http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=140395

Гістарычныя беларускія межы ў ацэнцы эміграцыі - 5

30.09.2010

Латгаліяй і латгальцамі заняўся Андрэй Багровіч у публікацыі пад назовам Латгальцы – спрадвечныя суседзі, зьмешчанай на старонках нью-ёрскага часопіса ,,Запісы” за 1976 год (№ 14, с. 67-75).  „У навуковай літаратуры агульна ўважаецца, што пасьля зыходу зь гістарычнае арэны колішніх прусаў, яцьвягаў, а таксама голядзі ды іншых усходніх балцкіх племяў, сяньня існуюць толькі два балцкія народы – латыскі й лятувіскі, ды дзьве толькі жывыя балцкія мовы – латыская ды жамойцка-лятувіская. Пагляд гэты памылковы. Вынікае ён стуль, што зь віду выпускаецца існаваньні латгальцаў ды трэцяе жывое балцкае мовы – мовы латгальскае” (тамсама, с. 67) – адзначыў на старонках „Запісаў” Андрэй Багровіч. Па ягоных словах, латгальцы маюць вялікае значэньне дзеля належнага зразуменьня паасобных пытаньняў старое гісторыі беларускага народу й таму нельга забываць „пра існаваньне нашчадкаў летапіснае Латыгалы ды іх балцкае мовы” (тамсама).

 Племя латгальцаў, якое жыло на прасторы паўночнага Падзьвіньня, на захад ад крывічоў, часта згадваецца ва ўсходнеславянскіх  летапісах XІ-XІІ стагодзьдзяў. З чатырох вядомых старых латгальскіх княстваў два прыдзьвінскія – Герцыке й Кукейнос – даўжэйшы час былі пад уладай Полацка. На пачатку XІІІ стагодзьдзя Латгалія была захопленая нямецкім ордэнам Мечаносаў, пазьнейшым Лівонскім ордэнам. „У валаданьні ордэну Латгалія заставалася да 1561 году, калі, у выніку распаду ордэну, Латгалія ды частка іншых земляў Лівоніі пераходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага. Было тады створанае „Задзьвінскае Княства” – Ducatus Transdunensis, – якое ад Люблінскае вуніі 1569 году афіцыйна было правінцыяй Рэчпаспалітае, супольным валаданьнем Літвы й Польшчы” (тамсама, с. 68).

 Латгалія была падпарадкаваная законам Вялікага Княства Літоўскага. На яе тэрыторыі дзейнічаў Літоўскі Статут нават пасьля захопу Латгаліі Расеяй у 1772 годзе і ўключэньні яе ў 1802 годзе ў Віцебскую губэрню. Юрыдычная сіла Літоўскага Статута на землях Латгаліі была скасаваная царскімі ўладамі толькі ў 1831 годзе.

 Русыфікацыя ў Латгаліі праводзілася асабліва пасьлядоўна ад 1863 году, калі была яна падпарадкаваная віленскаму генэрал-губэрнатару, Мураўёву-„вешальніку”. Пачаткі кнігадруку на латгальскай мове датуюцца ад 1585 году, калі ў Вільні быў выдадзены каталіцкі катэхізіс. У 1865 годзе віленскі генэрал-губэрнатар выдаў цыркуляр, які забараняў друкаваць кнігі лацініцай. Гэта практычна азначала забарону латгальскага друку, у якім ужывалася толькі лацініца (тамсама, с. 69).

 Пасьля скасаваньня забароны друку ў 1904 годзе пачалося латгальскае адраджэньне, якое праходзіла таксама, як і на беларускіх землях. Да 1917 году ўзьнікла многа культурна-грамадзкіх латгальскіх арганізацыяў, хутка разьвівалася літаратура ў роднай мове, паявілася шмат газэтаў і часопісаў. Вярнуліся таксама да свайго гістарычнага назову – Латгола.

 „Пасьля расейскае Лютаўскае рэвалюцыі, 9-10 травеня 1917 году, у Рэжыцы быў скліканы латгальскі кангрэс для абмеркаваньня справы будучуыні Латгаліі. На кангрэсе бальшынёю галасоў – 43 супроць 23 – перамагае канцэпцыя, што трэба імкнуцца да стварэньня супольнае з куронцамі й зямгаламі Латвійскае аўтаномнае рэспублікі, латгальцам у якой аднак мусяць быць загварантаваныя нацыянальнае самакіраўніцтва на сваёй тэрыторыі ды правы латгальскае мовы” – адзначыў Андрэй Багровіч (тамсама, с. 70). На такіх умовах у ліпені 1917 году ў Рызе на супольным канрэсе прадстаўнікоў Латгаліі з прадстаўнікамі Зямгаліі й Курляндыі быў дадзены дазвол на ўваход Латгаліі як асобнай адміністрацыйнай адзінкі ў склад аўтаномнае Латвіі.

 У выніку ў незалежнай Латвійскай Рэспубліцы былі дзьве дзяржаўныя мовы: латвійская ды латгальская. Аднак загарантаваныя Рыскім кангрэсам 1917 году правы латгальцаў заставаліся ў сіле толькі да 1934 году, да дыктатуруы ў Латвіі К.Ульманіса. Тады было скасаванае латгальскае самакіраўніцтва й забароненая ў школах латгальская мова, месца якой заняла мова латыская. Сытуацыя не зьмянілася на лепшае й пасьля Другой сусьветнай вайны, калі Латгалія апынулася  ў межах Латвійскай ССР. Тады, побач з латышызацыяй, пачалася яшчэ русыфікацыя. Былі закрытыя ўсе выдаваныя ў латгальскай мове газэты й часопісы. Апошняя латгальская газэта пачала выходзіць у 1959 годзе, а ад 1960 году было забароненае ўсякае друкаваньне кніжак і газэтаў па-латгальску. „Ад 1948 году ўва ўсіх публікацыях Латвійскае ССР забаронена ўжываць і тэрмін „латгальская мова”. Пішацца толькі „латгальскі дыялект” або „верхне латвійскі дыялект латыскае мовы” (тамсама, с. 72). Публікацыі ў латгальскай мове паяўляюцца толькі ў краінах Захаду – заўважыў на старонках „Запісаў” Андрэй Багровіч. У 1960 годзе быў заснаваны Латгальскі дасьледны інстытут, які выдае навуковыя зборнікі Acta Latgalica.

Ніна Баршчэўская