С. Богдан: Турцыя вельмі важная для беларускіх нацыянальных інтарэсаў
З 2 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Турцыі. Нягледзячы на працоўны фармат паездкі, кіраўнік Беларусі ўжо пасьпеў сустрэцца з прэм’ерам Турцыі Рэджыпам Таіпам Эрдаганам, прэзыдэнтам Абдулой Гюлем, а таксама канстантынопальскім патрыярхам Варфаламеем. На сустрэчах з турэцкімі палітыкамі Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў разьвіцьцё ўзаемнага гандлю й эканамічнай каапэрацыі, а таксама супрацоўніцтва краінаў на міжнароднай арэне.
Турцыя – гэта сямідзесяцімільённая краіна, эканоміка якой разьвіваецца вельмі хутка, а палітычнае значэньне няўхільна расьце. Анкара даўно зьяўляецца сябрам NATO і ўваходзіць у мытны саюз з Эўрапейскай супольнасьцю. Разам з тым расьце яе ўплыў на Блізкім Усходзе, а таксама на Каўказе. Супрацоўнік Інстытуту палітычных дасьледаваньняў “Палітычная сфэра” Сяргей Богдан называе ажыўленьне стасункаў з Турцыяй знакавай падзеяй у беларускай зьнешняй палітыцы:
С. Богдан: Візыт у Турэччыну безь перабольшваньня можна назваць знакавым. Беларускае тэлебачаньне, асьвятляючы паездку, зрабіла выгляд, што стасункі з Турцыяй заўсёды былі добрымі. Насамрэч, гэта няпраўда. Доўгі час узаемных кантактаў проста не было – і гэта быў выразны недахоп беларускай зьнешняй палітыкі ў Блізкаўсходнім рэгіёне. Менск кантактаваў з усімі суседзямі Турэччыны: ад Іраку да Ірану з Сырыяй, а Анкара з гэтага шэрагу выпадала. Цікавым парадоксам было тое, што бізнэс-кантакты й гандаль пасьпяхова пашыраліся без усялякай палітычнай падтрымкі.
Апошні раз Аляксандар Лукашэнка вёў перамовы з кіраўніцтвам Турцыі яшчэ ў далёкім 1996 годзе. Пасьля гэтага палітычныя стасункі з Анкарой былі амаль прыпыненыя, хоць бізнэс-кантакты па-ранейшаму актыўна разьвіваліся. Прычыну такога доўгага перарыву ў афіцыйных стасунках Сяргей Богдан бачыць у замарожваньні беларуска-эўрапейскіх адносінаў, якое назіралася ў той самы час:
С. Богдан: Турэцкі бок вёў актыўныяы перамовы наконт уваходжаньня ў Эўразьвяз, і яму былі зусім непатрэбныя дадатковыя праблемы ў выглядзе стасункаў зь дзяржавай, якая мела ня самую лепшую рэпутацыю ў Эўропе. Сёньня праблемы ў адносінах паміж Беларусьсю й Эўразьвязам амаль вырашаныя, таму Анкара ня бачыць нічога кепскага ў тым, каб ліквідаваць гэты прагал у сваёй зьнешняй палітыцы. Адпаведна, добрыя намеры Турэччыны сустракаюць пазытыўны водгук беларускага кіраўніцтва.
Збліжэньне з Турцыяй, а таксама яе суседзямі Грузіяй і Азэрбайджанам, вельмі важнае з пункту гледжаньня беларускіх нацыянальных інтарэсаў, - лічыць палітоляг Сяргей Богдан. У пэрспэктыве яно можа дапамагчы Беларусі атрымліваць нафту ня толькі з рэгіёну Касьпію, а нават і з Блізкага Ўсходу.
С. Богдан: Турэччына – гэта ключавы гулец у трох рэгіёнах: на Балканах і ў Паўднёвай Эўропе, на Блізкім Усходзе, а таксама ў Закаўказьзі. Беларусь патрабуе падтрымкі Анкары менавіта ў трэцім рэгіёне. Сёньня Менск актыўна шукае альтэрнатыўныя шляхі паставак энэрганосьбітаў і разьвівае супрацоўніцтва з Азэрбайджанам і Грузіяй. Без Турэччыны праекты паставак паліва будзе проста немагчыма рэалізаваць. Падтрымка Анкары дасьць Менску доступ ня толькі да запасаў Касьпію, але й іншых рэгіёнаў.
Беларускія прамыслоўцы спадзяюцца наладзіць у Турцыі прадпрыемствы па зборцы трактароў і грузавікоў. Сваю прадукцыю за Басфор зьбіраецца экспартаваць і БелАЗ. Аднак посьпех беларускіх прадпрыемстваў на турэцкім рынку будзе залежаць ад актыўнасьці й знаходлівасьці беларускіх мэнэджэраў, – лічыць Сяргей Богдан.
С. Богдан: Беларусы павінны быць гнуткімі й гатовымі да інавацыяў. Нашыя тавары ня будуць купляць, калі мы будзем намагацца ва ўсіх краінах прадаваць адное й тое ж паводле аднолькавых схэмаў. Трэба дастасававаць прадукцыю ды схэму яе распаўсюджваньня да патрэбаў менавіта турэцкага рынку.
Беларусь, на жаль, адчувае востры недахоп спэцыялістаў, якія могуць наладзіць збыт прадукцыі ў краінах далёкага замежжа. Беларускім мэнэджэрам і дыпляматам цяжка працаваць на дынамічных, інтэграваных з Эўропай і ЗША рынках, дзе пануе жорсткая канкурэнцыя. Менавіта такім рынкам зьяўляецца турэцкі, – канстатуе Сяргей Богдан.
Аляксандар Папко