http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=139251

Гістарычныя беларускія межы ў ацэнцы эміграцыі - 2

09.09.2010


Вялікае Княства Літоўскае, якое існавала ад паловы XІІІ да канца XVІІІ стагодзьдзя, задзіночыла ў сваіх межах усе беларускія землі, з выняткам беларускай часткі Цьверскага Княства. Пачынаючы ад часоў Вялікага Князя Гедыміна да задзіночанага беларускага гаспадарства належаў Пскоў. У 1396-97 гадох было далучана да Літвы Княства Разанскае. Аўкштота, адна зь дзьвюх частак сёньняшняе Летувы, была прылучана да Літвы яшчэ за першага гаспадара, Міндоўга. У палове XІV стагодзьдзя ў ВКЛ увайшлі ўкраінскія землі, а за Альгерда межы яго пашырыліся па паўночныя берагі Чорнага мора, ад утоку ў яго Дняпра да ўтоку Дзясны. У 1411 годзе да Літвы была далучана Жамойць (Жмудзь).

У XV стагодзьдзі і на пачатку XVІ ВКЛ страціла шмат земляў. Найперш Турэччына заваявала берагі Чорнага мора. Вялікае Княства Разанскае было ўзалежнена ад Масквы ў 1483 годзе й зусім зьліквідаванае ёю ў 1520 годзе. Масква захапіла землі ля верхняе Акі ў 1503 годзе. У гэтым часе былі страчаныя Смаленшчына, Браншчына й Севершчына, але ў пачатку XVІІ стагодзьдзя ізноў вярнуліся да беларускай дзяржавы. Гэтак было да 1667 году, калі яны былі страчаныя ў выніку Андрусаўскага замірэньня. За час вайны з Маскоўшчынай 1558-82 гадоў ды швэдамі й Даніяй, пасьля Люблінскай вуніі, да Польшчы адышлі: украінскія землі, а таксама Падляшша, паўднёвая частка ўсходняга Палесься. У 1772 годзе, у часе першага падзелу Рэчы Паспалітае, да Расеі адышлі землі на ўсход ад Дзьвіны, Друі й Дняпра. Другім падзелам Рэчы Паспалітае 1793 году Расея прысабечыла Менскае ваяводзтва, частку Віленскага, Наваградзкага й Берасьцейскага. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітае да Расеі адышла летувіская зямля й частка беларускае этнаграфічнае прасторы, з выняткам Беласточчыны, якая была прылучана да Прусіі, ды апрача Бела-Падляскага павету, прылучанага да Аўстрыі. Беласточчыну Расея пераняла ў 1807 годзе, а Бела-Падляскі павет быў прылучаны да Польскага Каралеўства – г.зв. Кангрэсуўкі.

 На старонках газэты „Бацькаўшчына” была зьмешчана публікацыя пра беларуска-летувіскія дачыненьні, якая была выклікана паяўленьнем у тагачаснай летувіскай газэце „Teviškas Žiburiai”, што выдавалася таксама ў эміграцыі – у Канадзе, артыкула летувіса, спадара Альмуса, які вырашыў ушанаваць 60-я ўгодкі беларуска-летувіскага інтэлектуала Аляксандра Ружанцова шэрагам публікацыяў, прысьвечаных менавіта беларуска-летувіскім дачыненьням. (Да беларуска-летувіскіх дачыненьняў, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, №№ 39-40 (221-222), 31.10.1954, с. 2-3; № 41 (223), 7.11.1954, с. 1-2)

З гэтай мэтай правёў ён апытаньне 5-х беларусаў, 5-х летувісаў, 1-го латыша й 1-го эстонца. Аднак сярод беларусаў толькі 2-е адказалі на пастаўленыя пытаньні. „Бацькаўшчына” знаёміць з вынікамі гэтага апытаньня. Адно з пытаньняў датычыла погляду на Вялікае Княства Літоўскага: ці было яно камэнвэльтам, ці зьяўляецца супольнай спадчынай?

 Беларускія адказы былі дваякія. На думку Яна Станкевіча, ВКЛ было крывіцка-беларускай дзяржавай з захаваным вялікім мясцовым самакіраваньнем ды з колькімі аўтаномнымі тэрыторыямі, такімі як Жамойць, Полацкая зямля, Віцебская зямля. У сувязі з тым, што ў ВКЛ была ўвесь час і летувіская тэрыторыя (да 1411 году без Жамойці), то яго трэба захаваць і як спадчыну летувісаў. Пытаньне беларускай дзяржаўнасьці ВКЛ не павінна адбівацца на стасунках паміж крывічамі й летувісамі, але крывічы мусяць уважаць Княства за сваю дзяржаву, таму што ў іншым выпадку павінны адмовіцца ад аб’ектыўнага дасьледаваньня свае мінуўшчыны – уважае Ян Станкевіч.

 У сваю чаргу Др Г. глядзіць на ВКЛ як на супольную беларуска-летувіскую дзяржаву, якою ў першым стагодзьдзі кіравалі летувісы, у сярэдніх – беларусы, а скончыла – апалячаная беларуска-летувіская шляхта.

  У гэтым пытаньні летувіская тэза была наступная: ВКЛ у раньнім пэрыядзе XV-XVІ стагодзьдзяў было па сваім характары камэнвэльтам. Народжаныя гісторыяй формы жыцьця былі незачэпныя і ўсіх адзіночыў інтарэс. Пазьней, пасьля вуніі, адрозьненьні зьніклі, і ВКЛ сталася аднастайнай шляхоцкай рэспублікай. У гэтым аспэкце ВКЛ зьяўляецца супольнай спадчынай. Але спадкаемцам тытулу застаюцца летувісы з увагі на імя й цэнтар старой дзяржавы, а таксама таму, што былі ў ёй летувіскія кіраўнікі (тамсама, №№ 39-40 (221-222), 31.10.1954, с. 3).

 Каб высьветліць, як хто разумее спадчыну дзяржаўнасьці Вялікага Кніства Літоўскага, Альмус пацікавіўся, чыя прававая сыстэма адлюстроўваецца ў Статуце Літоўскім, але пра гэта – праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская