http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=135978

Весткі культуры

21.07.2010

Данія, Швэцыя, Нарвэгія, Англія, Францыя й Польшча – гэта краіны на трасе марскога турнэ, у якое ў верасьні вырушыць Нацыянальны сымфанічны аркестар Польскага радыё ў Катавіцэ. Падчас трасы аркестар выканае творы з рэпэртуару Фрыдэрыка Шапэна.

Найпрыгажэйшы польскі ветразёвец „Дар моладзі” з катавіцкім аркестрам на борце зойдзе ў порты вышэй згаданых краін, каб у мясцовых канцэртных залях выканаць творы Фрыдэрыка Шапэна ў 200 гадавіну яго народзін.

Апошні этап рэйсу будзе нагадваць гістарычнае падарожжа кампазытара з Францыі ў Вялікабрытанію ў 1848 годзе.

Падарожжа аркестра завершыцца канцэртам у Гдыні, дзякуючы чаму й польская публіка атрымае магчымасьць пазнаёміцца з творамі кампазытара ў выкананьні вядомага калектыву. Аркестар выканае творы пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Яцэка Каспшыка з удзелам вядомай польскай піяністкі Эвы Купец.

Гэта будзе другое марское падарожжа аркестра на караблі „Дар моладзі”. У першы рэйс аркестар выплыў у 2006 годзе, наведваючы Латвію, Эстонію й Фінляндыю, каб у сталіцах гэтых краін зайграць творы як польскіх, так і мясцовых кампазытараў.


Сустаршыня аргкамітэта па сьвяткаваньні 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі, мастак Мікола Купава абвяшчае продаж некаторых сваіх твораў.

Мастак разьлічвае на тое, што атрыманыя ад продажу карцін сродкі дазволяць кампэнсаваць частку выдаткаў аргкамітэту на падрыхтоўку й сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай перамогі. У першую чаргу маецца на ўвазе выраб Грунвальдзкіх харугваў, паездка на Грунвальдзкае поле ды стварэньне банэраў-плякатаў.

Мікола Купава запрашае беларускіх патрыётаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі. Прапануецца набыць творы Міколы Купавы, сярод якіх акварэль "Вільня. Замак", "Вечар у Ляўках", "Менск. Верхні горад", "Менск пач. ХХ ст.", а таксама партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алаізы Пашкевіч, Фрацішка Багушэвіча, выкананыя ў тэхніцы лінарыт, ды іншыя працы.


У Нацыянальным музэі Польшчы можна паглядзець нетрадыцыйную копію карціны Яна Матэйкі „Бітва пад Грунвальдам” у фармаце 3D.

Праект быў рэалізаваны з нагоды 600 гадавіны бітвы. Групай творцаў, якія працавалі над рэканструкцыяй карціны, кіравалі Рафал Кідзіньскі й Тамаш Багіньскі – вядомыя польскія мультуплікатары.

Глядач запрошаны нібыта ў сярэдзіну бітвы. 67 постацяў прадстаўленыя ў 3D фармаце, таму здаецца, што бітва знаходзіцца літаральна побач з гледачом.

Дадатковай, вельмі важнай рысай карціны зьяўляецца тое, што яе можна свабодна перавозіць па цэлай краіне, а навата за межы Польшчы.

Арыгінальная карціна „Бітва пад Грунвальдам” Яна Матэйкі намаляваная ў 1878 годзе. Гэта найбуйнейшы экспанат Нацыянальнага музэя. Паверхня карціны – 42 квадратныя мэтры.

 

Сьвята-конкурс драўлянай лыжкі сабраў 17 ліпеня ў Беразіне 50 майстраў з 9 рэгіёнаў Менскай вобласьці. Такое мерапрыемства ў Менскай вобласьці праводзілася ўпершыню й ставіла за мэту разьвіцьцё й папулярызацыю гэтага гатунку традыцыйнага мастацтва. Па выніках конкурсу плянуецца адкрыць пакой-музэй драўлянай лыжкі ў Бярэзінскім доме культуры.

Удзел у мерапрыемстве прымалі ня толькі дасьведчаныя майстры, але й вучні мастацкіх гуртоў, студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фальклёрныя калектывы.

Пераможцы былі абраныя ў розных намінацыях – самая вялікая й самая малая лыжкі, наймалодшы лыжкар, найлепшы калектыў мастацкай самадзейнасьці.

Арганізатары сьвята падкрэсьлівалі, што драўляныя лыжкі вельмі шырока прымяняліся ў Беларусі, іх вырабам і продажам займаліся нават цэлыя вёскі. На больш старадаўніх лыжках прагледжваюцца заалягічныя матывы, што было зьвязана з культам жывёлы й птушак. Усё гэта, на думку беларусаў, надзяляла посуд цудатворнымі здольнасьцямі. Гэтыя вырабы ніколі не размалёўвалі. І гэта адрозьнівала беларускія вырабы ад расейскай традыцыі.

Плянуецца, што фэстываль будзе штогадовым.

Паводле БелТА