http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=141066

НАВУКА Й ТЭХНІКА

07.10.2010

Працягваецца нобэлеўскі тыдзень

Нобэлеўскую прэмію па мэдыцыне й фізіялёгіі прысудзілі брытанцу Робэрту Эдвардсу за досьледы ў галіне эмбрыялёгіі.

Нобэлеўскі камітэт пры Каралінскім інстытуце Стакгольму ўганараваў дасягненьні Эдвардса, які распрацаваў мэтад штучнага апладненьня

Ляўрэатамі ў галіне фізыкі сталі выхадцы з Расеі – грамадзянін Нідэрляндаў Андрэй Гейм і Канстанцін Навасёлаў – грамадзянін Расеі й Вялікабрытаніі.

Прэмія прысуджаная за адкрыцьцё графэну – звыштонкага й вельмі трывалага правадніка шырынёю за адзін атам. Мяркуецца, што графэн адыграе вялікую ролю ў электроніцы.

Нобэлеўскую прэмію ў галіне хіміі атрымалі Рычард Гек, Эйіці Нагісі й Акіра Сузукі за працы па стварэньню паладыевых каталізатараў у арганічным сынтэзе.

Каталізатары з мэталу паладыю дапамагаюць у працяканьні рэакцый па стварэньні сувязяў паміж вуглевадародамі. Каталізатар садзейнічае шматразоваму паскарэньню вялікай колькасьці рэакцый, якія шырока выкарыстоўваюцца для сынтэзу многіх арганічных рэчываў. У сваю чаргу гэтыя рэчывы прымяняюцца ў электроніцы альбо сельскай гаспадарцы. Імёнамі ляўрэатаў названыя важнейшыя рэакцыі, у якіх задзейнічаны паладыевы каталізатар.


ADHD: ёсьць доказ, што вінаватыя гены

Гэта ня дрэннае выхаваньне, але пэўныя варыянты ДНК адказваюць за сындром дэфіцыту ўвагі й гіпэрактыўнасьць, інакш хваробу СДУГ (ADHD - Attention Deficit Hyperactivity Disorder).

Вынікі дасьледаваньняў навукоўцаў з брытанскага Cardiff University публікуе часопіс „The Lancet”.

„Вынікі дасьледаваньняў тым больш важныя, што зьяўляюцца першым непасрэдным доказам сувязі між СДУГ і генэтычнымі паказчыкамі” – камэнтуе прафэсар Аніта Тапэр (Anita Thapar), якая кіравала групай навукоўцаў.

Вынікі працы адмыслоўцаў могуць прычыніцца да абвяржэньня міфу, што СДУГ гэта не хвароба, а проста наступства дрэннага выхаваньня.

У дасьледаваньнях удзельнічала больш за 1 тысяча здаровых і каля 400 хворых дзяцей. Аказалася, што ў апошняй групе пэўныя варыянты генаў выступаюць удвая часьцей, чым у здаровых дзяцей. Гаворка ідзе пра фрагмэнты ДНК, якія зьвязаныя з разьвіцьцём мозгу. Іхную адсутнасьць альбо падвойную колькасьць навукоўцы заўважылі ў 7% здаровых і 15% хворых дзяцей.

Ужо раней прысутнасьць варыянтаў згаданых генаў навукоўцы спалучалі з выступленьнем аўтызму й шызафрэніі. Такім чынам, навукоўцы ўсё больш упэўненыя, што СДУГ - гэта няправільнасьць разьвіцьця нэрвовай сыстэмы.

Ня ўсе навукоўцы аднолькава аптымістычна ставяцца да вынікаў працы брытанцаў. Паводле некаторых, калі гаворка ідзе пра прычыны сындрому ня менш важныя ўмовы асяродзьдзя, у якім дзіця выхоўваецца. Яны зьвяртаюць таксама ўвагу на тое, што „вінаватыя” варыянты генаў выступалі не ва ўсіх выпадках хворых дзяцей. Дык што ж прычынілася да захварэньня апошніх!?

Сындром дэфіцыту ўвагі й гіпэрактыўнасьць зьяўляецца адной з найчасьцей выступаючых псыхічных хваробаў дзіцячага ўзросту. Яна закранае 3-5% дзяцей.

Паховіны ў тысячах залатых лістоў

Нязвычайную грабніцу, якой амаль 2 700 гадоў, знайшлі грэцкія навукоўцы на Крыце.

Знаходку адкрыла група спэцыялістаў пад кіраўніцтвам прафэсар Нікаляаса Стамбалідэса (Nikolaos Stambolides) з Унівэрсытэту Крыта. На старадаўніх могілках у паўднёвай частцы выспы у VІІ стагодзьдзі да н.э. былі пахаваныя двое людзей: жанчына й мужчына. На плашчаніцу, у якую былі абвінутыя іхныя целы, былі нашытыя 3 тысячы залатых лістоў (паводле ўступных падлікаў археолягаў).

Фрагмэнты плашчаніцы дасьледуюцца ў лябараторыі, каб праверыць матэрыял, зь якога яна была зробленая. Неўзабаве будуць вядомыя вынікі аналізу ДНК парэшткаў. Навукоўцы хочуць праверыць, ці пара была параднёная.

У грабніцы былі зьмешчаныя многія каштоўныя рэчы. Але асаблівую ўвагу навукоўца зьвярнула фігурка з галавой жанчыны й целам пчалы.

Паводле спэцыялістаў, гэта першая знаходка настолькі каштоўных магільных падарункаў з таго часу.


Завяршаецца кліматычны саміт у Кітаі

У кітайскім горадзе Цяньцзінь (Tiencin) пачаўся саміт ААН па кліматычных зьменах. Праходзячы тур перамоваў павінен падрыхтаваць удзельнікаў да асноўнай сустрэчы ў Мэксыцы.

Кітай упершыню зьяўляецца прымаючым бокам гэткага саміту. Ягоная мэта - абмеркаваньне зьместу новага пагадненьня па абмежаваньні выкіду цяплічных газаў у атмасфэру. На падрыхтаванай у Кітаі вэрсіі дамовы будуць дэбатаваць удзельнікі мэксыканскай сустрэчы, якая яшчэ сёлета пройдзе ў горадзе Канкун.

Кітай выпускае найбольшы цяплічных газаў у сьвеце й адыгрывае асноўную ролю ў гэтым пытаньні. Па меры эканамічнага разьвіцьця Паднябесная патрабуе больш электраэнэргіі. Тым часам энэргертычная прамысловасьць у згаданай краіне базуецца галоўным чынам на вугалі, у выніку спальваньня якога ўтвараецца шмат выкідаў. Саміт завершыцца напрыканцы тыдня.


А.З.

Здымкі: pl.wikipedia.org