(05.08.10)
Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку
Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку быў пакліканы да жыцьця 16 сьнежня 1951 году й хутка стаўся навукова-грамадзкім і культурным цэнтрам беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амэрыкі. БІНіМ арганізуе навуковыя сустрэчы, супрацоўнічае са шматлікімі навуковымі ўстановамі ў ЗША й на цэлым сьвеце, вядзе багатую выдавецкую дзейнасьць. У сэрыі Бібліятэкі БІНіМ выходзяць творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў. БІНіМ выдае таксама працы з галіны гісторыі, літаратуры, мастацтва. Беларускі інстытут навукі й мастацтва выдае свой навуковы часопіс „Запісы”.
„Запісы” выходзяць у Нью-Ёрку ад 1952 году. У гадох 1962-1970 выдаваліся ў Мюнхэне. Галоўнымі рэдактарамі былі: Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Томас Бэрд. Вакол часопіса гуртуюцца інтэлектуальныя сілы беларускай дыяспары. На яго старонках паяўляюцца публікацыі на тэмы гістарычныя, этнаграфічныя, дэмаграфічныя, эканамічныя, культурна-літаратурныя, мовазнаўчыя. Рэдакцыя часопіса здолела зацікавіць беларускай праблематыкай заходніх вучоных.
У выдавецтве БІНіМ выйшла каля 30 кніг, а калі ўзяць пад увагу публікацыі, якія паяўляюцца ў супрацы зь іншымі ўстановамі, такімі як: Цэнтар імя Францішка Скарыны ў Менску, Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаушчына”, Польская акадэмія навук, то колькасьць публікацый перавысіць 40. Важнае месца ў выдавецкай дзейнасьці Інстытуту займаюць сэрыйныя выданьні, такія як: Беларускія пісьменьнікі й паэты, Бібліяграфічная сэрыя, Да гісторыі беларускай эміграцыі. Некаторыя кніжныя пазыцыі БІНіМ маюць асаблівае значэньне, напрыклад, Архівы БНР, Беларусы ў ЗША, Курапаты.
Сярод іншых формаў дзейнасьці Беларускага інстытутут навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку трэба назваць удзел у апрацоўцы мэмарандумаў ды слуханьняў, якія праходзілі ў Кангрэсе ЗША, дзе зьбіраліся доказы пра злачынствы камуністычнага рэжыму ў Беларусі.
Сябры БІНіМ бралі ўдзел у арганізаваньні міжнародных канфэрэнцыяў таксама па-за межамі ЗША, напрыклад: у Вялікабрытаніі (1989), у (1990), у Камянцы Падольскім (1991), Любліне (1992), Троках (1994), Горадні (1995) і ў іншых гарадах.
БІНіМ арганізаваў дзясяткі выставаў – мастацкіх, кнігі й прэсы беларускай, этнаграфічных. Сябры Беларускага інстытуту навукі й мастацтва выступілі прыблізна з тысячай рэфэратаў на розных навуковых форумах ды апублікавалі ў дзясятках англамоўных інфарматараў і энцыкляпэдыяў артыкулы, датычныя Беларусі (Беларускаму Інстытуту Навукі й Мастацтва – 55 гадоў, у: „Беларус”, № 527, Нью-Ёрк 2007).
Жыцьцё ў Беларускім інстытуце навукі й мастацтва ад самага пачатку характарызавалася вялікай актыўнасьцю. Сярод агромністай колькасьці навуковых сустрэчаў я зьвярну ўвагу толькі на тыя, якія аказалі істотны ўплыў на далейшую дзейнасьць. На пасяджэньні 13 лютага 1960 году было вырашана распачаць збор матэрыялаў і фінансавых сродкаў на выданьне літаратурна-культурнага часопіса „Конадні”, а таксама творчасьці беларускага пісьменніка Алеся Гаруна ў сувязі з 40-мі ўгодкамі ягонай сьмерці. Рэдакцыя часопіса была даручана Антону Адамовічу, а яго выданьне згадзілася ўзяць на сябе выдавецтва „Бацькаўшчына” ў Мюнхэне. Было пастаноўлена таксама распачаць працу над Англа-беларускім і Беларуска-ангельскім слоўнікам з больш чым 50 тысячамі лексэм. Дзеля гэтага была паклікана камісія ў складзе: Антон Адамовіч, Вітаўт Кіпель і Вітаўт Тумаш (Зь беларускага жыцьця. У Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва, у: ,,Бацькаўшчына”, № 22 (506), Мюнхэн 1960, с. 4).
Беларускі інстытут навукі й мастацтва запрашаў гасьцей з розных краінаў сьвету. Некалькі разоў госьцем Інстытуту ў Нью-Ёрку быў дырэктар Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны ў Лёндане а. Аляксандар Надсан, які выступаў з рэфэратамі пра выдвецтвы на беларускіх землях у XVІ і XVІІ стагодзьдзях, - паведамляе на старонках „Бацькаўшчыны” Вітаўт Кіпель (В. Кіпель, Зь беларускае навукова-культурнае хронікі 1979 году, у: „Запісы”, № 17, Нью-Ёрк, 1983, s. 239).
Пра разьвіцьцё беларусістыкі ў Польшчы распавядаў тагачасны кіраўнік Катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандар Баршчэўскі, які выступаў ня толькі ў БІНіМ, але таксама ва ўнівэрсытэтах у Нью-Брансвіку і ў Нью-Ёрку (В. Зубкоўскі – псэўданім В. Кіпеля), Лекцыі праф. А. Баршчэўскага, у: „Беларус”, № 292, Нью-Ёрк 1981, с. 2; Полацкі, Незабыўная сустрэча, у: „Беларус”, № 292, Нью-Ёрк 1981, с. 2).
Сябры Беларускага інстытуту навукі й мастацтва актыўна ўдзельнічалі ў інфармаваньні амэрыканскага грамадзтва пра беларускую культуру й літаратуру, а таксама пра прычыны й гісторыю беларускай эміграцыі. У 1974 годзе чыталі лекцыі ў Нью-ёрскім каледжы пад агульным назовам Беларуская культурная спадчына ў Амэрыцы (Беларусаведа ў Гарадзкім Каледжы ў Нью Ёрку, у: „Беларус”, № 205, Нью-Ёрк 1974, с. 5).
У красавіку 1975 году ў сталіцы Канады Атаве прайшлі Дні беларусазнаўчых студыяў (Я. З., Дні Беларусаведных Студыяў у Атаве, у: „Беларус”, № 219, Нью-Ёрк 1975, с. 5).
Пра беларускую літаратуру й мову, а таксама русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі гаварылася на розных канфэрэнцыях: у Гамілтоне – 1974 (Канада) (Р. Жук-Грышкевіч, Мовы й літаратуры нерасейскіх народаў, у: „Беларус”, № 235, Нью-Ёрк 1976, с. 5), Калюмбусе – 1976 (штат Агаё, ЗША) (Вітаўт Кіпель, Удзел беларускіх навукоўцаў у навуковых канфэрэнцыях 1978 г., у: „Запісы”, № 16, Нью-Ёрк 1978, с. 155), Нью-Джэрзі – 1982 (В. Кіпель, Зь беларускае навукова-культурнае хронікі, у: „Запісы”, № 19, Нью-Ёрк 1989, с. 173-174), Амгерст – 1983 (штат Масачусэтс, ЗША) (тамсама), Новым Арлеане – 1986 (штат Люізіяна, ЗША) (тамсама), Нью-Ёрку – 1992 (В. Кіпель, Хроніка навукова-культурнага жыцьця, у: „Запісы”, № 22, Нью-Ёрк 1996, с. 120.; Зьм. Саўка, Хроніка навукова-культурнага жыцьця ў замежжы, у: „Запісы”, № 23, Нью-Ёрк 1999, с. 174).
Ніна Баршчэўская