць была дацэненая індыйскімі ўладамі, якія надалі ёй найвышэйшае адзначэньне ў дзяржаве. Яна памерла 5 верасьня 1997 году.  У 2003 годзе Ян Павал ІІ бэатыфікаваў Маці Тэрэзу. Цяпер трывае яе кананізацыйны працэс.

А.П.