http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=141413

Яраслаў Раманчук сустракаецца з вышэйшым кіраўніцтвам Польшчы

12.10.2010

Кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі Яраслаў Раманчук прыехаў зь візытам у Варшаву. У панядзелак ён сустрэўся са сьпікерам польскага Сэнату Богданам Барусевічам, удзельнічаў у прэсавай канфэрэнцыі, а таксама выступіў у прамым эфіры на польскім тэлеканале TVN 24.  У Варшаўскім унівэрсытэце адбылося адкрытае спатканьне з кандыдатам у прэзыдэнты. На ім прысутнічаў наш карэспандэнт Аляксандар Папко. 

Сустрэча была прысьвечаная перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі. Яраслаў Раманчук тлумачыў, што эканамічнае й палітычнае становішча краіны вельмі зьмянілася з 2006 году. Па-першае, рэальны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўпаў да рэкордна нізкай адзнакі – 33%, па-другое, велізарныя эканамічныя датацыі Расеі скончыліся, гэта прывяло да эканамічнага спаду, а Лукашэнка страціў палітычную падтрымку Крамля. Па-трэцяе, паведаміў Яраслаў Раманчук, у Беларусі значна вырасла колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў – людзей, якія маюць доступ да незалежнай інфармацыі й кантактуюцца паміж сабой. 

Як паведаміў Яраслаў Раманчук, у сёньняшняй Беларусі толькі 25% хочуць палітычных рэформаў, затое больш за 40% хочуць пераменаў эканамічных. Менавіта таму кандыдатам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі стаў эканаміст Яраслаў Раманчук. Стратэгія перамогі простая, -  кажа спадар Раманчук. Паколькі Лукашэнка сёньня ніяк ня можа набраць 50% галасоў, людзі павінны зрабіць свой выбар і абараніць яго на вуліцах Менску.

Я. Раманчук: Перш за ўсё, трэба змабілізаваць людзей і сабраць 100 тысяч подпісаў. Разам з тым мы павінны паінфармаваць як мага больш людзей пра нашу праграму, пераканаць іх, што нашай мэтай зьяўляецца не разбурэньне. Мы хочам збудаваць новае, захоўваючы ўсё лепшае са старога. Трэба пераканаць усе дэмакратычныя сілы працаваць на адзін сцэнар. А сцэнар вельмі просты – мабілізаваць людзей, каб яны прыйшлі й прагаласавалі, а затым абаранілі свой выбар на Плошчы.

Яраслаў Раманчук перакананы, што супрацьстаяць Лукашэнку павінен адзіны кандыдат ад апазыцыі. Эканаміст гатовы стаць кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў, але можа нават зьняцца, калі хтосьці будзе аб’ектыўна лепшы за яго.

Я. Раманчук: Я лічу, што ўсім дэмакратычным кандыдатам, якія будуць зарэгістраваныя Цэнтрвыбаркамам, трэба сабрацца й выбраць адзінага апанэнта Лукашэнкі. На мой погляд, я найлепш з усіх змагу скансалідаваць усе сацыяльныя групы нашага грамадзтва. Аднак, калі іншыя людзі пераканаюць нашую каманду ў тым, што яны лепшыя й хутчэй давядуць да перамогі, я гатовы далучыцца й стаць сябрам іх каманды.

Падчас сустрэчы Яраслаў Раманчук заявіў, што цяперашні прэзыдэнт Беларусі прэзэнтуе сябе як адзінага абаронцу незалежнасьці краіны. Аднак у рэчаіснасьці Лукашэнка – гэта адзіны пракрамлёўскі кандыдат. Створаная ім гаспадарчая й палітычная мадэль проста ня ў стане выжыць без падтрымкі Расеі. Яраслаў Раманчук хоча збудаваць жыцьцяздольную гаспадарку, дзе б на аднолькавых умовах прысутнічаў як эўрапейскі, так і расейскі бізнэс. У інтэрвію Польскаму радыё кандыдат прадставіў сваё бачаньне стасункаў з Масквою.

Я. Раманчук: Мы хочам весьці з Расеяй вельмі адкрытыя перамовы. Мы прапануем ёй зону вольнага гандлю. Трэба адкрыта сказаць, што ні Мытны зьвяз, ні саюзная дзяржава не зьяўляюцца рэалістычнымі праектамі. Яны толькі пашыраюць канфлікты, таму трэба ад іх адмовіцца і, як прыстала добрым эўрапейскім суседзям, мірна гандляваць, езьдзіць адзін да аднаго бязь візаў. Таксама нам усім трэба адмовіцца ад алігархічных манаполіяў і будаваць дэмакратыю, апорай якой зьяўляецца актыўная грамадзянская супольнасьць.

У аўторак 12 кастрычніка Яраслаў Раманчук выступіў у эфіры папулярнай польскай радыёстанцыі TOK FM. На другую палову дня заплянаваныя яго сустрэчы зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Аляксандар Папко