http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=138995

Расейская поўнач мае шанец зажыць, як багатая Скандынавія

03.09.2010

Расейская поўнач мае шанец зажыць, як багатая Скандынавія.

Усе інфармацыйныя агенцтвы падхапілі навіну пра піянэрскі рэйс расейскага танкера "Балтыка", які 14 жніўня выплыў з Мурманска з намерам даплыць да Кітаю празь негасьцінныя воды Паўночна-ледавога акіяну.

Як паведамляе нарвэскае экалягічнае аб'яднаньне «Беллона», у канцавы порт прызначэньня танкер мае намер прыбыць у першай палове верасьня. Яшчэ 20 гадоў таму ня можна было нават марыць пра праход гандлёвых караблёў паўночным шляхам, якім мелі адвагу плаваць толькі ледаколы ды атамныя падводныя лодкі. Але глябальнае пацяпленьне кардынальна зьмяніла сытуацыю на паўночных, марскіх прасторах. Цяпер, у летні пэрыяд, узьбярэжжа мораў Карскага, Лапцевых, Паўночна-Сібірскага ды Чукоцкага практычна вольныя ад суцэльнага ледавога покрыва, на яго месцы плавае аднагадовы лёд.

Шчыра кажычы, праз 25-30 гадоў Паўночна-ледавы акіян цяжка будзе назваць ледавым, бо сталага лёду там проста ня будзе. Да такой высновы навукоўцаў схіляе аналіз сытуацыі за мінулыя 25 гадоў, напрацягу якіх колькасьць шматгадовага лёду зьменшылася амаль на 30 працэнтаў. Зараз рэшткі шматгадовага лёду толькі вузкай палоскай цягнуцца ўздоўж узьбярэжжа Канады ды Грэнляндыі.

Здаецца, пасьля такіх фактаў, сумняваецца ва ўплыве глябальнага пацяпленьня на сытуацыю зь лёдам няма сэнсу - хаця крытыкі пэўна маюць свае аргумэнты.

Крытыкі прыводзяць аргумэнт, што лёду на акіяне паменела не з-за пацяпленьня, а з-за зьмены марскіх плыняў ды моцных вятроў. Але самі ж плыні не маглі зьмяніцца проста так! Нешта ж іх зьмяніла. Напрыклад, накірунак марскіх плыняў можа зьмяніцца з-за зьмяншэньня засоленасьці марской вады, зьмяншэньне ж засоленасьці вады, у сваю чаргу, часта зьяўляецца вынікам таяньня лёду! Лёд жа тае з-за павышаных сярэднегадавых тэмператураў.

Вяртаючыся да марскога шляху, варта адзначыць, што пакуль памеры ледзяных крыгаў даволі вялікія й могуць пашкодзіць непадрыхтаваныя канструкцыйна караблі. Дзеля гэтага "Балтыку", на ўсялякі выпадак, будуць суправаджаць два ледаколы - «Россия» и «Таймыр». У суправаджэньні ледаколаў танкер паплыве да расейскага порту Певек, які месьціцца ў Чукоцкай Аўтаномнай Акрузе, а з Певеку танкер паплыве ўжо сам.

Чаму Расея вырашылася на такі, пакуль рызыкоўны, крок - прайсьці танкерам паўночны шлях? А калі, напрыклад, ледаколы не справяцца з заданьнем і танкер пацерпіць катастрофу -  пад пагрозай можа апынуцца далікатная экасыстэма тундры, у месцы патэнцыйнай катастрофы.

Я думаю, не дарма ў гэты дзявочы рэйс, для большай бясьпекі, быў выбраны танкер, які перавозіць газавы кандэнсат, а не нафту. Выцек газу не нанясе столькі шкодаў, колькі магла б зрабіць нафта. Асноўнай жа прычынай, па якой Расея, увогуле, адважылася на такі крок - гэта адлегласьць. Калі танкер "Балтыка" пасьпяхова дабярэцца да пункту прызначэньня – гэта будзе азначаць рэвалюцыю ў акіянічных гандлёвых трасах.

Працягласьць традыцыйнага гандлёвага шляху праз Суэцкі канал да кітайскіх берагоў складае 12 000 марскіх міляў, а праз поўнач складзе толькі 7000 міляў. Розьніца сапраўды вялікая, калі ўзяць пад увагу, што гэта шлях у адзін бок. Калі палічыць у два бакі, то розьніца складзе 10 000 марскіх міляў, а гэта 18 520 км!

Розьніца сапраўды салідная. А што будзе азначаць для рэгіёнаў посьпех рэйсу?

Для расейскіх рэгіёнаў гэта будзе азначаць самы сапраўдны росквіт. Закінутая расейская поўнач можа пераўтварыцца ў квітнеючы рэгіён на ўзор Скандынавіі, у які будзе інвэставаць увесь сьвет! А каб замежныя інвэстары былі больш зацікаўленыя ва ўкладаньнях, расейскі ўрад распрацаваў шэраг праектаў, накіраваных на паляпшэньне мясцовай інфраструктуры.

Пра рухі ў гэтым накірунку сьведчыць заява старшыні Расейскай Думы Барыса Грызлова, што ў Архангельску павінна знаходзіцца адміністрацыя "Севморпути" – Паўночна-марскога шляху. Дзеля гэтага з расейскага бюджэту будуць выдзеленыя 118 мільярдаў рублёў, каб скончыць будову 79-кілямэтровага адрэзку "Белкомура" - чыгуначнай магістралі, якая злучыць Архангельскую вобласьць, Рэспубліку Комі ды Пермскі Край.

Другая плянаваная інвэстыцыя - гэта мадэрнізацыя Архангельскай цепла-электра-цэнтралі - перавод яе катлоў на газ. Трэцяя – перабудова глыбокаводнага раёну марскога порту, каб прычалы маглі абслугоўваць танкеры болей за 9,5 мэтраў пагружэньня.

Гэта даволі канкрэтныя пляны, выглядае на тое, што расейцы вераць у пасьпяховасьць рэйсу "Балтыкі".

Танкер "Балтыка" павязе 70 000 тон газавага кандэнсату да аднога з кітайскіх партоў. Дарэчы, прадстаўнікі «Совкомфлоту» не паведамляюць, да якога дакладна порту плыве танкер, бо гэта камэрцыйная таямніца. Груз належыць фірме «НОВАТЭК», якая толькі за 2009 год дасягнула прыбытак, роўны 90 млрд. расейскіх рублёў, рэалізаваўшы 36 танкерных партыяў са стабільным газавым кандэнсатам - 67% зь якіх трапіла на рынак ЗША, а 25% - у краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.

Веру ў пасьпяховаць праекту даюць расейцам велізарныя пэрспэктывы для паўночнага рэгіёну, бо танкер пройдзе праз багатыя газаносныя раёны, якія адкрыты на дне цяжкадаступных паўночных мораў. Новы марскі шлях дасьць магчымасьць адносна лёгка іх эксплюатаваць ды вывозіць здабычу.

Акрамя таго, посьпех рэйсу дазволіць плыць з Гамбургу ў Шанхай не праз Суэцкі канал, а праз расейскія паўночныя мары, дзякуючы чаму адлегласьць скароціцца на прыкладна 3 500 марскіх міляў. Карацейшая дыстанцыя дае, як вядома, ашчаднасьць паліва, і зробіць паўночны шлях больш экалягічным, чым традыцыйны.

Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч, гутарыла Алена Пытэль