http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=137252

Форум рэгіянальнага партнэрства Польшча-Беларусь-Нямеччына

07.08.2010

Форум рэгіянальнага партнэрства Польшча-Беларусь-Нямеччына: выклікі для рэгіянальнай супрацы. Пад такой назвай у верасьні адбудзецца канфэрэнцыя, якую ладзіць незалежны аналітычны „Цэнтар міжнародных адносінаў”.

Ён займаецца польскай замежнай палітыкай і важнымі падзеямі міжнароднай палітычнай сцэны. Імпрэза пройдзе з 29 верасьня па 1 кастрычніка ў горадзе Бяла-Падляска ва ўсходнім рэгіёне Польшчы.

Канфэрэнцыя праводзіцца з мэтаю параўнаньня польска-нямецкага досьведу транспамежнай супрацы з 90-х гадоў з досьведам польска-беларускай транспамежнай супрацы, распавядае арганізатар сустрэчы Войцех Бародзіч- Смаліньскі:

Войцех Бародзіч-Смаліньскі: Гэтая канфэрэнцыя мае пакласьці пачатак штогадовым сустрэчам прадстаўнікоў ворганаў мясцовага самакіраваньня, бізнэсоўцаў, якія дзейнічаюць на транспамежным абшары па абодвух баках мяжы: у Польшчы й у Беларусі. Мерапрыемства ладзіцца ў своеасаблівым трохкутніку: Польшча-Нямеччына-Беларусь, паколькі мы хочам паказаць разнастайныя мэханізмы польска-нямецкай транспамежнай супрацы й перанесьці гэты досьвед на польска-беларускую глебу й праверыць, ці гэта магчыма.

Транспамежная супраца ў першую чаргу зьвязаная з малым і сярэднім бізнэсам і з памежным гандлем. Аднак арганізатары пастанавілі дадаць таксама элемэнты аховы навакольнага асяродзьдзя й выкарыстаньне новых тэхналёгіяў у ахове асяродзьдзя.

Войцех Бародзіч-Смаліньскі: Дзеля ўдзелу ў канфэрэнцыі прыедуць экспэрты з галіны экономікі, а таксама практыкі, якія займаюцца малым і сярэднім бізнэсам у Польшчы, Беларусі й Нямеччыне. Мы спадзяемся на водгук і ўдзел нашых беларускіх партнэраў, у першую чаргу прадстаўнікоў абласных уладаў Берасьця й Горадні, калі яны зацікавяцца тэмай. Калі нават паявяцца жадаючыя з Гомеля ці Магілёва, мы будзем вельмі задаволеныя. Нам вельмі залежыць таксама на прадстаўніках польскага парлямэнту. Спадзяемся на ўдзел некаторых дэпутатаў беларускага парлямэнту. Мы перакананыя ў тым, што гэтая канфэрэнцыя можа быць добрым месцам сустрэчы й размовы без такога мэдыйна-палітычнага характару, які часта блякуе рознага роду кантакты. Нам вельмі залежыць на тым, каб канфэрэнцыя стала своеасаблівай плятформай і кантактаў, і партнэрства.

Арганізатары запрашаюць да дзелу ў канфэрэнцыі ўсіх зацікаўленых.

Войцех Бародзіч-Смаліньскі: Мы ў ніякім выпадку не абмяжоўваем магчымасьці ўдзелу. Запрашаем малых і сярэдніх прадпрымальнікаў, запрашаем чальцоў грамадзкіх арганізацыяў, а таксама прадстаўнікоў урадавых структураў. Мы чакаем на ўсіх удзельнікаў, паколькі транспамежная супраца - гэта такі від супрацы, на які не ўплывае вялікая палітыка, але вялікае значэньне маюць асабістыя кантакты. І таму мы хочам стварыць людзям магчымасьць навязаньня новых кантактаў і партнэрскіх адносінаў, якія ў будучым дадуць магчымасьць стварэньня супольных бізнэсовых праектаў, рэалізаваных дзьвюмя краінамі альбо памежнымі рэгіёнамі, якія значна прасьцей рэалізаваць сумесна, чым самастойна.

За ўдзел у канфэрэнцыі не прадугледжана ніякіх аплатаў. Арганізатары дэкляруюць таксама дапамогу пры атрыманьні Шэнгенскай візы. Чакаецца, што на канфэрэнцыю прыедуць каля 120-150 асобаў, з чаго каля 30 асобаў зь Беларусі.

Больш падрабязна пра ўдзел у канфэрэнцыі можна даведацца, зазірнуўшы на сайт арганізатара: www.csm.org.pl.

Караліна Русіновіч