http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=140081

НАВУКА Й ТЭХНІКА

23.09.2010

 

Бактэрыі дапамогуць ліквідаваць выцек у Мэксыканскім заліве

Навукоўцы знайшлі новыя бактэрыі, якія харчуюцца нафтай, - гэта станоўчая навіна для жыхароў Мэксыканскага заліву, які нядаўна моцна пацярпеў у выніку выцеку нафты з пашкоджанай буравой плятформы канцэрну BP.

Ранейшыя дасьледаваньні ўзроўню насычанасьці вады кіслародам, праведзеныя ў водах заліву, паказалі, што нармальныя бактэрыі ліквідуюць нафту ў заліве вельмі павольна. Гэта пазбавіла навукоўцаў надзеі на хуткую стабілізацыю экалягічнай сытуацыі ў рэгіёне.

Цяпер, пасьля правядзеньня дадатковых аналізаў, аказваецца, што шанцам на ачышчэньне вады зьяўляюцца рэдкія бактэрыі.

„Яны літаральна чакаюць на нафту, а калі яна паявіцца, аб’ядноўваюцца ў групы й пачынаюць харчавацца”, – гаворыць Тэры Газэн з Унівэрсытэту ў Каліфорніі.

Калі зьнікае нафра, бактэрыі таксама зьнікаюць. Звычайна іх у вадзе настолькі мала, што яны амаль нябачныя.

Заявы навукоўцаў суцешылі ня толькі саміх спэцыялістаў, але таксама турыстаў і жыхароў Мэксыканскага заліву.

Цяпер навукоўцы хочуць правесьці дадатковыя дасьледаваньні, каб праверыць узьдзеяньне новых бактэрыяў на доўгатэрміновыя наступствы экалягічнай катастрофы .

 

Скура жабы – крыніца новых антыбіётыкаў!?

Скура жабы ўтрымлівае субстанцыі, зь якіх можна вытвараць новыя  антыбіётыкі.

Група навукоўцаў з Унівэрсытэту Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў апрацавала мэтад перапрацоўкі згаданых „жабіных” субстанцыяў такім чынам, каб ліквідаваць шкодныя для чалавека пабочныя наступствы іх выкарыстаньня.

Навукоўцы здавён ведалі пра тое, што скура жабы ўтрымлівае грыба- і бактэрыязабойныя субстанцыі, якія ахоўваюць паўзуноў ад натуральных пагрозаў іхнага асяродзьдзя пражываньня. Усё ж шмат згаданых рэчываў для чалавека мае характар атруты.

Арабскія спэцыялісты апрацавалі мэтады іхнай мадыфікацыі, дзякуючы якой можна атрымаць каля 100 новых антыбіётыкаў. Напрыклад, адзін зь іх зьнішчае ўстойлівых у дачыненьні да ўсіх вядомых лекарам антыбіётыкаў бактэрыяў. Гэта залацісты стафілакок (MRSA), які адказвае за небясьпечныя шпітальныя інфэкцыі.

 

Ці электраэнэргію можна атрымаць непасрэдна з паветра?

Паводле навукоўцаў, электраэнэргію можна будзе атрымліваць непасрэдна з паветра.

Новая тэхналёгія атрыманьня таннай энэргіі была прадстаўленая падчас сустрэчы чальцоў Амэрыканскага хімічнага таварыства, што прайшла ў Бостане.

У згаданым мэтадзе выкарыстаная малавядомая атмасфэрная зьява.  Гаворка ідзе пра тое, што мэтал, зьмешчаны ў вільготным асяродзьдзі, зараджаецца станоўча, альбо адмоўна (зьява янізацыі).

У ацэнцы доктара навук Франчэска Галембэка з бразылійскага ўнівэрсытэту, гэта дасканалы спосаб вытворчасьці электраэнэргіі, асабліва ў вільготных рэгіёнах сьвету, напрыклад, трапічных лясах.

Тым ня менш, экспэрты маюць розныя погляды на эфэктыўнасьць згаданага мэтаду атрыманьня электраэнэргіі. Яны тлумачаць, што вільготная пліта мэталу вытварала б у сто мільёнаў разоў менш энэргіі, чым сонечныя калектары такой жа паверхні.

Тым ня менш, усе згодныя, што ідэя вартая далейшых навуковых дасьледаваньняў.

 

У вулічных корках вінаватыя самі кіроўцы!

Паводле найноўшых дасьледаваньняў, праведзеных навукоўцамі зь Інстытуту тэхналёгіі ў штаце Джорджыя, якія займаліся паводзінамі кіроўцаў і прычынамі ўзьніканьня вулічных коркаў, у корках на дарозе вінаватыя надта агрэсіўныя альбо надта баязьлівыя вадзіцелі.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што, праўда, узьнікненьню коркаў сапраўды  спрыяюць дарожныя работы ці ДТЗ, але найчасьцейшым паказчыкам парушэньня плаўнасьці дарожнага руху зьяўляюцца самі кіроўцы, як надта агрэсіўныя, так і надта палахлівыя.

Гаворка ідзе пра тое, што калі адзін кіроўца памяняе хуткасьць руху, то згаданая зьмена пераносіцца далей – усе іншыя кіроўцы робяць тое ж самае. У ідэальнай сытуацыі гэта не павінна парушыць плаўнасьці руху, але на практыцы ня ўсе кіроўцы адпаведна дастасуюць хуткасьць аўтамабіля.

Аказваецца, што да найбольшых ускладненьняў прычыняюцца баязьлівыя кіроўцы. Калі аўтамабіль перад імі зьмяншае хуткасьць, яны таксама тармозяць машыну, каб як найхутчэй захаваць бясьпечную дыстанцыю, а пазьней таксама зацягваюць момант паскарэньня свайго аўтамабіля, каб зраўнаць хуткасьць з папярэдняй машынай.

Небясьпечныя таксама „каралі дарог” – кіроўцы, якія перакананыя ў сваіх прзьмерна вялікіх здольнасьцях. Яны тармозяць машыму раптоўна, заўсёды ў апошняй хвіліне. Апрача таго, яны затрымліваюцца вельмі блізка ад аўтамабіля перад імі й таму ім цяжка плаўна рухацца наперад, а значыць, таксама прычыняюцца да спазьненьняў у руху калёны машынаў.

А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org