http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=140669

Сёньня – Міжнародны дзень перакладчыка

30.09.2010

30 верасьня, у дзень сьвятога Гераніма, які пераклаў Біблію з грэцкай мовы на лацінскую, перакладчыкі ўсяго сьвету адзначаюць сваё прафэсійнае сьвята. У1991 годзе ААН аб’явіла гэтую дату Міжнародным днём перакладчыкаў. У час глябалізацыі й інтэнсіўных кантактаў паміж культурамі гэтая прафэсія становіцца ўсё больш важнай.

Паэт і перакладчык Чэслаў Сэнюх шмат зрабіў для таго, каб беларускую культуру ведалі ў Польшчы. Ён пераклаў на польскую мову творы Якуба Коласа, Янкі Брыля, Сяргея Законнікава, Алеся Барскага, Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, Рыгора Барадуліна. Чэслаў Сэнюх займаецца ў асноўным перакладамі паэтычных твораў – бадай што, самай складаным відам перакладу. Як зазначае сам літаратар, самая цяжкая рэч – гэта ня столькі захаваньне рыфмы ці стылю аўтара, колькі перадача ўсёй глыбіні значэньня верша.

Ч. Сэнюх: Пераклад паэзіі – гэта вельмі цяжкая праца. Сыстэмы кожнай з моваў адрозьніваюцца адна ад адной. Значэньні словаў таксама адрозьніваюцца. А паэзія – яна заўсёды шматзначная, асабліва сучасная паэзія, якая насычаная вельмі глыбокімі значэньнямі ды інтэлектуалізмам. “Дакапацца” да таго самага істотнага значэньня слова й сказу часам бывае вельмі цяжка. Над гэтым трэба шмат працаваць. Напрыклад, над перакладам “Новай зямлі” Якуба Коласа я працаваў дзесяць гадоў.                     

Але пераклад – гэта толькі палова справы. Важна, каб перакладзены на іншую мову твор апублікавалі. А гэта здараецца далёка не заўсёды, канстатуе Чэслаў Сэнюх.

Ч. Сэнюх: Перакласьці верш – гэта адна справа. Зусім іншая – пабачыць перакладзены табой верш надрукаваным. Гэта самае галоўнае. Я пакуль яшчэ не дачакаўся нават выданьня на польскай мове й для польскага чытача коласаўскай “Новай зямлі”. Гэта сумная праўда пра час, у які мы жывем, і пра палітычную й культурную сыстэму, у якой мы знаходзімся.

Беларускі пісьменьнік Анатоль Бутэвіч займаецца перакладамі са шматлікіх славянскіх моваў, у тым ліку з польскай. Перакладаць з роднасных моваў далёка ня так лёгка, як падаецца на першы погляд, – кажа літаратар.

А. Бутэвіч: Мне вельмі цяжка перакладаць з польскай мовы, паколькі я паходжу з Заходняй Беларусі. Часта мне падаецца, што я ўжываю беларускае слова, а пазьней аказваецца, што яно насамрэч польскае. Прызнаюся, што на пераклад твора Элізы Ажэшкі “Над Нёманам” я патраціў сем гадоў. А на пераклад аўтабіяграфіі Багуслава Радзівіла патраціў яшчэ больш. Мне прыйшлося нават езьдзіць у Беласток і Варшаву на кансультацыі, бо  ў кнізе сустракалася гістарычная лексыкалёгія, якую самастойна перакласьці было немагчыма. 

Дзякуючы перакладчыцкай працы Анатоля Бутэвіча, на беларускай мове былі выдадзеныя “Салярыс” і “Прыгоды пілёта Піркса” знакамітага польскага фантаста Станіслава Лема, гістарычныя аповесьці Рышарда Курыльчыка “Славянскі сьвітанак” і “Нязломны з Назарэту”, а таксама кніга клясыка польскай літаратуры Элізы Ажэшкі “Над Нёманам”.
У Беларусі перакладаюць і публікуюць шмат польскіх аўтараў, тады як большасьці польскіх чытачоў беларуская літаратура застаецца невядомай – гаворыць Анатоль Бутэвіч.

А. Бутэвіч: Як ні дзіўна гэта можа падацца, але ў Беларусі выходзіць шмат польскіх кніг, якія выдаюцца нават за дзяржаўны кошт. Напрыклад, нядаўна выйшлі гістарычныя аповесьці Юзэфа Крашэўскага ў перакладзе Міхася Кенькі. На маю думку, мы перакладаем больш польскіх аўтараў, чым у Польшчы перакладаюць беларускіх. Ня толькі сучасная беларуская літаратура, але нават і клясыка ня ўся вядомая польскаму чытачу. Так што працэс павінен быць двухбаковым – мы павінныя перакладаць адзін аднаго, каб лепш ведаць.                  

Аднак, з сумных правілаў ёсьць і выключэньні: у гэтым годзе ў перакладзе на польскую мову выйшла дэтэктыўная аповесьць Наталкі Бабінай “Рыбін горад”. Перакладчык Малгажата Бухалік распавядае, чаму яна вырашыла надаць польскае гучаньне менавіта гэтай кнізе.

М. Бухалік: Як бы дзіўна гэта ні гучала, я выбрала кнігу Наталкі Бабінай зусім не таму, што яна беларуская. Шмат гадоў я прыглядалася да беларускай літаратуры, чакаючы, пакуль у ёй зьявіцца аповесьць, якая на роўных зможа канкураваць з добрымі расейскімі, брытанскімі, францускімі кнігамі. Першую такую кнігу я знайшла два гады таму – гэта быў “Горад сонца” Артура Клінава. А другую нядаўна – і гэта быў “Рыбін горад” Бабінай.

У сучасным сьвеце становіцца ня важна, зь якой краіны паходзіць аўтар. Важны сам твор. Таму тым, хто хоча папулярызаваць беларускія кнігі ў сьвеце, на мой погляд, ня трэба рабіць націск на тое, што яны паходзяць менавіта зь Беларусі. Гэта толькі замыкае іх ў пэўным гета, створаным нэгатыўнымі стэрэатыпамі краіны. Я б раіла выдаваць іх не камплексуючы – на роўных правах і з роўнай рызыкай з кнігамі ўсіх вялікіх і малых літаратураў.

Беларускі пісьменьнік Анатоль Бутэвіч паведаміў нам пра творы польскай літаратуры, якія беларускія чытачы змогуць хутка ўбачыць у беларускім перакладзе. У бліжэйшы час павінны выйсьці раман фантаста Станіслава Лема “Непераможаны”, а таксама аповесьць Элізы Ажэшкі “Gloria Victis”, у якім распавядаецца пра лёсы паўстанцаў 1863 году.

Аляксандар Папко