http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=137397

Польскія пажарнікі тушаць пажары ў Расеі

10.08.2010


159 польскіх пажарнікаў вылецела ў Расею, каб дапамагчы ў змаганьнях з пажарамі, якія ахапілі гэтую краіну. Пажары бушуюць нават непадалёк ад Масквы, а смог, які вісіць у паветры, вельмі шкодзіць жыцьцю й здароўю людзей.
 
Расейскі бок афіцыйна зьвярнуўся да польскага ўраду з просьбай аказаць дапамогу, на што імгненна зарэагаваў польскі міністар унутраных справаў і адміністрацыі Ежы Мілер.

Палякі працуюць блізу мясцовасьці Лускана ў Разанскай вобласьці, якая знаходзіцца ў 250 кілямэтрах на паўднёвы ўсход ад Масквы. Гэта адзін з рэгіёнаў, які ў найбольшай ступені пашкоджаны ў выніку пажараў. Польскія пажарнікі займаюцца тушэньнем тарфяніка памерам ў 25 га.

Прэс-сакратар галоўнай камэндатуры польскай пажарнай службы Павэл Фронтчак прыгадвае, што цягам апошніх некалькіх тыдняў у Расеі выбухла некалькі дзесяткаў вялікіх пажараў, якія зьнішчаюць ня толькі лясныя масывы, але й населеныя пункты. Польскія ратаўнікі добра падрыхтаваныя да працы ў складаных ўмовах і ўзялі з сабой адмысловае абсталяваньне, неабxоднае для тушэньня пажараў у буйных лясных масывах.

Павэл Фронтчак: Яны маюць 45 спэцыяльных машынаў, якія могуць аднаразова прывезьці ад 2,5 да 9 тон вады. Маюць таксама дзьве цыстэрны аб’ёмам у 28 тысяч літраў вады. Маюць прылады сувязі, маюць машыну да напаўненьня балёнаў сьціснутым паветрам, маюць уласныя палаткі, туалеты й душы.

Палякі маюць запасы ўласнай вады й прадуктаў харчаваньня, а таксама фінансавыя сродкі на запраўку машынаў, паколькі ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі яны павінны быць самадастатковымі. Польскія пажарнікі прабудуць у Расеі прынамсі два тыдні.

Павэл Фронтчак: У выпадку далейшага разьвіцьця некарыстнай сытуацыі ў Разанскай акрузе й увогуле на тэрыторыі Расеі, існуе магчымасьць, што транспарт і абсталяваньне застанецца ў Расеі, а ратаўнікі вернуцца дадому. Але на іх месца паедуць іншыя пажарнікі.

Старэйшы брыгадзір Дарыюш Марчыньскі, які ўзначальвае групу ў раёне стыхійнага бедзтва, паведаміў Польскаму радыё, што група атрымала заданьне на адной з самых небясьпечных тэрыторыяў.

Дарыюш Марчыньскі: Месца, дзе мы знаходзімся, зьяўляецца адным з двух самых небясьпечных у цэнтральнай Расеі, дзе даволі хутка разгараюцца пажары. Спачатку на месца была высланая разьведвальная група, пасьля да акцыі далучыліся ратаўнікі. Пасьля азнаямленьня з сытуацыяй мы пачынаем дзеяньні па тушэньні й ратаваньні. Мы маем асобную тэрыторыю, дзе займаемся тушэньнім і ратаваннем, але таксама можам дапамагаць расейскім пажарнікам.  Мы будзем ахоўваць 2-3 мясцовасьці й тушыць пажары, бо гэта наша асноўнае заданьне.

Дарыюш Марчыньскі дадаў, што пажарнікі рэпрэзэнтуюць усе рэгіёны Польшчы. Галоўныя сілы сабраныя з Мазоўша й Падляшша, але прысутнічаюць таксама пажарнікі з Сылезіі, Любліна й Торуні.

Пажары ў эўрапэйскай частцы Расеі ахапілі тэрыторыі памерам больш за 200 тысяч га. У выніку стыхійнага бедзтва ў Расеі загінулі ўжо 52 асобы, агонь зьнішчыў больш за 2 тысячы дамоў, некалькі тысяч  сем’яў засталсоя без даху над галавой.

Польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск падчас тэлефоннай размовы з Уладзімерам Пуціным выказаў гатоўнасьць прыняць на лячэньне й рэабілітацыю ў Польшчы расейскіх пажарнікаў, пацярпелых падчас барацьбы са стыхійным бедзтвам.
 
Дапамогу расейскім пажарнікам аказвае больш за 500 замежных ратаўнікаў. Польшча зьяўляецца адной зь сямі краінаў, якія пасьпяшылі з дапамогай Расеі, дзе з пажарамі змагаюцца, між іншымі, пажарнікі зь Нямеччыны, Украіны, Беларусі, Францыі й Балгарыі.

КР