Кліматычныя зьмены шкодзяць рысавым палям
Кліматычныя зьмены шкодзяць рысавым палям у шматлікіх рэгіёнах Азіі, - лічаць навукоўцы.
Паводле іхняй ацэнкі, глябальнае пацяпленьне можа ў даўжэйшай пэрспэктыве давесьці да рэзкага росту цаны харчаваньня.
Экспэрты дасьледвалі 227 рысавых палей у Тайляндзе, Віетнаме, Індыі й Кітаі. У некаторых месцах цягам апошніх 25 гадоў ураджайнасьць панізілася на 10-20%. Пакуль невядома, чаму менавіта так адбываецца. Навукоўцы падазраюць, што вышэйшая тэмпэратура прычыняецца да таго, што ноччу расьліны больш інтэнсіўна дыхаюць, выкарыстоўваючы больш энэргіі, а гэта, у сваю чаргу, мае нэгатыўны ўплыў на ўраджайнасьць.
Рыс зьяўляецца асновай харчаваньня каля 3 мільярдаў людзей. Таму экспэрты баяцца, што чым меншыя будуць плёны, тым больш вырастуць цэны прадуктаў харчаваньня.
Паводле апошніх прагнозаў, напрыканцы стагодзьдзя амаль палову чалавецтва можа закрануць голад, а адной з прычынаў будуць менавіта зьмены клімату.
Вынікі амэрыканскіх дасьледваньняў публікуе на сваіх старонках часопіс Амэрыканскай акадэміі навук (PNAS).
Абваліўся найбуйнейшы ў гісторыі абломак айсберга
Велізарная гара лёду адарвалася ад лядавіка на паўночным захадзе Грэнляндыі, - інфармуюць навукоўцы са Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Гэта паказваюць найноўшыя спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя Амэрыканскім касьмічным агенцтвам (NASA). Паверхня велізарнай лядовай крыгі складае каля 260 кілямэтраў. Паводле спэцыялістаў, гэта найбольшы лядовы фрагмэнт, які адарваўся ад арктычных айсбергаў цягам апошніх 50 гадоў. Яны дадаюць, што вады, якую ўтрымлівае крыга, хапіла б дзеля паставак ва ўсе амэрыканскія краны цягам 120 дзён.
Невядома, што адбудзецца з гэтым велізарным абломкам: магчыма, што зімой ён нанава прымёрзьне да гары альбо пачне перамяшчацца на поўдзень, ствараючы пагрозу для суднаў. Пакуль навукоўцы не ўмеюць адказаць на пытаньне, чаму гара трэснула: ці адбылося гэта натуральным чынам, ці зноў жа ў выніку глябальнага пацяпленьня.
Генэтычна мадыфікаваныя расьліны па-за вырошчваньнямі
Генэтычна мадыфікаваныя расьлівы распаўсюдзіліся па ўсіх Злучаных Штатах Амэрыкі й яны растуць па-за вызначынымі адмыслова палямі, за якімі вядзецца назіраньне, - гэткія высновы зрабілі навукоўцы, якія ў паўночнай Дакоце дасьледвалі рапс.
Навукоўцы зь Унівэрсытэту ў Арканзасе праехалі амаль 5 тысячаў кілямэтраў і правяралі адзін гатунак рапсу, які вырас пры дарогах, на звалках сьмецьця, стаянках ці могілках. Мадыфікаваныя гены, устойлівыя на гербіцыды, былі зафіксаваны ў 80% выпадках сабраных спробаў.
Навукоўцы спадзяваліся, што генэтычна мадыфікаваныя расьліны маглі распаўсюдзіцца па-за вызначаныя тэрыторыі, але памер гэтай зьявы быў для іх нечаканы.
Тым ня менш, экспэрты запэўніваюць, што мадыфікаваныя расьліны бясьпечныя для чалавека. З такой думкай не згаджаюцца многія эколягі, якія сьцьвярджаюць, што пакуль ніхто не даказаў гэтага навуковым чынам.
Шлёпкі-віетнамкі небясьпечныя для ступняў
Цяжка ўявіць сабе лепшы абутак на сьпёку - flip-flopy, а значыць, папулярныя шлёпкі-ветнамкі, каляровыя, лёгкія.
Іх ахвотна апранаюць як жанчыны, так і мужчыны. Тымчасам згаданы тып абутку мае свае плюсы й мінусы, бо віетнамкі бываюць небясьпечныя.
Паводле брытанскай газэты „Daily Mail”, больш за 200 тысячаў вялікабрытанцаў кожны год трапляюць у шпіталь у выніку пашкоджаньняў, да якіх прычыніўся іхны любімы абутак. Гэта каштуе мясцовай службе аховы здароўя каля 40 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў у год.
Лекары-артапеды перасьцерагаюць, што гэткі тып абутку можа давесьці да дэфармаваньня ступні й многіх хваробаў, з гэтым зьвязаных. Апрача таго, сьліскі абутак пагражае кантузіямі, а нічым не прыкрытым пальцам пагражаюць рознага роду ўдары.
Таму лекары не рэкамэндуюць насіць шлёпанцаў, асабліва дзецям, бо шлёпкі-віетнамкі не гарантуюць стабільнасьці ступням і амартызацыі для пяты.
А.З.
Здымкі: pl.wikipedia.org