http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=138467

Маці Тэрэзе споўнілася б 100 гадоў

26.08.2010

Католікі ўсяго сьвету адзначаюць 100-годдзе з дня нараджэньня Маці Тэрэзы. Пра гэтую невялікую жанчыну вялікага сэрца і ўчынкаў памятаюць таксама і ў Беларусі.

Хіба няма ў сьвеце чалавека, які хоць раз прынамсі па тэлевізары ня бачыў невысокага росту жанчыну, апранутую ў сьціплую белую сукенку й бела- блакітную хустку. І перад гэтай жанчынай нізка схілялі галаву вялікія палітыкі, бізнэсоўы й іерархі розных веравызнаньняў. Канешне ж, гэта Маці Тэрэза, якой 26 чэрвеня споўнілася б 100 гадоў.

Блаславлёная Каталіцкага касьцёла, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру, усё сваё жыцьцё яна прысьвяціла працы для хворых і бедных.

Агнэс Гонджа Баяджыў, гэта сьвецкае імя Маці Тэрэзы, нарадзілася 26 чэрвеня 1910 году ў Македоніі, па паходжаньню была албанкай. У 18- гадовым узросьце ўступіла ў манашаскі ордэн і выехала ў Індыю, дзе да 1946 году апекавалася людзьмі, пакінутымі паміраць на вуліцах Калькуты.

Пасьля Другой сусьветнай вайны Індыя была месцам надвычайнай галечы й голаду, а ў самой краіне ўвесь час разгараліся канфлікты на нацыянальнай й рэлігійнай глебе паміж індусамі й мусульманамі. Для яе нацыянальная ці рэлігіяная прыналежнасьць ня мела ніякага значэньня, дапамогу яна несла ўсім людзям у патрэбе.

У 1952 годзе Маці Тэрэза заснавала ў Калькуце Кангрэгацыю Сясьцёр Місіянерак Любові. У Калькуце быў адчынены першу кляштар і госьпіс. Гэта была вельмі сьціплая жанчына й ня вельмі любіла распавядаць пра сябе журналістам, аднак у 1965 годзе ў адным зь інтэрвію яна распавяла пра дзейнасьць сясьцёр.

Маці Тэрэза: У наш дом мы прыводзім людзей, знойдзеных на вуліцах, завулках ды нават у канавах з усяго гораду. Гэта нікому непатрэбныя людзі, пра якіх ніхто не клапоціцца, яны вельмі хворыя, амаль на мяжы сьмерці.

У 70-х гадох яна стала вядомай па ўсім сьвеце як „адвакат” бедных і бяздомных. У 1979 годзе за сваю дзейнасьць яна была ўзнагароджаная Нобэлеўскай прэміяй міру. Усе фінансавыя сродкі з прэміі яна аддала бедным.

У 1995 годзе Маці Тэрэза наведала Польшчу, дзе падчас адной з сустрэчаў распавядала, наколькі важна быць з паміраючымі, калі яны адыходзяць ў вечны спакой.

Маці Тэрэза: Ніхто ў нас не памірае безь білету да сьвятога Пятра. Гэтым білетам мы называем хрост. Можаце сабе ўявіць, якія яны шчасьлівыя, што ідуць наўпрост у неба. Сьвяты Пётр xіба вельмі зьдзіўлены, што іх прыходзяць так шмат.

Называная „Анёлам паміраючых” сама памерла 5 верасьня 1997 году ў Калькуце. 7 гадоў пасьля яе сьмерці Папа Рымскі Ян Павал ІІ вынес яе на алтар Каталіцкага касьцёла. Падчас бэатыфікацыі пантыфік прыгадаў, што ў жыцьці бласлаўлёная кіравалася прынцыпам любові да бліжніх.

Ян Павал ІІ: Памятайма, што для Маці Тэрэзы з Калькуты як у малітве, так і ў місійнай дзейнасьці прыкладам заўсёды была Божая Маці.

На сёньняшні дзень справу Маціі Тэрэзы працягваюць 5 тысяч Сясьцёр Місіянерак Любові ў 126 краінах. Сёстры ўтрымліваюць больш за 600 дамоў міласэрнасьці для хворых і бяздомных, з чаго 150 - у Індыі. Манашкі апякуюцца амаль мільёнам хворых людзей, займаюцца наркаманамі й хворымі СНІД-ам. Акрамя гэтага, адчыняюць і ўтрымліваюць школы й прытулкі для дзяцей з вуліцы.

Ордэн дзейнічае ў Польшчы з 1983 году, сёстры маюць свае аддзелы ў Варшаве, Катавіцэ й Шчэціне.

Адзіны Дом міласэрнасці дзейнічае ў Беларусі ў Гомелі, дзе сёстры пацуюць ад 1991 году, дапамагаючы бедным і бяздомным людзям. Штодзённа сёстры ладзяць харчаваньне для бяздомных людзей, арганізоўваюць летні адпачынак для дзяцей з малазабясьпечаных сем’аў і даглядаюць цяжка хворых.  Аднак сёстры падамагаюць людзям у патрэбе ня толькі матэрыяльна ,але й духоўна. Шмат хто з дапамогай сясьцёр змог пачаць нармальна функцыянаваць у грамадзтве.


Караліна Русіновіч