http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=141193

Запрашаем у Польшчу - Бяшчады

08.10.2010


Восень - гэта такая пара, калі ўжо не паляжыш на пляжы, ды й на гаралыжны спорт яшчэ ранавата. Таму адпаведным заняткам у восеньскія дні, пры ўмове, што ня ідзе дождж, зьяўляюцца прагулкі, пешыя, роварныя, а нават конныя. Ёсьць у Польшчы такое месца, вельмі адпаведнае на такі від актыўнага адпачынку – гэта Бяшчады. Бяшчады знаходзяцца на паўднёвым усходзе Польшчы й зьяўляюцца зьнешняй часткай  Карпатаў. Бяшчады праходзяць праз тэрыторыу Польшчы, Славакіі й Украіны.

Сама назва горнага масыву мае цікавае паходжаньне - ад словаў славянскага паходжаньня „бесы” й „чады”, што ў выніку й дало Бяшчады. Дарэчы, магічных месцаў у тым рэгіёне даволі шмат.

У Бяшчадах няма вялікай прамысловасьці, няма вялікіх мэтраполіяў ці замежных інвэстыцыяў. Навокал цішыня й прыгажосьць. Мясцовае насельніцтва зь невялікіх мястэчак і вёсак жыве з агратурыстыкі.

Менавіта цішыня й маляўнічыя пэйзажы прывабліваюць у Бяшчады мастакоў і іншых творцаў.  Паколькі ў Бяшчадах захаваліся сапраўдныя букавыя лясы, гэтыя тэрыторыі зьяўляюцца сапраўдным раем для  дзікіх жывёлаў. Менавіта там захаваліся яшчэ зубры, алені, мядзьведзі ці рысі. У асноўным жывуць яны ў Бяшчадзкім нацыянальным парку, заснаваным яшчэ ў 1973 годзе.

На гэтых тэрыторыях па сёньняшні дзень пражываюць прадстаўнікі нацыянальных і этнічных меншасьцяў: лэмкі, бойкі ці карпацкія русіны. Таму гэты рэгіён мае свой калярыт. Мае ён і сваю спэцыфічную архітэктуры: драўляныя дамы, цэркаўкі з прыгожымі макаўкамі ці касьцёлы -  усё зроблена з матэрыялаў, якія дала прырода.

Бяшчады - гэта дасканалае месца для самотных вандровак, падчас якіх сам на сам з натурай можна паразважаць на жыцьцёвыя тэмы й адпачыць ад гарадзкога шуму. А восеньню ўсё апранута ў жоўта- чырвоную вопратку, якую дараць дрэвы. Падабаецца, тады запрашаем у Бяшчады.


КР