http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=140509

Лужкоў страціў сваю пасаду за тое, што падтрымаў Пуціна

28.09.2010

Раніцай 28 верасьня расейскія інфармацыйныя агенцтвы распаўсюдзілі сэнсацыйную навіну: расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў адправіў у адстаўку мэра Масквы Юрыя Лужкова. Як напісана ва ўказе аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў мэра расейскай сталіцы, Юры Лужкоў пазбаўлены сваёй пасады ў сувязі са “стратай даверу прэзыдэнта Расеі”.

Інфармацыя пра тое, што мэра Масквы могуць пазбавіць пасады, зьявілася ў СМІ больш за тыдзень таму. Перад гэтым вядучыя тэлеканалы Расеі паказалі шэраг дакумэнтальных фільмаў, ў якіх востра крытыкавалі Юрыя Лужкова й яго жонку.

Прэсавая служба прэзыдэнта Расеі пацьвердзіла інфармацыю пра тое, што мэру Масквы прапанавалі дабраахвотна сыйсьці ў адстаўку, аднак ён адмовіўся. 27 верасьня Юры Лужкоў заявіў, што пакідаць сваю пасаду не зьбіраецца. Адказ расейскага прэзыдэнта быў імгненны: указ аб адстаўцы Лужкова быў падпісаны ўжо раніцай наступнага дня.

Як паведаміў дацэнт катэдры палітычнай тэорыі МГІМО Кірыл Коктыш, мэр расейскай сталіцы, які знаходзіўся на сваёй пасадзе 18 гадоў, у апошнія часы вельмі часта ўступаў у канфлікты з Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Аднак непасрэднай нагодай для адстаўкі паслужыла заява Лужкова пра тое, што ён падтрымае на прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году Ўладзімера Пуціна. Адстаўка Лужкова сьведчыць пра тое, што Дзьмітры Мядзьведзеў мае сур’ёзныя прэзыдэнцкія амбіцыі, – мяркуе Кірыл Коктыш:

К.Коктыш: Адстаўка Лужкова – гэта, перш за ўсё, адзнака таго, што Мядзьведзеў сам прымае рашэньні. Гэта таксама заява пра прэзыдэнцкія амбіцыі Мядзьведзева. Ён намераны балятавацца на наступны тэрмін. Той, хто будзе кантраляваць Маскву ў 2012 годзе – той і стане прэзыдэнтам Расеі. Калі б Мядзьведзеў не адправіў Лужкова ў адстаўку, ён бы паказаў, што зьяўляецца ўсяго толькі намінальнай фігурай і нічога ў краіне не вырашае. Цяпер жа Мядзьведзеў даказаў, што ён – самастойны палітык, які прэтэндуе на ўладу у Расеі.

На думку маскоўскага палітоляга, пасьля адстаўкі Лужкова на былога мэра Масквы могуць завесьці крымінальную справу.

К.Коктыш: З фармулёўкі, якая зьявілася ва ўказе прэзыдэнта Расеі, лягічна вынікае мажлівасьць крымінальнага перасьледу Лужкова. Дзьмітры Мядзьведзеў павінен будзе прадэманстраваць, чаму й з-за якіх канкрэтных учынкаў Лужкоў “страціў давер” прэзыдэнта. А гэта значыць, што наступным крокам павінна стаць крымінальная справа супраць Лужкова.

Зь меркаваньнем Кірыла Коктыша не згаджаецца дырэктар Інстытуту глябалізацыі й сацыяльных рухаў, сацыёляг Барыс Кагарліцкі. На ягоную думку, расейскі прэзыдэнт зьняў мэра сталіцы з-за таго, што ў фэдэральным бюджэце ўжо няма грошай, каб фінансаваць карупцыю ва ўрадзе Масквы. Дзякуючы Лужкову ў расейскай сталіцы вырасла безьліч будаўнічых кампаніяў, якія ператварыліся ў фінансавя піраміды. Яны абцяжараныя шматлікімі пазыкамі й функцыянуюць толькі за кошт дзяржаўных праграмаў. Лужкоў працягваў іх абараняць, а грошай у фэдэральнага цэнтру больш няма, бо на Ресею насоўваецца новая хваля крызысу, кажа Барыс Кагарліцкі.

Б. Кагарліцкі: Непаслухмянасьць губэрнатараў не зьяўляецца праблемай для фэдэральнага цэнтру, пакуль яны прытрымліваюцца хаця б мінімальнай фінансавай дысцыпліны. Калі б яны проста раскрадалі мясцовыя бюджэты ці бралі хабар, то гэта нікога б не хвалявала. А калі яны пачынаюць красьці фэдэральныя грошы якраз тады, калі сродкаў больш за ўсё не хапае, тады фэдэральны цэнтр гэтага ўжо не даруе.

Барыс Кагарліцкі ня зьвязвае адстаўку Лужкова з надыходзячымі выбарамі прэзыдэнта Расеі.

Б. Кагарліцкі: У Маскве ніхто з сур’ёзных чыноўнікаў не цікавіцца 2012 годам, усе цікавяцца 2011 годам, калі трэба будзе прадухіліць калапс эканомікі. А гэта, шчыра кажучы, не гарантавана.

Юры Лужкоў быў адным з апошніх высокапастаўленых расейскіх палітыкаў, якія адкрыта дэкляравалі сваю сымпатыю да Алякандра Лукашэнкі. СМІ неаднаразова пісалі пра тое што, кампанія, якой валодае жонка былога маскоўскага мэра, актыўна займаецца будаўніцтвам у беларускай сталіцы. У Маскву ж накіроўваецца значная частка беларускага экспарту. Нягледзячы на цесныя асабістыя кантакты паміж Лукашэнкам і Лужковым, адстаўка маскоўскага мэра не адаб’ецца на эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў Беларусі, лічыць палітоляг Андрэй Ляховіч.

А. Ляховіч: Моцнага пралукашэнкаўскага лёбі ў Расеі ўжо няма, аднак яго наяўнасьць ці адсутнасьць у апошнія часы абсалютна не ўплывала на расейскую палітыку ў адносінах да Беларусі. Калі казаць пра спажываньне беларускага харчаваньня Маскоўскім рэгіёнам, то яно, на маю думку, не залежыць ад таго, хто зьяўляецца мэрам Масквы. Беларусь геаграфічна блізкая да Маскоўскага рэгіёну, а нашыя прадукты якасныя й танныя, таму іх усё роўна будуць купляць.

Як паведамляюць расейскія СМІ, партыя “Адзіная Расея” ўжо пачала рыхтаваць сьпіс кандыдатаў на пасаду мэра расейскай сталіцы. Да моманту яго прызначэньня абавязкі мэра Масквы будзе выконваць былы намесьнік Лужкова Ўладзімер Рэсін.

Аляксандар Папко