http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=138997

Запрашаем у Польшчу - Аджаньскі лес

03.09.2010

 

Усё часьцей шмат людзей ідуць у водпуск восеньню. Як вядома, восень - гэта вельмі прыгожая пара, якой захапляліся сусьветнавядомыя клясыкі.
Сапраўды, восеньню прырода паказвае сьвету маляўнічыя гамы колераў, а найлепей гэтыя колеры можна пабачыць у лясах і парках. Таму сёньня запрашаем вас у лес, але гэта не звычайны лес, а Аджаньскі лес (Las Odrzański), па-нямецку Oderwald.

Як нескладана здагадацца, сваю назву ён бярэ ад ракі Одэр, якая працякае непадалёк ад паўднёвай часткі масыву. Знаходзіцца ён побач з горадам Зелёна Гура й зьяўляецца месцам адпачынку гараджанаў.

У 1409 годзе пачалося добраўпарадкаваньне дзікага лесу пад лясны комплекс. Была выкупленая навакольная зямля й насаджаная маладняком.
За лясным комплексам сачыў надлясьнічы, які меў сваю кантору ў блізкай мясцовасьці Крэмпа. Самым вядомым надлясьнічым быў Отта Мульш, які заведаваў Одэрвальдам у 1900-1920 гадох. Ён спрычыніўся да таго, што горад пачаў інвэставаць у навакольныя дарогі, роварныя сьцежкі й разнародныя саджанцы дрэваў.

Самым папулярным дрэвам у Одэрвальдзе быў дуб. На пачатку XX стагодзьдзя дрэвагадоўля дубу прыносіла ў гарадзкую казну вялікія даходы. У лесе жыло шмат відаў дзікай жывёлы: барсукі, лісы, куніцы й ласкі, а таксама шмат драпежных птушак: ястрабы, сокалы, крэчаты й мышаловы. Мала каму ў Польшчы Одэр асацыюецца з каштоўнай дзікай прыродай. Аднак Одэрвальд называюць апошняй эўрапейскай джунгляй, паколькі ён мае нетыповую падмоклую лясную экасыстэму, дзякуючы якой прыналежыць да самых каштоўных прыродных абшараў Эўропы.

 

Ёсьць у гэтым лесе яшчэ адна адметнасьць, якая адрозьнівае яго ад іншых польскіх лясных масываў, дзе сярод дрэваў пераважае сасна. Ліставы лясны масыў  ў даліне Одэру сапраўды ўражвае: некалькі відаў таполі, вярбы, вязаў і дубоў, у тым ліку „Амшалы дуб”, для якога адмыслова быў створаны запаведнік „Bieliniak”.

На пачатку XІX стагодзьдзя ў ваколіцы пачалі рэгуляваць карыта Одэру, а лес пачаў выконваць выключна рэкрэацыйную функцыю. Пабудавана прагулачныя й роварныя сьцежкі зь месцамі адпачынку, пасьля даволі хутка была створана турыстычная інфраструктура (гатэлі, рэстарацыі й пункты пракату турыстычнага абсталяваньня).

Сёньня ў лесе поўна раварыстаў, рыбакоў і грыбнікоў, паколькі гэта адзін зь нешматліках добраўпарадкаваных лясных масываў, дзе можна зьбіраць грыбы, а, як вядома, восеньню пачынаецца сэзон для аматараў зьбіраньня гэтых лясных прыгажынуў.

КР