http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=141013

Весткі культуры

06.10.2010

Сьпіс Сусьветнай спадчыны UNESCO ў 2011 годзе могуць пашырыць яшчэ некалькі беларускіх аб'ектаў, - паведаміў сёньня намесьнік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш.

У яго прапануецца ўключыць Спаса-Прэабражэнскую царкву й Сафійскі сабор у Полацку як матэрыяльнае ўвасабленьне духоўнай спадчыны сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, драўлянае дойлідзтва беларускага Палесься, а таксама Аўгустоўскі канал.

У Беларусі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю UNESCO прызнаныя звыш 4,9 тыс. аб'ектаў, зь іх чатыры лічацца сусьветнай спадчынай – гэта Мірскі замак, архітэктурна-культурны комплекс роду Радзівілаў у Нясьвіжы, геадэзічная дуга “Струвэ” й Белавеская пушча.

59 чалавек з Польшчы й замежжа возьмуць удзел у Міжнародным кункурсе ведаў “Усё пра Шапэна”, які 16 і 17-га кастрычніка пройдзе ў Катавіцэ.

Конкурс будзе праходзіць у трох частках. Два першыя этапы - пісьмовы тэст. Трэці этап – вусны, ён пройдзе 17-га катрычніка ў катавіцкім спартыўным комплексе. У фінал увойдуць 10 чалавек.

Падчас конкурсу яго ўдзельнікі пабачаць фільмы пра Шапэна, кінахроніку шапэнаўскіх канцэртаў і конкурсы слынных піяністаў. Пераможца конкурсу атрымае 35 тыс. злотых, гэта каля 10 тыс. даляраў. За другое месца – 10 тыс. злотых, трэцяе – 5 тыс. злотых.

Апрача фінансавых узнагарод, трое фіналістаў будуць запрошаныя ў Варшаву на XVI Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна.

Конкурс “Усё пра Шапэна” – гэта ініцыятыва Нацыянальнага сымфанічнага аркестра Польскага радыё.

Найбуйнейшы ў сьвеце кніжны кірмаш Frankfurter Buchmesse ўрачыста адкрыўся ў аўторак у Франкфурце-на-Майне ў 62-ы раз. Сёлета ганаровым госьцем кірмашу зьяўляецца Аргентына.

У экспазыцыі прадстаўлены каля 7,5 тысячы ўдзельнікаў з больш чым 100 краін, выстава пройдзе з 6 па 10 кастрычніка. Самыя буйныя стэнды ў гэтым годзе выстаўляюць Нямеччына, Вялікабрытанія й ЗША. Агул выставачных плошчаў складае 172 тысячы квадратных мэтраў.

Сярод экспанатаў выставы - кнігі, газэты, часопісы, геаграфічныя карты й атласы, календары й коміксы, а таксама кнігі на электронных носьбітах. Іх агульная колькасьць - 310 тысяч.

Традыцыя кніжнага кірмашу ў Франкфурце сягае да XV стагодзьдзя, калі Ёган Гутэнбэрг вынайшаў кнігадрукаваньне.

У 2010 годзе за працай кірмашу можна сачыць на яго блёгу ў інтэрнэце, а таксама ў сетцы Facebook.

Напярэдадні абвяшчэньня ў Стакгольме сёлетняй Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры ў букмекераў вырысоўваюцца магчымыя пераможцы. Першае месца як найбольш пэўны кандыдат займае швэд Томас Транстрэмэр. Швэдзкі паэт штогод дае Швэцыі надзею на Нобэлеўскую прэмію.

На другім месцы апынуўся пісьменьнік з Кэніі Нгугі Ва Тхіёнга. Ён можа стаць першым ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі, які піша на афрыканскай мове – кікую. Гэта мова найбуйнейшага кэнійскага племя. Кнігі Тхіёнга перакладаюцца на 30 моваў.

На трэцім месцы фігуруе Харукі Муракамі – японскі празаік. За ім ідзе паўднёвакарэйскі паэт Ко Ун, а на пятым месцы – арабскі паэт Адоніс, які паходзіць з Сырыі, а жыве ў Францыі.

Польскі паэт Адам Загаеўскі знаходзіцца на 7 месцы ў рэйтынгу букмекераў. Цэлы сьпіс складваецца з 73 прозьвішчаў.


Скульптура „Сэрца Шапэна” была адчыненая ў аўторак з нагоды пачатку навучальнага году ў Музычным унівэрсытэце імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве. Скульптуру ўрачыста адкрыла жонка прэзыдэнта Польшчы Анна Камароўская.

Унівэрсытэт атрымаў скульптуру ў падарунак ад мастака Максыміліяна Біскупскага. Гэта першая з цыклю 14 сымбалічных скульптураў, замоўленых у рамках праекту „Fryderyk Chopin Polonia In Memorial”. Мэта праекту - ушанаваньне жыцьця й творчасьці кампазытара.

„Сэрца Шапэна ляжыць недалёка ад гэтага месца – у базыліцы сьвятога Крыжа. А тут яго сэрца б’ецца пастаянна”, - казаў падчас урачыстасьці аўтар скульптуры Максыміліян Біскупскі.

Дакумэнтальны фільм Юрыя Каліны „Шанец на новае жыцьцё”, зьняты для тэлеканалу „Белсат”, будзе прымаць удзел у конкурсе VІІ Міжнароднага фэстывалю мастацтва рэпартажу „CAMERA OBSCURA–2010” у польскім г. Быдгашч.
 
Фільм распавядае пра царкву „Новае жыцьцё”, пра змаганьне яе вернікаў за права на існаваньне. Героі фільму, вернікі царквы „Новае жыцьцё”, пераважна інтэлігенцыя й моладзь, таксама людзі, жыцьцё якіх было складаным. Раней яны былі алькаголікамі, наркаманамі, бяздомнымі, але цяпер, дзякуючы хрысьціянскай супольнасьці, яны наноў знайшлі сябе й пачалі нармальнае жыцьцё.

Аўтар фільму, Юры Каліна, польскі тэлежурналіст і рэжысэр, беларус па паходжаньні, аўтар шматлікіх дакумэнтальных фільмаў і рэпартажаў, якія няраз удзельнічалі ў міжнародных кінафэстывалях. Сярод узнагароджаных стужак – „Ад голаду й мору”, „Чарнобыльцы”, „Партызанская школа”, „Апошні дыктатар Эўропы”, „Пагоня за праўдаю”.
 
Сёлетні фэстываль „CAMERA OBSCURA–2010” будзе прысьвечаны ролі ваеннага карэспандэнта ды ідэі грамадзянскай журналістыкі. Ён адбудзецца 20–23 кастрычніка ў Быдгашчы.