http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=140975

Гістарычныя беларускія межы ў ацэнцы эміграцыі - 6

07.10.2010

Пры дасьледаваньні беларуска-балцкага моўнага памежжа ды ролі балцкага этнічнага субстрату ў этнагенэзе беларускага народу трэба памятаць, што існуюць ня дзьве, але тры балцкія мовы; летувіская, латыская й латгальская ды адпаведна тры народы. „Усьведамляючы, што не латышы, але толькі латгальцы былі ад дагістарычных часоў беспасярэднімі суседзямі беларусаў, можна загадзя сказаць, што латыскіх элемэнтаў у мове беларускай няма, бо ў суседзтве з латышамі беларусы ніколі не жылі. Таму таксама на аснове латгальскае, а не латыскае мовы трэба выясьняць і той ці іншы тапанімічны ці гідранімічны назоў на беларускім прылатгальскім узьмежжы разглядаючы магчымае балцкае яго паходжаньне” (Андрэй Багровіч, Латгальцы – спрадвечныя суседзі, ,,Запісы”, Гью-Ёрк 1976, № 14, с. 74).

У артыкуле Ю. Верашчакі (псэўданім Вацлава Ластоўскага) Аб найменьнях ,Гуды’, ,Крывічы’ ,Русь’ першым „разглядаецца назоў ГУДАЙ, якім аж да нашых дзён Беларусаў называюць суседзі Лятувісы. Далей ідуць разважаньні пра назоў КРЭВУ, якім таксама аж да сяньня, называюць Беларусаў Латышы. Пасьля гэтага аўтар прыводзіць розныя летапісныя весткі, пачынаючы ад сьветчаньняў Нестаравай „Повести временных лет”, што датычыць да зьяўленьня й да пашырэньня на землях Беларусі назоваў РУСЬ, РУСКІ” (Рыгор Максімовіч, Гістарычная канцэпцыя Вацлава Ластоўскага, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 53).

 Ва ўсходніх славянаў ніколі не было такога супольнага пэрыяду, каб можна было гаварыць пра старарускую народнасьць – заўважыў на старонках „Запісаў” Андрэй Багровіч (А. Багровіч, М.Я. Гринблат. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. АН БССР. Минск, 1968, 288 б.. у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 130-134). Дык „стараруская народнасьць” XІ-XІІІ стагодзьдзяў ня факт гісторыі, але габінэтны твор ідэялёгаў вялікадзяржаўя” (тамсама, с. 132) – адзначыў аўтар публікацыі ў рэцэнзіі працы М.Я. Грынблата пад назовам Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. Па яго словах, М. Грынблат не дацаніў ролі уграфінскага субстрату ў станаўленьні расейскай народнасьці ды балцкага субстрату ў этнагенэзе беларускага народу. Адзначыў ён толькі, што славянізацыя балцкіх плямёнаў, якія жылі ў старажытнасьці на паўночным захадзе і ў сярэдняй паласе цяперашняй тэрыторыі Беларусі, зьяўляецца фактам агульнапрынятым у гістарычнай навуцы. „Канкрэтная вартасьць кніжкі Грынблата – піша А. Багровіч – абмежаваная да збору й пераліку – далёкага няпоўнага ды аднабаковага – зьяваў і фактаў з галіны беларускае этнаграфіі. Карысная яна й як наглядны прыклад спосабу, якім савецкі аўтар намагаецца ўбудаваць канкрэтныя факты беларускае гісторыі ў супярэчныя ім схэмы сучаснае партыйнае гістарыяграфіі" (тамсама, с. 133) – адзначыў беларускі эміграцыйны дасьледнік.

Усходнім беларуска-расейскім памежжам заняўся Андрэй Багровіч. Беручы пад увагу ўсе лінгвагеаграфічныя апрацоўкі, беларускі эміграцыйны дасьледнік адзначыў, што: „На этнаграфічных і моўных картах расейскіх навукоўцаў, пачынаючы ад „Этнаграфічнае карты эўрапэйскае Расеі” Рыттыха 1875 году (А. Ф. Риттих, Этнографическая карта европейской России, Санкт-Петербург 1875), Смаленск і Смаленшчына, заходняя Браншчына, Невельшчына й паўдзённыя часткі Пскоўшчыны адзначаюцца як тэрыторыі бясспрэчна беларускія. Гэтак ёсьць на картах Карскага з 1903 (Е. Ф. Карский, Белоруссы, т. І, Варшава 1903), 19017 ды іншых гадоў (Е. Ф. Карский, Этнографическая карта белорусского племени. Труды Комиссии по изучению племенного состава населения России, Петроград 1917. Карта гэтая была перавыдадзеная ў гадох 1918, 1920, 1921), на карце Маскоўскае Дыялекталягічнае Камісіі 1915 году (Н. Н. Дурново, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков, Опыт диалектологической карты русского языка в Европе, с приложением очерка русской диалектологии. Труды Московской Диалектологической Комиссии, ч. V, Москва 1915), на паваенных цяперашніх картах расейскіх моваведаў: Аванесава з 1949 (Р. И. Аванесов, Очерки русской диалектологии, ч. І, Москва 1949), Черных (П. Я. Черных, Историческая грамматика русского языка, Москва 1954) і Кузняцова (П. С. Кузнецов, Русская диалектология, Москва 1954, 1960) з 1954 і пазьнейшых гадоў. Тэрыторыі гэтыя былі таксама адзначаныя як беларускія пастановаю І-га зьезду Камуністычнае Партыі (бальшавікоў) Беларусі з 30 сьнежня 1918 году аб межах Беларускае савецкае рэспублікі. У параграфе 4-м гэтае пастановы гаворыцца, што ў склад Беларускае рэспублікі мае ўходзіць Смаленскі «раён» разам з падраёнамі Смаленскім, Бельскім, Духаўшчынскім, Парэцкім, (Дзямідаўскім), Дарагабускім, Ельнінскім, Красінскім і Рослаўскім; «раён» Гомельскі з падраёнамі Сураскім,  Мглінскім, Старадубскім; «раён» Віцебскі з падраёнамі Вяліскім, Невельскім і Себежскім (Из истории установления советской власти в Белоруссии и образовании БССР. Документы и материалы по истории Белоруссии, т. ІV, Минск 1954, с. 446-447). Вось усе гэтыя «падраёны» свае-ж «саюзнае» Беларускае рэспублікі Масква пазьней забрала й далучыла да Расейскае РФСР” (Андрэй Багровіч, Жыхарства Беларускае ССР у сьвятле перапісу 1959 году, у: „Запісы”, кн. 1, Мюнхэн 1962, с. 75-76).

Ніна Баршчэўская