http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=136115

Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам гораду Генуя

21.07.2010

Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам гораду Генуя. Адпаведныя дакумэнты старшыня беларускага праваабарончага цэнтру „Вясна” й віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека атрымаў ад мэра гораду Марты Вінцэнці.
Такім чынам італьянская грамадзкасьць выказала сваю занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі й падтрымку беларускага праваабаронцы.

Урачыстая цырымоняя ўручэньня ганаровага пасьведчаньня праходзіла 15 ліпеня ў Палацы “Турсі”, на ёй прысутнічала грамадзкасць Генуі, дэпутаты італьянскага парлямэнту, журналісты, моладзь. Сустрэча адбывалася ў форме інтэрактыўнага дыялёгу, а Алесь Бяляцькі непасрэдна на цырымоніі адказваў на пытаньні журналістаў.

У інтэрвію Польскаму радыё Бяляцкі сьціпла сказаў, што гэты тытул прызнаны ня толькі яму, але ўсім беларускім праваабаронцам і змагарам за дэмакратыю ў краіне.

Алесь Бяляцкі: У прынцыпе муніцыпалітэт ставіцца даволі сур’ёзна да прызнаваньня ганаровага грамадзянства гораду. Уручэньне заўсёды прымеркавана да нейкай сьвяточнай падзеі - 15 ліпеня ў іх пачынаўся Тыдзень правоў чалавека, і наданьне ганаровага грамадзянства распачынала гэты тыдзень. Трэба сказаць, што я не расцэньваю гэтага як нейкія свае асабістыя заслугі. Гэта сыгнал італьянскай грамадзкасьці да беларускай грамадзянскай супольнасьці, што яны разам з намі, што яны разумеюць праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, яны падтрымліваюць нас маральна. Але гэта таксама сыгнал беларускім уладам, што міжнародная супольнасьць вельмі сур’ёзна заклапочаная той ненармальнай сытуацыяй з правамі чалавека, з грамадзянскімі свабодамі й палітычнымі нашымі правамі, якія абмяжоўваюцца ў Беларусі на сёньняшні дзень.

Алесь Бяляцкі дадае, што паміж Італіяй і Беларусьсю існавалі й існуюць даволі моцныя грамадзкія сувязі.

Алесь Бяляцкі: На самой справе кантакты зь Беларусьсю тут даволі актыўныя. Яны й эканамічныая, і гуманітарныя, бо большасьць дзяцей па лініі чарнобыльскіх фондаў езьдзіць на аздараўленьне ў Італію, больш за 10 тысяч чалавек штогод. Гэта ў асноўным сацыяльныя акцыі. А вось гэтая палітычная акцыя, якая фактычна была зроблена муніцыпалітэтам, паказала, што іх цікавіць тое, што адбываецца ў сьвеце. У часы глябалізацыі сьвет становіцца такім маленькім. Там недалека ад Генуі ў свой час 500 гадоў таму вучыўся Францішак Скарына, і яны як гандляры даволі актыўна падарожнічалі ў свае часы. Таму іх зацікаўленасьць  Беларусьсю й ейнымі праблемамі зьяўляецца працягам гісторыі й дзейнасьці гэтага славутага гораду.

Ганаровы грамадзянін гораду Генуі спадзяецца, што гэтае адзначэньне дапаможа яму ў ягонай паўсядзёння працы.

Алесь Бяляцкі: Я спадзяюся, што яно можа павялічыць пэўную бясьпеку нашай працы, сяброў праваабарончага цэнтру „Васна”, паколькі, яшчэ раз падкрэсьлю, гэтае грамадзянства распаўсюджваецца ня толькі на мяне, але й на ўсіх беларускіх правабаронцаў. У муніцыпалітэце гаварылася, што яны з узмоцненай увагай будуць адсочваць сытуацыю, зьвязаную зь дзейнасьцю беларускіх праваабаронцаў, і будуць рэагаваць у выпадку праблемаў. Таму, я спадзяюся, што гэта будзе дадатковы чыньнік бясьпекі нашай працы. Гэты тытул мае таксама маральны аспэкт, ён сьведчыць аб тым, што нашая дзейнасьць заўважана ня толькі ў Беларусі, яна важная для нашага эўрапейскага рэгіёну, што мы стаім на слушным шляху.

Трэба зазначыць, што ганаровае грамадзянства Генуі надаецца аднаму чалавеку ў год. Гэты тытул у розныя гады атрымлівалі такія вядомыя ва ўсім сьвеце асобы, як былы прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса (1990), былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў (1996), а таксама прэзыдэнт Ізраіля, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Шыман Пэрэс (1998).

Караліна Русіновіч