Расейскую Арктыку чакае эканамічны бум
Можна сьмела сказаць, што год 2010 адкрыў для Арктыкі абсалютна ўнікальную магчымасьць эканамічнага разьвіцьця, вызваліўшы вялікія абшары паўночных мораў ад шматгадовага ільду. Якую гэта прынясе карысьць, а якую небясьпеку? Пра гэта паразважаем у сёньняшняй перадачы.
У нашых папярэдніх перадачах я распавядаў, што адсуднасьць шматгадавога ільду ўжо стварыла не спатыканую па сваім маштабе пэрспэктыву эканамічнага разьвіцьця паўночных раёнаў Канады ды Расеі. Дарэчы, больш адпаведным словам было б не эканамічнае разьвіцьцё, а эканамічны бум!
Бум, бо сытуацыя, якая склалася, дазволіць зрабіць "эканамічны скачок" рэгіёнам, празь якія пройдуць марскія гандлёвыя шляхі. Асабліва скарыстае на зьмене клімату Расея. Так, напрыклад, замест 2 мільёнаў тонаў грузаў у год, якія перавозяць караблі на сёньня, у недалёкай будучыні можна будзе перавозіць 30 мільёнаў. Не ў два разы, ня ў пяць, а ў 15 разоў болей!
Пэрспэктыва росквіту сапраўды вялікая, я нават сказала б - агромністыя!
Таму больш адпаведным словам было б менавітам «эканамічны бум». Новапаўсталыя трасы будуць бесканкурэнцыйныя, асабліва ў галіне гандлю Эўропы з Кітаем. Але, каб ажыцьцявіць такую колькасьць перавозак, Расея павінна будзе разбудаваць свой атамны ледакольны флёт. Пакуль што гэта толькі 6 ледаколаў, сярод якіх 4 - "Россия", "Советский Союз", "Ямал" ды "50 лет Победы" - моцай па 75 тыс. конскіх сілаў (52,8 тыс. кВт) кожны й 2 - "Таймыр" і "Вайгач" - моцай па 50 тыс. конскіх сілаў (36,5 тыс. кВт). А, каб правесьці адзін супэртанкер альбо кантэйнеравоз тыпу "мэрск" празь лядовыя палі, патрэбныя мінімум два ледаколы.
Чаму так?
Каб перавозкі прыносілі сапраўды вялікі прыбытак, трэба выкарыстоўваць супэртанкеры, а шырыня супэртанкера складае 68 м., а кантэйнеравозу тыпу "мэрск" - 56 м., адзін жа ледакол здольны стварыць канал да 50 м. шырынёю, і таму, каб стварыць адпаведна шырокі водны канал, патрэбныя дзьве адзінкі, якія сінхронна плывуць перад танкерам.
Створаны ж сярод ільду водны канал ня вечны, і праз кароткі час ізноў замярзае, таму курсаваць ледаколы павінны туды-сюды практычна безь перапынку. А ўлічваючы тое, што плянаваны рух караблёў будзе ў 15 разоў больш інтэнсіўны, чым зараз, паўстане патрэба ў стварэньні некалькіх каналаў, каб танкеры безаварыйна маглі праплываць у абодвух накірунках.
Зразумела, дадатковыя каналы азначаюць дадатковыя ледаколы. Колькі іх павінна быць, каб паўночны марскі шлях функцыянаваў без прастояў?
Адказаць на гэта пытаньне ня так і проста, бо, акрамя 6 магутных атамных ледаколаў, Расея мае яшчэ 20 ледаколаў дызельных - іх моц вагаецца ад 13,6 да 36 тыс. конскіх сілаў, то бок, нават самыя моцныя дызельныя ледаколы, такія, як "Ермак", "Адмирал Макаров " ды "Красин" моцай 36 тыс. конскіх сілаў, маюць моц амаль у паўтара раза меншую, чым самыя слабыя атамныя ледаколы "Таймыр" і "Вайгач" (па 50 тыс. конскіх сілаў кожны).
Ня кажучы ўжо пра такія адзінкі, як "Владислав Стрижов" ды "Юрий Топчев" - па 27,2 тыс. конскіх сілаў, мос якіх амаль у два разы меншая, чым самага слабога "атамавіка". А меншая моц мае непасрэдны ўплыў на таўшчыню ільду, якую здольны зламаць ледакол. І калі атамныя спакойна спраўляюцца з таўшчынёй ільду да 2,8 м. (а пры выкарыстоўваньні спэцыяльнай тэхнікі плаваньня нават да 5 м.), то самыя моцныя дызельныя здолеюць пакрышыць лёд таўшчынёю мах. да 1,5 м.
Акрамя адносна малой моцы, пераважная большасьць дызельных ледаколаў прапісана ў балтыйскіх і ціхаакіянскіх партах, і там для іх хапае працы. З другога боку, калі пацяпленьне будзе адбывацца такімі ж тэмпамі, як зараз, то можа ледаколы зусім і не спатрэбяцца. Вось якое пытаньне павінны перадусім задаваць сабе расейскія кампаніі.
Але гэта не азначае, што новыя атамныя ледаколы не паўстануць, яны ў плянах. Пра гэта сьведчыць хаця б тое, што ў 2010 годзе расейскі флёт прыме ў эксплюатацыю кантэйнеравоз, галоўнае прызначэньне якога - складаваньне й перавозка радыеактыўных адкідаў. Калі будуецца, назавем яго, "сьмецьцявоз" для радыеактыўнага "сьмецьця", то прагназуецца болей ледаколаў.
З экалягічнай пэрспэктывы гэта не гучыць заахвочваючы.
Згаджуся, павелічэньне колькасьці радыеактыўных адкідаў не дадае аптымізму. Але, нягледзячы на гэта, пэрспэктыва эканамічнага разьвіцьця закінутага запалярнага рэгіёну плошчай ў мільёны квадратных кілямэтраў гучыць больш спакусьліва для мясцовых уладаў, чым некалькі сотняў кубічных мэтраў скрынак з радыеадкідамі, якія зьмесьцяцца нават на адным караблі.
Толькі на тэрыторыі Ямалу плянуецца будова некалькіх заводаў для вытворчасьці вадкага газу, што дасьць магчымасьць вывозіць адтуль болей за 65 мільёнаў тонаў паліва ў год, а вываз такой колькасьць выглевадародаў магчымы толькі пры наяўнасьці паўночнамарскога шляху. Ацэньваецца, што, акрамя газу, паўночны шэльф мае 100 мільярдаў тонаў нафтавага эквіваленту. Акрамя таго, у расейскім Запаляр'і знаходзяцца адкрытыя й яшчэ нездабытыя радовішчы рудаў мэталаў, у тым ліку каштоўных і каляровых.
Таму пэрспэктыва эканамічнага разьвіцьця расейскай поўначы выклікае мноства пытаньняў, яярод якіх самае галоўнае - гэта пытаньне экалягічнага балянсу й яго ўплыву на экалягічную сытуацыю на ўсёй плянэце. Ня трэба быць адмыслоўцам у галіне навакольнага асяродзьдзя, каб зразумець, што супэртанкеры ды атамныя ледаколы, якія пачнуць рэгулярна курсаваць па паўночных расейскіх марах, з-за сваіх тэхнічных парамэтраў не зьяўляюцца па сутнасьці экалягічна чыстымі.
Падрыхтаваў Уладзімер Міхневіч, гутарыла Алена Пытэль