Галяндыя завершае сваю місію ў Афганістане. 250 жаўнераў гэтай краіны, якія базаваліся на небясьпечным поўдні краіны, зьдзейсьнілі свае задачы й зьбіраюцца дадому.
Галяндцы знаходзіліся ў Афганістане 4 гады. Іх база разьмяшчалася ў правінцыі Ўрузган на поўдні краіны. Найбольш галяндзкае войска налічвала 2 тысячы жаўнераў. Мандат галяндзкай місіі завершыўся ў ліпені. У лютым урад хацеў прадоўжыць гэты тэрмін, але кіруючым партыям не ўдалося знайсьці кампраміс.
Цягам 4 гадоў галяндцы выдалі ў Афганістане 1,5 мільярда эўра. Яны ня толькі змагаліся з талібамі, але будавалі дарогі ды школы, у прыватнасьці, абучылі 3 тысячы мясцовых жаўнераў. У Афганістане загінулі 24 галяндзкія жаўнеры.