http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=140570

Весткі культуры

29.09.2010

Летува перадасьць Беларусі лічбавыя копіі дакумэнтаў часоў ВКЛ. Лічбавыя вэрсіі дакумэнтаў зьяўляюцца адным са спосабаў вяртаньня ў Беларусь гісторыка-культурніцкіх каштоўнасьцяў.

Падчас сустрэчы міністра культуры Паўла Латушкі з летувіскім міністрам было дамоўлена аб стварэньні працоўнай групы, якая будзе распрацоўваць фінансавыя, юрыдычныя, прававыя й сыстэмныя аспэкты й вызначыць час, патрэбны для рэалізацыі праектаў.

Праект алічбоўкі дакумэнтаў часоў ВКЛ дазволіць абедзьвюм краінам абменьвацца матэрыяламі, чым зацікаўленыя абодва бакі.

Па выніках сустрэчы з летувіскім міністрам Павал Латушка расказаў пра пляны аднаўленьня Беларускага музэя імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Фонды музэя знаходзяцца ў некалькіх іншых пляцоўках Летувы. Міністар дадаў, што Беларусь афіцыйна зьвернецца да летувіскага боку з просьбаю падрыхтоўкі лічбавых копій гэтых экспанатаў.


Польскі рэжысэр Януш Заорскі пачаў здымкі для фільма „Syberiada polska”. Стужка будзе спробаю паказаць сапраўдны трагізм жыцьця ў савецкіх лягерах. Гэта будзе гісторыя пра лёсы палякаў, украінцаў, беларусаў, габрэяў, якіх падчас ІІ сусьветнай вайны масава высылалі ў Сібір.

Гісторыя будзе прадстаўлена на прыкладзе лёсаў жыхароў вёскі Чырвоны яр, якая месьціцца на даваенных польскіх тэрыторыях. Жыхароў вёскі закранула прымусовая дэпартацыя ў Сібір. Людзі накіроўваюцца ў шматтыднёвае падарожжа ў вагонах для перавозкі быдла. На месцы іх чакае мароз, голад, хваробы, а таксама зьдзекі ды інтрыгі з боку НКУС.

Лёсы жыхароў Чырвонага яру будуць паказаныя з пункту гледжаньня падлетка Стася Даліны.

Урачысты канцэрт з нагоды пачатку XVІ Міжнароднага піяністычнага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапэна адбудзецца ў чацьвер у Варшаве. У гэты дзень таксама адбудзецца лёсаваньне чарговасьці выступаў удзельнікаў конкурсу. У суме ў конкурсе будзе прымаць удзел 81 піяніст.

Конкурс пачнуць тры канцэрты – першы ў чацьвер, потым 1 і 2 кастрычніка. З 3 кастрычніка пачнецца конкурсная частка. Абвяшчэньне вынікаў адбудзецца 20 кастрычніка.

Міжнародны піяністычны конкурс імя Фрыдэрыка Шапэна зьяўляецца адным з найстарэйшых музычных конкурсаў у сьвеце, які мае агромны прэстыж і сусьветную славу. Першы конкурс адбыўся ў 1927 годзе. Яго запачаткаваў прафэсар Ежы Жураўлёў – польскі піяніст, пэдагог і кампазытар.


Вядомы музыка Стынг пасьля свайго канцэрту ў Менску сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі й падпісаў пэтыцыю за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

У адмысловым відэазвароце Стынг заклікае грамадзян Беларусі пайсьці ўсьлед за яго прыкладам і падпісаць дакумэнт.
 
«Давайце спынім гэта зьверства!» - заклікае Стынг беларусаў. Па словах музыкі, сам ён верыць у чалавечую годнасьць і таму выступае супраць сьмяротнага пакараньня.

Канцэрт сусьветнавядомага брытанца, які 18 верасня прайшоў у "Менск-Арэне", сабраў калі ня поўны аншляг, то блізкую да поўнай залю. Стынг выступаў разам з Лёнданскім каралеўскім канцэртным аркестрам.

Урачыстае адкрыцьцё Дзён культуры Беларусі адбылося на выходныя ў Кіеўскай нацыянальнай опэры.

У канцэрце прагучалі лепшыя творы з рэпэртуару артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча і салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра опэры й балета Беларусі.

У рамках дзён працуе фотавыстава з выкарыстаньнем відэа-арт-інсталяцыі з Музэя сучаснага мастацтва Беларусі, дэманстрацыя работ беларускіх кінематаграфістаў, у тым ліку прысьвечаных творчасьці Ўладзімера Караткевіча.

Аналягічныя мерапрыемствы ў рамках беларускіх дзён культуры адбудуцца з 29 па 30 верасьня ў Львове. Апошні раз Дні культуры Беларусі праходзілі ва Ўкраіне ў 2003 годзе.


Гандлёвы дом Sotheby's абвясьціў, што выстаўляе на аўкцыён карціну поп-арта - вялікую бутэльку “Coca-Cola” працы Эндзі Ўорхала. Пачатковы кошт складае 20-25 мільёнаў даляраў.

Чорна-белы малюнак колы, сымбаля амэрыканскай спажывецкай культуры, датаваны 1962 годам, лічыцца адной з самых канцэптуальных прац, якія стаяць ля вытокаў поп-арта. Сам Уорхал захапляўся філязофіяй колы - напою мільянэраў і жабракоў часоў пасьляваеннага жыцьця ЗША.