http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=138730

Арыштаваны банкаўскі рахунак царквы „Новае жыцьцё”

31.08.2010

Арыштаваны банкаўскі рахунак менскай царквы „Новае жыцьцё” Рэлігійнага аб'яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Евангельля ў Рэспубліцы Беларусь.

Паводле юрыста царквы Сяргея Луканіна, пра гэта стала вядома 31 жніўня, калі бугальтар абшчыны зьвярнулася ў Кастрычніцкае аддзяленьне "Белінвэстбанка" Менска для правядзеньня банкаўскіх апэрацый.

Свае дзеяньні супрацоўнікі аддзяленьня матывавалі патрабаваньнямі Гаспадарчага суда Менска.

Паводле слоў юрыста, да моманту арышту рахунку на ім знаходзілася 935 тысяч рублёў, якія на падставе патрабаваньняў суда былі сьпісаны, а рахунак абшчыны заблякаваны. Такім чынам, любыя грошы, якія з сёньняшняга дня будуць прыходзіць на рахунак царквы, паступяць у распараджэньне Гаспадарчага суда Менска.

Паводле Луканіна, такім чынам пачалося выкананьне раней прынятых судовых рашэньняў. Юрыст падкрэсьліў, што лічыць такія дзеяньні незаконнымі, паколькі дзяржава забірае асабістыя ахвяраваньні вернікаў.

Як раней паведамлялася, паводле рашэньняў Гаспадарчага суда Менска ад 26 лютага й 27 ліпеня, царква "Новае жыцьцё" павінна выплаціць дзяржаве два штрафы на агульную суму 257,75 млн. рублёў у якасьці кампэнсацыі за забруджаньне тэрыторыі абшчыны нафтапрадуктамі.

БелаПАН