http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=141535

33 гарнякі з чылійскай шахты выратаваныя

14.10.2010

33 гарнякі з чылійскай шахты золата й медзі выратаваныя. Пасьля праведзеных пад зямлёй 69 дзён сёньня ўначы яны ўпершыню за доўгі час змаглі прытуліцца да родных і блізкіх. За ратавальнай акцыяй на поўначы чылійскай пустэльні сачылі ў прамым эфіры мільёны людзей. На паверхні гарнякоў вітаў прэзыдэнт краіны Сэбаст’ян Піньера.

Выратавальная апэрацыя працягвалася карацей, чым першапачаткова плянавалася. Усё разам трывала каля 24 гадзін. Шахцёры, якія два месяцы правялі пад зямлёю, выязджалі з шахты ў адмысловай капсуле адзін за адным. На паверхні іх чакалі сем’і й блізкія. Ратавальную акцыю асьвятлялі журналісты з 40-а краінаў. У капсуле, у якой гарнякоў падымалі наверх, быў балон з кіслародам ды датчыкі працы сэрца, на выпадак, калі б камусьці стала дрэнна.

Мужчыны, якія 69 дзён знаходзіліся больш як 620 мэтраў пад зямлёю, пасьля сустрэчы з блізкімі траплялі пад апеку лекараў у палявым шпіталі. Пасьля гэтага іх на верталётах перавозілі ў іншы шпіталь, дзе яны праходзілі спэцыяльнае абсьледаваньне.

У аднаго з гарнякоў выявілі запаленьне лёгкіх і прызначалі лячэньне антыбіётыкамі. Чарговыя два павінны будуць прайсьці сур’ёзныя стаматалягічныя апэрацыі пад наркозам.

Самы малады з гарнякоў – гэта 19-гадовы Джымі Санчэс, а найстарэйшы – 63-гадовы Марыё Гомэз, які, дарэчы, пачаў працаваць шахцёрам з 12 гадоў. Другім гарняком, які трапіў на паверхню, быў Марыё Сэпульвэда.

М. Сэпульвэда: Я быў з Богам і з д’яблам. Яны абодва змагаліся за мяне, але Бог перамог.

Сэпульвэда папрасіў чылійцаў, каб яны не ўспрымалі выратаваных шахцёраў як зорак. “Я хачу быць звычайным Марыё Сэпульвэда, рабочым і шахцёрам” – сказаў ён.

Сем’і шахцёраў не хавалі радасьці ад сустрэчы з блізкімі. Было шмат сьлёз, абдымкаў, але няшмат слоў. Людзі цешыліся ад сустрэчы са сваімі роднымі. Гаворыць жонка аднаго з шыхцёраў.

Жанчына: Гэта вялікае шчасьце. Ад імя сям’і шахцёра – дзякуй Богу за тое, што сталася.

Апошнім шахту пакінуў 54-гадовы брыгадзір Луіс Урсуа.

Л. Урсуа: Дзякуй усім, хто працаваў, каб нас выратаваць, чый высілак дапамог пасьпяхова завершыць гэтую акцыю. Прывітаньне ўсім маім выратаваным калегам і іх сем’ям! Дзякуй!

Прэзыдэнт Чылі Сэбаст’ян Піньера сказаў, што шахцёры ў Сан-Хасэ далі ўсяму сьвету прыклад нязломнасьці характару й надзеі. “У безвыходнай сытуацыі яны паказалі сваю моц,” – заявіў Піньера.

С. Піньера: Гэта вынік ахвярнасьці, супольнай працы. Гарнякі далі нам прыклад неверагоднай веры, даверу й жаданьня змагацца за сваё жыцьцё.

Прэзыдэнт Чылі таксама зазначыў, што пасьпяховая акцыя ў Сан-Хасэ дала чылійцам надзею, што іх краіна будзе ісьці наперад больш упэўнена й хутка.

С. Піньера: Я ўпэўнены, што Чылі цяпер больш паважаюць у сьвеце. Але мы прымаем гэты посьпех з пакорлівасьцю, бо мы ведаем, што нам яшчэ трэба шмат што зрабіць. Мы будзем працаваць далей. Перад намі яшчэ шмат выклікаў: мы хочам быць першай краінай Лацінскай Амэрыкі, якая здолее пазбыцца галечы. Мы мусім рабіць гэта разам, таксама, як разам праводзілі гэтую ратавальную акцыю. Я спадзяюся, што цяпер людзі ва ўсім сьвеце, калі пачуюць назву Чылі, ня будуць больш узгадваць пераваротаў і дыктатуры, а запамятаюць тое, што сталася сёньня. Гэта прыклад для ўсяго сьвету.

За апэрацыяй сачыў ня толькі чылійскі прэзыдэнт. Каля шахты знаходзіўся й балівійскі лідар Эва Маралес, які асабіста прывітаў свайго земляка, што працаваў на чылійскай шахце.

Як паведамлялася, калідор шахты горная парода засыпала 5 жніўня. Кантакт з шахцёрамі ўдалося ўсталяваць пасьля двух тыдняў. У гісторыі горнай прамысловасьці яшчэ ніколі не было выпадку, каб людзі знаходзіліся пад зямлёю столькі часу.

Дзьмітры Гурневіч