http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=137449

Весткі культуры

11.08.2010

У Беларусі будзе створана Нацыянальная тэатральная прэмія, а таксама будзе заснаваная Грамадзкая рада па разьвіцьцю культуры й мастацтва. Пра пляны стала вядома ў выніку сустрэчы міністра культуры Паўла Латушкі з прэзыдэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам.

На думку міністра, Нацыянальная тэатральная прэмія створыць дадатковыя магчымасьці для стымуляваньня разьвіцьця тэатральнага мастацтва ў рэспубліцы. У сваю чаргу ў склад Грамадзкай рады ўвойдуць вядомыя дзеячы культуры й мастацтва Беларусі, а таксама прадстаўнікі таленавітай моладзі краіны.

У бліжэйшы час плянуецца паседжаньне творчай інтэлігенцыі, дзеячоў культуры, кінакрытыкаў, на якім будуць прааналізаваныя стан і пэрспэктывы разьвіцьця кінамастацтва ў Беларусі. Таксама плянуецца стварэньне сыстэмы нацыянальных прэфэрэнцыяў для разьвіцьця айчыннай культуры й мастацтва. Прапануецца стварыць льготнае падаткаабкладаньне сфэры культуры й мастацтва.


Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падпісаў указ аб узнагароджаньні ордэнам Сяброўства польскага рэжысэра Анджэя Вайды. Ордэн уручаецца „за вялікі ўнёсак у разьвіцьцё расейска-польскіх адносінаў у галіне культуры”, паведамляе прэс-служба Крамля.

Ордэн Сяброўства зьяўляецца адным з найважнейшых дзяржаўных адзначэньняў Расейскай Фэдэрацыі. Інфармуючы аб рашэньні прэзыдэнта, расейскія СМІ называюць 84-гадовага рэжысэра клясыкам сусьветнага кіно. СМІ нагадваюць, што творчасьць Вайды была адзначана прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі, у гэтым ліку Оскарам у 2000 годзе за заслугі ў кінэматаграфіі.

У Расеі адной з найграмчэйшых прэм’ераў гэтага году стаў фільм Вайды „Катынь”.

У другой палове кастрычніка ў Менску мае адбыцца Фэстываль маладых беларускіх аніматараў Animur Enamour ("Закаханы Анімур"). Канкрэтныя пляцоўкі для правядзеньня фэстывалю яшчэ ўдакладняюцца, арганізатары зьбіраюцца зьвярнуцца да адміністрацыі кінатэатра "Піянэр". Магчыма, будуць выкарыстаны прыватныя галерэі.

Як кажа арганізатарка фэсту Аліна Радачынская, “праз ідэю фэстывалю мы імкнемся вырашыць праблему невядомасьці беларускай анімацыі менавіта ў Беларусі”. Прычынай пасыўнасьці беларускай мультыплікацыі зьяўляецца адсутнасць годных пляцовак, дзе маладыя творцы могуць паказаць публіцы свае работы й атрымаць водгукі аб іх, сказала каардынатар.

Паводле інфармацыі арганізатараў, яны атрымалі каля дзесяці заявак на ўдзел, таксама чакаюцца пацьвярджэньні ад украінскіх аўтараў.

Трохдзённая праграма "Закаханага Анімура" будзе складацца з паказаў беларускіх анімацыйных стужак, мультфільмаў сусьветных майстроў у перакладзе на беларускую мову, а таксама з выступаў музычных калектываў. У межах фэстывалю рыхтуецца экспазыцыя аўтарскіх лялек.

Скульптуры, карціны, інсталяцыі, пэрформансы, відэа, плякаты й здымкі зьвязаныя з 90-ай гадавінай Варшаўскай бітвы будуць прадстаўленыя ў выставе пад адкрытым небам у польскай сталіцы. Яе адчыняць у нядзелю каля Палацу культуры й навукі.

Выставу падрыхтаваў Музэй гісторыі Польшчы. У ёй будуць прадстаўленыя працы 11 сучасных польскіх мастакоў, якіх натхніла памяць пра змаганьне палякаў з бальшавікамі ў 1920 годзе.

Выстава будзе працаваць да канца жніўня. Яна знаходзіцца пад ганаровым патранажам міністра культуры й нацыянальнай спадчыны Багдана Здраеўскага й мэра Варшавы Ганны Гранкевіч-Вальц.


У пачатку верасьня з старажытнай сталіцы Летувы Троках у паход па месцах Вялікага Княства Літоўскага адправяцца 10 летувіскіх коньнікаў.

Паход па гістарычных мясьцінах ВКЛ задумаў вядомы летувіскі бізнэсовец, арганізатар найбуйнейшага ў краінах Балтыі фэстывалю Be2gether Гедрус Клімкявічус. Ён сам плянуе прыняць удзел у 40-дзённым паходзе, падчас якога коньнікам трэба пераадолець больш за 2000 кілямэтраў да берагоў Чорнага мора. Завяршыць паход энтузіясты плянуюць ва ўкраінскім горадзе Ачакаў.

Удзельнікі паходу наведаюць каля 20 гістарычна значных аб’ектаў ВКЛ, зьбяруць матэрыял для дакумэнтальнага фільма пра культурную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага.

Коньнікі адправяцца ў шлях на абарыгенных летувіскіх конях жэмайтукас, пераадольваючы ў дзень каля 50 кілямэтраў. Менавіта на такіх конях езьдзілі коньнікі ВКЛ.