http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=137323

Лявон Вольскі прадстаўляе сынгл “Раз-два-тры – усе за стол!”

09.08.2010

Новы максы-сынгл гурта “Крамбамбуля” называецца “Раз-два-тры – усе за стол!”. Лідар гурта Лявон Вольскі кажа, што хоча гэтай песьняй адрадзіць вясельную традыцыю, калі ў пэўны момант тамада гукаў “Раз-два-тры – усе за стол! Раз-два-тры – усе за стол! Маладыя запрашаюць усіх за стол!” Таксама гэтай песьняй будзе працягнутая традыцыя “Крамбамбулі” ствараць сьвяточныя песьні. Дзьве іншыя называюцца “Азалаціцца” і “Сьвята кожны дзень”. А песьня, якая дала назву максы-сынглу так і завецца “Раз-два тры – усе за стол!”

Спадар Лявон, вы лічыце, што беларусаў цяпер трэба за стол клікаць? Здаецца, некаторых адтуль ня выцягнуць…

Лявон Вольскі: Ну, не з-за стала немагчыма іх выцягнуць, а з альтанкі там ці…

…зь дзіцячага садка!

Лявон Вольскі: …зь дзіцячага садка! Я вось, напрыклад, жыву зараз у цэнтры, мы здымаем кватэру, дык у нас там некалькі такіх, яны называюць “нефармальны бар”, ёсьць “нефармальная рэстарацыя”, “нефармальная кавярня” – у залежнасьці ад колькасьці месцаў. Дзіцячы садок, напрыклад, у вечары ператвараецца ў нефармальную рэстарацыю – там шмат людзей зьмяшчаецца, можа, 20-30 чалавек. Яны там размаўляюць пра жыцьцё, пяюць песьні ўжо пад раніцу. Каля гаражоў ёсьць маленькая пляцоўка – гэта ўжо барчык, 5-7 чалавек.

А што за другія дзьве песьні?

Лявон Вольскі: А другія – адна называецца “Сьвята кожны дзень”. Ну пра тое, што кожны дзень можна знайсьці нагоду да сьвяткаваньня…

…і за стол!..

Лявон Вольскі: І за стол!.. Панядзелак – адно, аўторак – іншае…

“Ад панядзелка да панядзелка смачна п’ецца нам гарэлка!..” (з народнай песьні)

Лявон Вольскі: Ну напрыклад!..

А гэтую песьню ня хочаце перасьпяваць?

Лявон Вольскі: Мы, дарэчы, пару зрабілі народных. Але пра гарэлку ня хочацца – народ замбаваць гарэлкай. (сьмяецца) Паглядзім, можа быць… Хаця, ня буду зараз карты раскрываць зусім ужо. Але народны вэктар прысутнічае. Вы чулі кавалачкі – мы ня будзем рабіць у сур’ёзна-замарочаным стылі й паглыбляцца вельмі ў крыніцы з галавою…

У “Троіцы” ня будзеце хлеб адбіраць?..

Лявон Вольскі: Ні ў якім разе, зусім усё па-іншаму будзе! Усё будзе так: па вярхах, полечна!.. (сьмяецца) Весела, па-дурному!

А што вы адкажаце вашым прыхільнікам, якія чакаюць ад вас такіх эпахальных песень, якія былі 10 гадоў таму?..

Лявон Вольскі: Сур’ёзныя песьні пішуцца, у працэсе стварэньня…

А то вось – ад “Паветранага шару” да “Раз-два-тры – усе за стол!”…

Лявон Вольскі: Такое традыцыйнае журналісцкае пытаньне…

Ну так, усе вас дапякаюць гэтым…

Лявон Вольскі: Зараз час узнавіць “Крамбамбулю”, таму што мы ўсе захапіліся праектам “Белая яблыня грому” – і “Крамбамбуля” неяк так, іграем паціху… Але трэба даць крыві гэтай фармацыі, таму будзем зараз рабіць гэты максы-сынгл.

А вось некаторыя думалі, што пасьля такой сур’ёзнай “Белай яблыні грому” ўжо такіх крамбамбулеўскіх ня будзе…

Лявон Вольскі: “вясёлых скокаў”… Думалі, што блазенства гэтае скончылася!..

Ага, што нарэшце сур’ёзным чалавекам Вольскі стаў!..

Лявон Вольскі: Не, ну пішуцца і сур’ёзныя песьні, толькі яны крышачку пачакаюць зараз… У кожнага часу свае патрабаываньні. Зараз такія гімнавага тыпу альбо барыкаднага тыпу наўрад ці прыдатныя да жыцьця. Гэта будзе самапаўтор і сур’ёзна ня будзе ўспрымацца хутчэй за ўсё. Але нешта такое пішацца – ня буду пакуль гаварыць і цытаваць…

Гэты сынгл, які складаецца з трох песень, каму ён адрасаваны: вашым прыхільнікам, альбо больш шырокаму колу слухачоў?

Лявон Вольскі: Гэта будзе даступна для масавага спажываньня, для пампаваньня. Паглядзім, як народ пачне пампаваць, як ён будзе выражацца. Звычайна 50 на 50 станоўчых і адмоўных водгукаў. Пабачым, як тут будзе – гэта як бы маніторынг.

Лявон Вольскі прадстаўляў на нашых хвалях новы максы-сынгл гурта “Крамбамбуля” “Раз-два-тры – усе за стол!” Цяпер у Менску сканчаецца запіс на студыі, сынгл выйдзе цягам жніўня.


Арцём Багданаў, Менск