http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=1377
Валынскія ўгодкі
11.07.2003
“Гэта вельмі важная падзея” – так старшыня польскага Сэйму Марэк Бароўскі пракамэнтараваў учарашні факт прыняцьця парлямэнтамі Польшчы й Украіны пастановы ў справе 60 гадавіны трагедыі на Валыні.
Паводле Марэка Бароўска, трэба адпаведна ацаніць тое, што ўкраінцы згадзіліся прыняць дакумэнт, у якім гаворка йдзе пра забойства палякаў, зьдзейсьненае ўзброенымі ўкраінскімі групамі. “Гэта незвычайная падзея, таму што прыняць гэткую пастанову двума парлямэнтамі, якія складаюцца са звыш 460 асобаў- прадстаўнікоў розных палітычных поглядаў і рознай гістарычнай сьвядомасьці - было вельмі цяжка. Тое, што большасьць украінскіх парлямэнтароў прыняла тэкст, у якім гаворка йдзе пра чысткі, зьдзейсьненыя ўкраінскімі ўзброенымі групамі на мясцовых паляках, гэта сапраўдны пералом. Я спадзяюся, што апошнія два дні будуць асабліва важныя ў польска-ўкраінскіх адносінах” - сказаў старшыня польскага Сэйму Марэк Бароўскі.
Таксама гісторык Анджэй Пачкоўскі перакананы, што прынятая пастанова, гэта “станоўчы крок на шляху палітычнага збліжэньня між абедзьвюма краінамі й нацыямі”.
Усё ж, паводле прафэсара, факт абмеркаваньня супольнага дакумэнту не азначае вырашэньня праблемы сем’яў, якіх закранула валынская трагедыя. “Гэта не вырашае праблемаў тых, хто перажыў чысткі; тых, хто страціў у іх сям’ю. Для іх палітычныя дзеяньні ненайважнейшыя. Надалей застаецца таксама поле да дзейнасьці для гісторыкаў. Ніякая пастанова не зачыняе дасьленіцкай праблемы. Чарговыя пакаленьні гісторыкаў разглядаюць справы з розных бакоў. Думаю, што ў пытаньні Валыні будзе таксама”- лічыць гісторык.
Прыгадваем, што польскі Сэйм прыняў пастанову рашучай большасьцю галасоў: “за “ галасавала 323 дэпутаты, “супраць” - 35, а 14 устрымалася.
Зусім інакш гэтыя прапорцыі выглядалі ва ўкраінскім парлямэнце, дзе прынагодная пастанова была прынятая перавагай аднаго голасу: “за” галасавала 227 украінскіх дэпутатаў, “супраць” было 25, частка астатніх дэпутатаў пакінула залю на час галасаваньня.
Сёньня ў Паўліўцы ва Ўкраіне адбываюцца ўрачыстасьці з удзелам прэзыдэнтаў Польшчы й Украіны.
Паводле кіраўніка польскай дзяржавы Аляксандра Квасьнеўскага, будзе гэта складаны дзень у польска-ўкраінскіх кантактах. “Гэта будзе вельмі важная падзея. Зразумела, яна нічога ня вырашыць, таму што адкрыцьцё архіваў спрычыніцца да працягваньня справы. Тым ня меней, я перакананы, што пасьля ўрачыстасьці ў Паўліўцы мы зможам сказаць : “Злачынства зьяўляеца злачынствам, а ахвяры –ахвярамі”. Ня можна апраўдаць генацыду й насільня, незалежна ад аргумэнтаў. Гэта сапраўды складаны дзень у польска-ўкраінскіх канатктах, але я веру ў тое, што ён нас узмоцніць” - сказаў прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі.
Галоўная частка ўрачыстасьці адбываецца на могілках ля помніка ахвярам украінскіх нацыяналістаў. Аднак на мэмарыяльнай дошцы не напісана, хто вінаваты ў масавых забойствах мясцовых палякаў.
Сакратар Рады Аховы Памяці Баёў і Пакутніцтва Анджэй Пшэвозьнік сказаў, што ў тэксьце, зьмешчаным на дошцы, вінаватыя ня будуць названыя, таму што на гэта не згадзіўся ўкраінскі бок. “Згаданая справа суправаджае ўсю нашую працу з мэтай адзначэньня памяці палякаў ва Ўкраіне. Няма такога помніка польскім ахвярам УПА і АУН ва Ўкраіне, дзе былі б названыя віноўнікі злачынства. Папросту, украінскі бок на гэта не згаджаецца”. Анджэй Пшэывозьнік дадаў, што ўрачыстасьці маюць выключна жалобны характар.
У сваю чаргу паводле 63% польскіх рэспандэнтаў, супольнае адзначэньне 60 гадавіны валынскага злачынства спрычыніцца да польска-ўкраінскага прымірэньня.
Паводле сацыёляга Паўла Сьпевака, у Польшчы стэрэатып украінца мае выразна адмоўны характар, таму цяжка спадзявацца грунтоўных зьменаў. “Агульна кажучы, палякі вельмі адмоўна ставяцца да ўкраінцаў. Можна сказаць, што яны ставяцца да іх з абыякавасьцю й перавагай. Гэты падыход зь цягам часу амаль не зьмяніўся. Наступная справа, гэта факт, што валынская трагедыя ў Польшчы даволі малавядомая, таму я ня веру ў тое, што тыя, хто шмат спадзяецца на супольныя ўрачыстасьці, ведаюць пра памер польска-ўкраінскіх праблемаў. Гаворка ня йдзе ж выключна пра справу чысткаў на Валыні” - сказаў сацыёляг Павал Сьпевак.
Чальцы арганізацыяў, аб’яднаных у Камітэце Адзначэньня 60 гадавіны генацыду, зьдзейсьненага Ўкраінскай Паўстанцкай Арміяй (скарочана УПА) і Арганізацыяй Украінскіх Нацыяналістаў (скарочана АУН) у дачыненьні да насельніцтва былога польскага ўсходняга памежжа, крытыкуюць ідэю стварэньня помніка Польска-Ўкраінскаму Прымірэньню на Валыні.
Старшыня Камітэту Ян Нявіньскі называе ўгодкі “палітычнай маніпуляцыяй” і спробай фальшаваньня гісторыі. “Калі гаворка йдзе пра тэкст, зьмешчаны на помніку – ён нічога не гаворыць.
Бо што гэта значыць: “Памяць, жаль і прымірэньне”? У гэтым кантэксьце гэта фальшаваньне гістарычных фактаў. Усе арганізацыі, аб’яднаныя ў камітэце, выступаюць супраць гэткай фармулёўкі – супраць спробы прымірэньня з бандэраўцамі, на чым залежыць уладам” -сказаў Ян Нявіньскі.
Учора па ініцыятыве Камітэту ў варшаўскім Катэдральным Саборы служылася жалобная імша.
Заўзятыя дыскусіі ў парлямэнтах абедзьвюх краінаў, якія адбыліся ў сувязі з супольнай пастановай, даказалі, што дасягнуць згоды ў справе злачынства на Валыні будзе вельмі складана.
Паводле гісторыка, дэкана Гуманітарнага Факультэту Зялёнагурскага Ўнівэрсытэту, прафэсара Чэслава Асэнкі, ня можна адназначна сказаць, хто адказвае за чысткі на Валыні, таму што вінаватыя ўсе.
“На Валыні сытуацыя абвастралася вельмі доўга і ў спрыяльных умовах яна папросту выбухнула. Тым часам віна ляжыць па некалькіх бакох. У нейкай частцы гэта, несумненна, віна ўкраінцаў, у нейкай –палякаў, у нейкай ступені гэта таксама віна немцаў, якія дазвалялі на такія дзеяньні .
Праўдападобна, калі б не Другая Ўсясьветная вайна, чысткі на Валыні ніколі не адбыліся б”- пераконвае прафэсар Чэслаў Асэнка.
Прыгадваем , што, паводле гісторыкаў, у 1943 годзе ў выніку ўзброеных дзеяньняў украінскіх нацыяналістаў, якія змагаліся за стварэньне незалежнай Украіны, было забіта ад 50 да 60 тысяч палякаў. Паводле розных крыніцаў, у выніку помсты польскага падпольля, на Валыні загінула каля 20 тысяч украінцаў.
Анна Дамбкоўская