Беларуска-летувіскім дачыненьням была прысьвечана публікацыя Ю. Дубовіка пад назовам Аб летувіска-беларускай прыязьні, зьмешчаная на старонках мюнхэнскай „Бацькаўшчыны” за чэрвень 1958 году (№ 22 (408), 08.06.1958, с. 1).
Ю. Дубовік прывёў адзін характэрны прыклад. У выніку захопу летувіскай дзяржавы савецкай арміяй, Вільня разам з навакольнымі раёнамі была далучаная да Летувіскай ССР. Агульна вядома, што гэтыя раёны Віленшчыны заселеныя кампактнай масай беларускага жыхарства – заўважае аўтар публікацыі. Пасьля Другой сусьветнай вайны зь ініцыятывы мясцовага насельніцтва на Віленшчыне ўзьнікла шмат беларускіх школ. Аднак пазьней, на загад савецкіх уладаў, усе беларускія школы былі зьліквідаваныя й часткова ператвораныя ў польскія. Такім чынам сотні тысяч беларускага жыхарства Вільні пазбаўлена права вучыць сваіх дзяцей у роднай мове, – адзначыў на старонках „Бацькаўшчыны” Ю.Дубовік, які дадаў да гэтай ненармальнай сытуацыі яшчэ й той факт, што ў той час беларускае жыхарства Летувіскай ССР ня мела нават мясцовай беларускай газэты.
Ю. Дубовіка асабліва абурыў факт выкарыстаньня ў беларускім друку летувіскіх назоваў для мясцовасьцяў, якія зь гістарычных часін ужываюцца ў беларускай форме. „Можна згадзіцца з тым, што дзейнасьць такіх Летувісаў, як М. Слуцкіса, А. Жукаўскаса ці Ю. Марцінкявічуса зьвязана зь Вільнюсам, але каб Скарына мог пачуць, што і ягоная дзейнасьць была зьвязаная зь Вільнюсам – ён напэўна не зразумеў-бы ў чым тут справа” (тамсама) – напісаў Ю.Дубовік.
Сьмешна гучыць і такое імпэратыўнае сьцьвярджэньне, што й дзейнасьць усяго нашаніўскага актыву, разам з Купалам і Коласам, як і наогул усё беларускае, зьвязанае зь Вільняй, адбывалася ў Літве, калі пад гэтым назовам разумеецца сёньняшняя Летува.
У сваю чаргу Сымон Брага (гэта псэўданім Вітаўта Тумаша) разгледзеў на старонках нью-ёрскага часопіса „Запісы” за 1953 год мэтазгоднасьць ужываньня ў беларускім друку лексэмаў Жамойць і Жмудзь (С.Б., Пра Жамойць ды Жмудзь, у: ,,Запісы”, № 1, Нью-Ёрк 1953, с.52-53; Яшчэ пра Жамойць, у: ,,Запісы”, № 2, Нью-Ёрк 1953, с.117).
Беларускі назоў Жамойць для Жамойцкай зямлі гэта перадача летувіскага слова žemaitis ‘жыхар нізкага краю, нізавік’. Гэтае слова сустракаецца ўжо ў полацкіх актах XV ст. у форме Жемойть. Гэтак пішацца гэтае слова і ў Іпацьеўскім летапісе: Жемойть вся пошла на Ригу ды ў Летапісцы Вялікіх Князёў Літоўскіх: Кестут собрав свою Жемойтскую землю. У пазьнейшы час, у XVІ стагодзьдзі пашырыліся формы з о на месцы е: Жомойть. Такая форма сустракаецца і ў Літоўскім Статуце 1588 году, і ў Уставе на Волакі 1557 году, і ў Попісе войска земскага Вялікага Княства 1567 году, і нават у грамаце вялікага князя Вітаўта з 1420 году, напісанай па-лацінцку: Szomoyth (С.Б., Пра Жамойць ды Жмудзь, у: ,,Запісы”, № 1, Нью-Ёрк 1953, с. 52).
Форма Жмудзь паявілася праз пасярэдніцтва польскае мовы, у якой прайшло яно эвалюцыю ад Жамойць праз Żmójdź, Żmujdź аж да сучаснай формы Żmudź, гэтаксама як калоць – kłuć ці пароць – pruć (тамсама). Спольшчаная форма Жмудзь у XVІІІ-XІX стагодзьдзях прынялася ў літаратурнай расейскай мове ў выглядзе Жмудь, хаця ў ранейшых маскоўскіх граматах сустракаецца форма з поўнагалосьсем: Жомойть. Форму Жмудзь у беларускай мове трэба разглядаць як палянізм (тамсама, с. 53).
„Непатрэбнае ўводжаньне яўна чужых польскіх (і ўсякіх іншых) формаў у сучасную беларускую літаратурную мову шкоднае, бо яно надае мове характар макаранічнай штучнасьці” (С.Б., Яшчэ пра Жамойць, у: ,,Запісы”, № 2, Нью-Ёрк 1953, с. 117) – заўважыў беларускі эміграцыйны дасьледнік Сымон Брага.
Ніна Баршчэўская